Новости
Пазнаёмімся бліжэй з ветэрынарам Канстанцінам Буйка
главное
87 дня(-ей) назад
2
4

Сёння госцем нашай традыцыйнай рубрыкі «Пазнаёмімся бліжэй» будзе чалавек, з якім добра знаёмыя не толькі жыхары нашага раёна, але і іх жывёлы. Прыязны і харызматычны, сапраўдны прафесіянал у галіне ветэрынарыі, пераемнік сямейнай дынастыі, любячы муж і бацька — лагайчанін Канстанцін Буйка. 

Канстанцін Вячаслававіч, аб чым марылі ў дзяцінстве?

— Як мне казалі родныя, быў час, калі я падумваў стаць аграномам. Але ва ўзросце гадоў 15 меў з бацькам сур'ёзную размову пра будучыню. Гэта было якраз на пачатку 90-х, самі памятаеце, як тады было няпроста. З улікам таго, што мы жылі ў Мінску, бацька адзначыў, што падчас голаду апошнім памірае повар, а перадапошнім — ветэрынарны ўрач. У дадатак скажу, што менавіта гэтай справе сам ён прысвяціў усё сваё жыццё. 

З таго часу я пачаў больш грунтоўна рыхтавацца па прадметах хіміка-біялагічнага кірунку. І зразумела, што пасля атрымання атэстата паступіў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. 

— Як праходзілі гады вучобы?

— Бурна! (усміхаецца — аўт.) Вучоба давалася з сярэдняй лёгкасцю. З аднаго боку, было проста, бо за спіной меў пэўны багаж ведаў па школьнай праграме, з другога — складана было адразу засвоіць вялікі аб'ём інфармацыі, які атрымлівалі на лекцыях. Асабліва цяжка даваліся спецпрадметы: каб іх вывучыць, даводзілася гадзінамі праседжваць у бібліятэцы ў пошуках неабходнага матэрыялу.

Што датычыць студэнцкага жыцця, то з'явілася шмат новых знаёмстваў, захапленняў (хірургіяй, грэка-рымскай барацьбой). Таксама ў працэсе вучобы атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, што ў далейшым значна аблегчыла мой студэнцкі побыт. Але самыя знакавыя падзеі адбыліся на апошнім курсе: спачатку я ажаніўся, а потым стаў бацькам. 

Куды трапілі па накіраванні?

— У мяне была магчымасць выбару месца працы, таму я абраў калгас у Чэрвеньскім раёне. Менавіта там у цяжкіх працоўных умовах атрымаў добры практычны вопыт. А потым склалася так, што наша сям'я пераехала у́ Лагойск. 

— І як жылося на Лагойшчыне?

— Першыя некалькі гадоў было складана, але гэта больш залежыла ад агульных эканамічных абставін у краіне. Потым адбылася рэарганізацыя гаспадаркі, і мы, скарыстаўшы момант, разам з жонкаю пайшлі на «вольны хлеб». 

— А падрабязней?

— Тут трэба адзначыць, што я і жонка разам працавалі з першага дня і з'яўляліся адзін аднаму добрымі дарадчыкамі. Дарэчы, так адбываецца і па сённяшні дзень. Паспрабаваўшы сябе ў розных галінах дзейнасці, праз тры гады вырашылі пачаць уласную справу і адкрылі першую ў райцэнтры ветэрынарную аптэку. Хутка стала зразумела, што прадаваць лекі — недастаткова, бо людзі кожны раз прасілі пракансультаваць наконт той ці іншай хваробы. Пасля пэўных разважанняў адкрылі і ветклініку.

Яшчэ да пачатку дзейнасці чё даводзілася сутыкацца з людзьмі наконт лячэння жывёлы, і ў першую чаргу сельскагаспадарчай. А жонка нейкі час працавала ў адной са сталічных ветаптэк і прыйшла да высновы, што дапамога патрэбна не толькі каровам ці козам, але і сабакам, катам і нават папугайчыкам. Таму нашу агульную працу накіравалі на дапамогу ўсім  жывёлам.

Якім самым экзатычным экземплярам даводзілася дапамагаць?

— Чарапахам, прычым не адзін раз. Напрыклад, падчас нядаўняга візіту ў адной рэптыліі была заўважана грыбковая інфекцыя панцыра. У такім выпадку ў першую чаргу праводзім кансультацыю з гаспадаром жывёліны наконт правільнага ўтрымання. Бо, як паказвае практыка, часта сваёй хваробай гадаванцы рэагуюць на парушэнне правілаў догляду за імі. 

— А ці былі ў вашай практыцы кур'ёзныя выпадкі?

— Як жа без іх! Хірургічныя моманты прапушчу, а вось як нам згаджаюцца дапамагчы падчас працэдур, думаю, можна расказаць. Калі праводжу агляд хворай жывёлы, заўсёды цікаўлюся ў гаспадара, якія паміж імі зносіны, ці ёсць узаемаразуменне. Гэта патрэбна для таго, каб вырашыць: яму лепш прысутнічаць падчас умяшальніцтва ці выйсці за дзверы? Усё, як у людзей. І бывае так, што як толькі «асістэнт» бачыць кроў, шпрыц ці скальпель, то адразу траціць прытомнасць. І тады ўжо не ведаеш, каго спачатку ратаваць: небараку-гаспадара ці хворую жылёліну?

— Вы столькі разоў ужо згадвалі жонку. Раскажыце, калі ласка, пра сваю сямю.

— Мая жонка, сябра і дарадчык — Марына Віктараўна, з якой мы разам са студэнцкай парты. Як вы ўжо зразумелі, па спецыяльнасці яна таксама ветэрынарны ўрач. Нашу адзіную дачку завуць Паліна. Яна таксама вырашыла пайсці па шляху бацькоў-дзядоў і таму зяўляецца ветэрынарам у чацвёртым пакаленні.

 — Многія запамінаюць вас яшчэ і таму, што вы размаўляеце па-беларуску. Вы заўсёды гаварылі на роднай мове?)

— Нягледзячы на тое што я вучыўся ў рускамоўнай сталічнай школе, мне вельмі добра даваліся пераклады з рускай мовы на беларускую. І хаця размаўляў на трасянцы, думаў заўсёды на дзвюх мовах. Дзесьці ў 2010 годзе ўсёй сямёй на машыне мы ездзілі на адпачынак у Крым. На зваротнай дарозе заехалі ў Кіеў, дзе я пачуў, як мясцовыя размаўляюць толькі па-ўкраінску. Менавіта гэта і стала для мяне штуршком размаўляць на сваёй роднай мове. 

— Чым захапляецеся ў вольны час?

— Справа ў тым, што зараз мы жывём у прыватным доме. Дзесяць гадоў мы будавалі свой катэдж, таму апошнім часам якраз імкнёмся знаходзіць вольны час для сябе, для адпачынку і захапленняў, першае з якіх — вандраваць па родным краі на аўто.  

— Якіх сямейных традыцый вы прытрымліваецеся?

— На Вялікдзень выпякаем шмат кулічоў, гатуем шмат пасхі і частуем усіх родзічаў.

Запісала Валянціна Меняйла.