Язык мой – вораг мой…

Ці часта вам даводзілася пераконвацца ў справядлівасці вышэй прыведзенага выказвання? І сапраўды, калі-нікалі такое сарвецца з языка, што выбухне бомбай і выклікае агрэсію, злосць, крыўду і нават нянавісць у тых, хто гэта пачуў.

Хаця часта той, хто сказаў не падумаўшы, і сам не чакаў такой рэакцыі. Нездарма ёсць працяг у гэтага афарызма: язык мой – вораг мой, наперадзе розуму майго блукае. Гэтыя словы я прачытала ў пісьменніка М. Зошчанкі, які як ніхто іншы ўмее востра карыстацца словам і без ужывання негатыўнай лексікі можа трапна высмеяць, выкрыць і вербальнымі сродкамі “даць пад дых” бездухоўным асобам.

А простым абывацелям лягчэй за ўсё назваць рэальнасць, якая іх не задавальняе, так званым “крэпкім слоўцам” ці “перамыць костачкі” таму, хто не падабаецца. А вось навукоўцы, прынамсі журналісты “Медыцынскага весніка”, лічаць, што мат і падобная негатыўная лексіка могуць выклікаць розныя хваробы і нават смерць. Такое ж уздзеянне на чалавека аказваюць і тыя словы, што мы не лічым матнымі, напрыклад, блін. Усё гэта пацверджана многімі даследаваннямі.

А яшчэ эксперыменты паказалі, што мат змяняе мікраклімат вакол чалавека, калі ў замкнёнай прасторы ўзнікаюць негатыўныя электрамагнітныя хваляванні, якія выклікаюць у людзей пачуццё занепакоенасці, страху і могуць стаць прычынай стрэсаў, дэпрэсій і нават нервова-псіхічных захворванняў. Зафіксаваны выпадкі, калі ў кватэры, дзе часта ўжываюць матныя словы, адбываліся такія з’явы, якія звычайна звязваюць са з’яўленнем нячысціка.

Каб не пісаць далей навуковы трактат аб шкоднасці нядобрых слоў, скажу проста: і народная, і медыцынская думкі ў гэтым выпадку супалі. Мат шкодны. І не трэба апраўдваць сябе тым, што вымаўленне “крэпкіх” слоў працэс падсвядомы: ім трэба навучыцца кіраваць. А гэта (праверана на сабе) аказваецца зусім нялёгка…

І ўсё ж у многіх выпадках, калі хочацца ўжыць так званую ненарматыўную лексіку, варта ўспомніць яшчэ адно вядомае выказванне (не памятаю, чыё): “Інтэлігентны чалавек – гэта не той, які, наступіўшы на кошку, выгукне “Б…!”, а той, хто вінавата скажа: “Ой, кошка!”

Пра вёску, якая жыве і памірае

Не буду ўказваць назву вёскі, бо такіх у нашым раёне набярэцца нямала. Тэндэнцыі развіцця ў іх аднолькавыя: карэнных жыхароў становіцца ўсё менш, а дачнікаў – усё больш. Чаму? Тут шмат прычын.
Але бывае, што карціны, якія назіраеш у такіх населеных пунктах, радуюць, а бывае – вельмі засмучаюць. Хочацца, каб апошніх было ўсё ж менш…
Дык вось, радасны пейзаж. Даўно тут нарадзіўся, увесь час жыў адзін сталы гаспадар са сваёю гаспадыняй. А дзеці? Яны раз’ехаліся ў вялікія гарады. Хто выйшаў замуж, а хто так і не ажаніўся (маці ў свой час не згадзілася з выбарам сына – ён і застаўся бабылём).
Радасная гэтая карцінка таму, што гаспадарчы ўклад сям’і – сапраўдны, беларускі. Усё ў Міхася ёсць – і хата, і лазня, і сельскагаспадарчая тэхніка (нездарма прапрацаваў усё жыццё ў калгасе трактарыстам). І карову трымаюць добрыя людзі, якім хутка ўжо восемдзесят. І пчол даглядаюць. І агарод у іх такі – што не кожны малады вырасціць. 
Працуюць яны і не спыняюцца, а яшчэ дапамагаюць апрацаваць надзелы маладзейшым гаспадарам. Гэта аснова сучаснай вёскі. Шкада толькі, што ўнукі і дзеці прыязджаюць толькі пагасціць, а не перанімаюць бацькоўскую спадчыну…
Віктар – таксама зайздросны гаспадар. Адзін на ўсю вёску мае каня – з ім разам і пастаянны заробак. Трымае шмат авечак, дзве каровы і розную дробную жыўнасць. Але карцінка яго жыцця стала сумнай. Жыве шасцідзесяцігадовы гаспадар адзін з маці, якая ў свой час таксама надта строга адбірала нявест для сына. Адзін ды адзін – працаваў увесь час да знямогі. Але калі маеш сталы ўзрост і аглядаешся на пражытае, на набытае, якое няма каму перадаць, паволі пачынаеш ганьбаваць сваё жыццё. Чым? Вядома ж, гарэлкай. Вось і “не прасыхае” чалавек ад спіртнога. Можа па пяць дзён ляжаць з бутэлькамі пад елкай на ўездзе ў вёску. Прачнецца, паробіць крыху і далей жлукціць – так лягчэй забыцца на адзіноту…
Падобныя прычыны выклікаюць п’янства і ў іншых жыхароў гэтай вёскі. Адны ўсё жыццё ў адзіноце, іншыя, не маючы станоўчага прыкладу бацькоў, паводзяць сябе ў сем’ях свавольна і жорстка. А асобная гаворка пра тых, хто ў горадзе не знаходзіць сабе месца з-за гультайства, п’янства ці распусты, губляючы сталічную працу, кватэру, едзе шукаць лёгкага жыцця ў вёску. Тут жа яшчэ засталіся гаспадары, на ўчастках якіх можна пажывіцца гароднінай!..
Вось так вёсачка паціху жыве і паціху памірае. Адначасова тут працуюць сталыя вяскоўцы, чуюцца вясёлыя галасы дачнікаў і… поўзаюць па асфальце, валяюцца ў хатах алкаголікі, мужчыны і жанчыны, што не думаюць пра заўтрашні дзень.
Што пераможа – смерць ці жыццё – час пакажа. Але заўсёды ёсць надзея на парасткі добрага, жывога, неўміручага – гэта на пачуццё ўласнай годнасці, гаспадарчасці, сямейнасці і адказнасці за жыццё будучых пакаленняў.

