Новости
Архив новостей
Амерыканскі беларус перадаў у лагойскі музей фота мястэчка ў 1941 годзе
главное
2579 дня(-ей) назад
2
4

На сённяшні дзень мала хто з лагайчан ведае, як выглядаў наш райцэнтр 76 гадоў назад, падчас нямецкай акупацыі. Дзякуючы Віталю Алісіёнку сёння з’явілася магчымасць запоўніць гэты прабел.

Нягледзячы на тое што нарадзіўся Віталь у Мінску, з нашым краем яго звязвае многае. Бацькі яго родам з вёскі Беланы. І хоць пазней перабраліся яны ў сталіцу, амаль кожнае лета хлопчык праводзіў у бабулі з дзядулем.

Аб малой радзіме ў Віталя захаваліся самыя цёплыя ўспаміны. Сюды ён прыязджае зараз з-за Атлантычнага акіяна пры першай магчымасці. Справа ў тым, што Віталь Алісіёнак разам з жонкай Вікторыяй эмігрыраваў у ЗША. У 2004 г. яны выйгралі ў латарэі “ГрынКард”, якая дае магчымасць жыць і працаваць у Штатах.

Сёння Алісіёнкі жывуць ва ўласным доме ў г. Чэстэрфілд. Зараз Віталь мае сваю справу, аналаг нашага ІП, і займаецца ўстаноўкай кандыцыянераў, сістэм ацяплення і вентыляцыі. У ЗША на свет з’явілася іх дачка Алеся. Дзяўчынка валодае англійскай і рускай мовамі, разумее беларускую на такім узроўні, што нават глядзела ў Мінску купалаўскую “Паўлінку” без перакладу.

Не забыліся Алісіёнкі і пра Беларусь, наведваюць родных. У Мінску не заседжваюцца, а паказваюць дачцэ разнастайныя беларускія славутасці. Сёлета вандравалі па Віцебшчыне. Аднакласнікі Алесі заўсёды з асаблівым задавальненнем слухаюць пра яе паездкі. У гэты раз дзяўчынка разам з татам праехала па маршруце Полацк – Друя — Браслаўскія азёры.

А яшчэ Віталь Алісіёнак прыляцеў з усходняга пабярэжжа Штатаў не з пустымі рукамі. З сабой ён прывёз вельмі каштоўны падарунак у выглядзе чорна-белых фотаздымкаў Лагойска, на звароце якіх значыцца адрас і назва фотаатэлье ў германскім г. Хёртэн, а таксама дата — 1942 год. Гэта карткі з фотаальбома аднаго нямецкага салдата, які, відаць, служыў у акупіраваным Лагойску. Зроблены яны ў 1941-м. На здымках — палац Тышкевічаў, касцёл Святога Казіміра, царква Мікалая Цудатворцы, вуліцы райцэнтра і яго жыхары. У альбоме былі і подпісы да некаторых з іх. Напрыклад, такі: «Праз 6 дзён двухбаковы драўляны мост быў гатовы. Але партызаны ізноў зрабілі нам непрыемнасць. У адным месцы ад ручной гранаты загінула 2 чалавекі, у чацвёртым баі 1 чалавек быў паранены.

Мы кожную ноч пасылаем атрад у калгасы пад Лагойскам, дзе партызаны штодня бяруць прадукты. Ноччу была перастрэлка, адзін грузавік і МG (прым. — няма перакладу) засталіся ў нашых руках. На іншым месцы ў лесе адзін аўтамабіль абстралялі, куля прайшла праз радыятар».

Гэтую своеасаблівую «капсулу часу» Віталь перадаў у фонды Лагойскага краязнаўчага музея абсалютна бясплатна, і ў хуткім часе іх зможа пабачыць кожны жадаючы.

Віталь расказаў, што гэтыя фотакарткі трапілі да яго дзякуючы інтэрнэту. Паўтара гады таму на адным з сайтаў ён убачыў каментарый, змест якога прысвячаўся анлайн-аўкцыёну. Лотамі былі 12 фота, на якіх ён беспамылкова пазнаў сваю малую радзіму. Больш за ўсё прэтэндэнтаў было купіць здымак з палацам Тышкевічаў.

Аляксандр Клімавец, “РК”.