Сёння, 11 ліпеня, у Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі ім. братоў Тышкевічаў адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Лагойскія матывы” Яўгена Шунейкі. Майстар прысвяціў яе 940-годдзю нашага горада.
У пачатку выставы майстар пагутарыў з наведвальнікамі. Яны даведаліся, што Яўген Шунейка палюбіў Лагойшчыну у далёкім 1970 годзе, калі ўпершыню трапіў у наш на край на ўборку бульбы. З тых часоў яе краявіды назаўсёды захапілі яго сэрца.
Цэнтральнай работай у зале стала сімвалічнае палатно “Заснаванне Лагойска”. На ім глядач можа ўбачыць старца-гусляра, што ўяўляе сабой сівы эпас легенд аб нашым краі. Таксама аўтар намаляваў на халсце драўляны падмурак новай хаты, ката ды пеўніка. Уся гэта мізансцэна выканана на фоне зялёных пагоркаў ды бліскучай сіняй ракі.
Яўген Шунейка не мог не крануцца тэмы гісторыі. Як вядома, Паўночная вайна таксама пракацілася па Лагойшчыне, таму ў эксапазіцыю ўключаны твор “Швед пад Лагойскам”.
Палатно “Раніца ў палацы” перанесла гледачоў выставы на пару стагоддзяў назад, у адзін з пакояў палаца Тышкевічаў. Не забыў аўтар і аб мінулагоднім 500-годдзі беларускага кнігадрукавання.
Францыск Скарына – не адзіная гістарычная асоба ў выставачнай зале гісторыка-краязнаўчага музея.
Там “прысутнічалі” выявы нашых славутых землякоў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Напалеона Орды, лёс якога звязаны і з нашым горадам. Менавіта ён адзін з першых зрабіў малюнак палацава-паркавага ансамбля.
Значную частку выставы занялі краявіды Лагойшчыны. На малюнках можна пабачыць, як выглядае парк у лістападзе, кастрычніку, а таксама прайсціся знаёмымі шляхамі.
Выканы работы акварэллю, пастэллю ды алейнымі фарбамі.
Пасля заканчэння выставы, якая прадоўжыцца да 11 жніўня, Яўген Шунейка паабяцаў падарыць усе малюнкі музею. Скончылася імпрэза добрай традыцыяй – майстар- класам па маляванні партрэта.
Аляксандр Клімавец, “РК”.