 

Чалавек адзінокі ў шматлюдным натоўпе…

Аднойчы, калі свяціла яшчэ вясновае сонца, цвілі дзьмухаўцы і вось-вось збіраўся ўспыхнуць бэз, я ішла па горадзе і ўсміхалася. Ад чаго? Ды проста так! Камгас падмятаў тратуары, уладальнікі сядзібаў фарбавалі ў вясёлыя колеры свае двары, гаспадыні садзілі кветкі… Здавалася, што ўсе адзін аднаго любяць, жадаюць дабра і шчасця, усе вакол сябры. 
Але вось позірк трапіў на дом, дакладней, на яго рэшткі пасля пажару: сярод цвіцення і ўсеагульнага вясёлага настрою ён выглядаў як адзінокі калека сярод радасных здаровых людзей. Адразу ўспомніліся падобныя карціны не толькі ў Лагойску, але і ў іншых населеных пунктах: абгарэлыя хаціны стаяць сабе паціху, і ніхто іх не заўважае – быццам іх і няма.
А за кожнай “маленькай Хатынню” (так іх назвала адна знаёмая) – свае трагедыі, разбітыя жыцці ці проста сумныя ўспаміны. Здаецца, вось яно, выйсце: разабраць абгарэлыя дошкі і пабудаваць тут новае жыллё ці засеяць двор травой. Але нікому чужыя надзелы, як і чужыя беды, няшчасці, непатрэбныя. І тут аказваецца, што не так ужо мы адзін аднаму і сябры, не так мы ўжо і любім адзін аднаго, што ўсё ж між людзей мы можам быць самотнымі і незаўважанымі.
Магчыма, менавіта па гэтай прычыне ў нашым грамадстве столькі рознагалоссяў, сутыкненняў і канфліктаў: мы проста не бачым чужых праблем, а яшчэ горш, не хочам іх бачыць.
А сітуацыю проста змяніць: навучыцца адчуваць іншых, калі не дапамагаць, то хаця б разумець і спачуваць, асэнсоўваць сваю прыналежнасць да ўсеагульнага Чалавецтва.
…Магчыма, часы самоты неабходныя для душэўнага адпачынку і разваг. Але я не хачу, каб чалавек адчуваў сябе адзінокім у шматлюдным натоўпе, бо ўсе мы злеплены з адной гліны і “ўсе мы разам ляцім да зор”…

 

А вы корміце лебедзяў?

Прыляцелі прыгожыя белыя птушкі на возера ля аўтастанцыі ў Лагойску. Вывелі яны птушанят - шэра-рыжых, якія паступова пераўтварыліся ў такіх, як і бацькі, -- белакрылых. Спачатку лебядзіная чарада трымалася сярэдзіны возера, баючыся падплываць да берагоў, дзе на іх глядзелі людзі. А потым…
Вы самі бачыце на фотаздымках: для таго, каб ім далі паесці, "гордыя" птушкі нават выходзяць на бераг. Такія лебедзі - "жабракі" - вечна галодныя, але чыстыя і тоўстыя.
Калі мой сын, паддаўшыся агульнаму настрою, аддаў кавалак сваёй булкі лебедзю, той, праглынуўшы, пачаў выдаваць гукі, падобныя на свінячы віск. "Рохкалі" і іншыя птушкі, калі паспявалі перахапіць у сваіх суродзічаў кавалкі белага печыва.
Выбачайце, але ў мяне ўзнікла сапраўднае пачуццё агіды і крыўды. Гэта ж мы самі разбураем дзецям спрадвечны міф аб тым, што лебедзі - гордыя птушкі, з характарам, як у казцы - дзікія лебедзі... А яшчэ мы самі становімся прычынай таго, што гэтыя птушкі не хочуць ляцець у вырай - так прывыклі сядзець на чужым хлебе. Мы забіваем у іх інстынкт самазахавання. А калі белыя чароды пачынаюць гінуць у 20-градусны мароз, мы бядуем: хто ж іх выратуе?
А можа, трэба быць сапраўды самакрытычнымі: не падмяняць паняцце "клопат" шкоднымі булкамі, а ачысціць вадаём ранняй вясной?Сачыць за яго чысцінёй да замаразкаў, каб водная фаўна і флора, якія павінны быць сапраўдным кормам для вадаплаваючых, добра развівалася? На думку многіх арнітолагаў, карміць птушак можна толькі тады, калі птушаняты вывеліся позна, і птушкі не змаглі своечасова паляцець у цёплыя краіны.
Пакіньце дзецям казку пра вольных птушак, не карміце іх, як свіней у хлеве. А калі вам вельмі хочацца - дык завядзіце сабе свойскіх птушак - гусей ці качак. Гэта жарт.
А калі сур'ёзна, то тыя ж арнітолагі рэкамендуюць замест шкоднага чорнага хлеба карміць белай булкай ці варанымі крупамі, а яшчэ лепш - спецыяльным камбікормам. І толькі ў халодную пару. Зараз ім дастаткова харчу ў вадзе, таму стойце сабе на беразе і глядзіце - гэта таксама добры занятак.

 

На адну “гарачую” кропку меней!

Вясна прыйшла! Толькі цяпер гэта адчуваеш, калі бачыш, як дагарае сухая леташняя трава, як горкі акуркаў пад пад’ездамі і скамечаныя пачкі ад цыгарэт змятаюцца ў сметніцу, даючы месца жоўтым падбелам, белым і блакітным пралескам на клумбах і газонах.
А ў нашым небяспечным маршруце з вуліцы Мінскай да завулка Гайненскага з пачаткам красавіка стала на адну “гарачую” кропку меней: ля ЖБК “Будаўнік” паставілі знакі пешаходнага пераходу. Няхай сабе ў адным месцы, але ўжо на душы лягчэй. Асабліва калі ля ўніверсама стаіць ДАІ, і ўсе вадзіцелі, такія ветлівыя – хоць расцалуй, спыняюцца перад “бягучымі” чалавечкамі, а ты ідзеш, як каралева!..
Вясна прыйшла!

 

Выратуй нас, Божа!

Гэтыя словы кожны раз успамінаю, калі вяду сына-першакласніка ў школу. Бо дарога з Мінскай вуліцы да Лагойскай САШ № 1 небяспечная для жыцця.
На Мінскай вуліцы адзін пешаходны пераход ёсць – іншая справа, што не заўсёды імклівы паток машын спыняецца ля яго. Калі хтосьці ідзе не пешшу, а едзе на гарадскім аўтобусе, то абсталяваны прыпынак для іх таксама ёсць, і таксама адзін. А навошта іншыя? Нашы людзі прывыклі стаяць прама на дарозе.
Пры спуску з мастка трэбы быць асцярожным, каб не паламаць ногі, бо прыступкі такія шырокія, быццам іх рабілі для сланапатамаў. А калі ты хочаш спусціцца-падняцца з каляскай – гэта проста геройскі ўчынак.

Каб перайсці праз Завадскую і працягнуць свой шлях па тратуары, падумай, ці не парушаеш ты правілы дарожнага руху, бо ніякіх знакаў пешаходнага пераходу тут няма.
А сам тратуар да аўтастанцыі напамінае разбітую бомбамі дарогу – ні табе бардзюра, ні роўнай асфальтаванай дарожкі. Так і ідуць мамы з дзеткамі і побач едуць, не, нясуцца аўтамабілі. Малітва тут будзе не лішняй.
Далей трохі лягчэй. Нармальны пераход ля аўтастанцыі. Больш менш прыстойны тратуар да басейна, ля якога зноў трэба пераходзіць праезджую частку без пешаходнага перахода. Потым зноў паварочваць без ніводнай “зебры”. І тут пачынаецца самае цікавае: па адным участку асфальтава-пясчана-ямачнай дарогі ўперамешку з машынамі ідуць школьнікі. Успамінаюцца тут словы рускага класіка: “Здесь всё смешалось: кони, люди…” І толькі цуд кожны дзень выратоўвае дзяцей і іх бацькоў ад няшчаснага выпадку, бо чаго можна чакаць ад сталёвых коней і такіх рухавых, вясёлых школьнікаў, якія вечна спяшаюцца на ўрок!

А што ўжо казаць пра асвятленне, якога практычна няма!
І такіх небяспечных маршрутаў па ўсім горадзе шмат. Не буду зараз пра іх пісаць – самі ведаеце. А, можа, паспрабаваць скласці іх карту, каб папярэдзіць пешаходаў і вадзіцеляў аб небяспецы?
Галоўнае, каб трагедый не здаралася. Толькі як мы зможам вырашыць праблемы небяспечных дарог, калі звароты да адпаведных службаў не даюць ніякіх вынікаў?..

Алена Масцерава.