Новости
Сёння 80-гадовы юбілей адзначае ганаровы грамадзянін Лагойска Сяргей Давідовіч
главное
868 дня(-ей) назад
2
4

Наш знакаміты зямляк нарадзіўся ў 1942 годзе падчас самай кровапралітнай на сенняшні дзень вайны ў гісторыі чалавецтва. Яна вогненным колам пракацілася па Беларусі, і многія вёскі былі спалены разам з жыхарамі. Не абмінуў сумны лёс і родную Сяргею Давідовічу Карпілаўку.

Разам з іншымі аднавяскоўцамі яго, гадавалага хлапчука, ледзь не спаліле ў свірне. Але адбыўся цуд. Пра гэта расказваў сам Сяргей Фёдаравіч:

«Гэта было ў 1943 годзе, мне тады няпоўны годзік быў. Мяне мама на руках трымала.

Як заўжды, гэта ж такі стыль быў у немцаў: да світанку, ранічкай прыляцелі ў вёску. Выштурхалі ўсіх з хат на вуліцу. У чым спалі, выгналі, не далі ж нават апрануцца.

Пасярэдзіне, у лажбіначцы, стаяў калгасны свіран вялікі. І ў яго загналі ўсіх вяскоўцаў. У тым ліку і нас з мамай. Я, канешне, нічога не памятаю гэтага. Потым мама расказвала, што заляскацеў замок, замкнулі нас ў свірне. Гэта ўжо ўсё — засталося толькі падпаліць.

Яшчэ мама расказвала, што немцы нешта гергеталі, і дзіўная рэч — адчыніліся дзверы і нам сказалі: «Ідзіце ў лес і не азірайцеся».

Мама казала, што ішлі мы паміж двух радоў: куляметы стаялі і немцы з аўчаркамі. Людзі былі ўпэўненыя, што стануць страляць у спіны. І ўсе пайшлі. І да леса дайшлі.

Ужо вёска ўся палыхала. А мы толькі год, як пабудавалі новую хатку. А ў тыя часы пабудаваць было вельмі складана — бедната ж. Такая, расказвалі, харошая хата была, светлая.

Атрымалася, што мы з мамай уцяклі. Нас было чацвёра дзяцей, я — самы маленькі. Яшчэ трое за падол трымаліся, яны большыя былі крыху — сваімі ножкамі беглі.

І чаму нас адпусцілі, ніхто і не ведаў. Усе вяскоўцы, калі адгарэла-адгрымела, вярнуліся. Але ж усё спаленае было. Капалі зямлянкі – хованкі з накрыўкай з дзёрну. І нездарма, таму што немцы праляталі на машынах, яны кантралявалі ўсё, не давалі адбудавацца.

А мама з намі ў лес пайшла, далучылася да партызанаў, калі пачалі тут цясніць іх. Апынуліся мы аж на Паліку. А там, аказваецца, штаб партызанскі быў.

Калі я ўжо быў сталы чалавек, гадоў пад сорак, мама ўсё ўспамінала пра Палік. Мяне гэта хвалявала. Я быў у Барысаве ў камандзіроўцы і папрасіў: «Завязіце мяне на Палік». Мяне на ГАЗ-69 павезлі. Мы лесам ехалі. Была гаць з паленцаў і жэрдак — замошчаная дарога. Мы на тым «казле» прабіваліся па гэтай гаці на Палік.

Я быў там маленькі і душа мая туды прасілася. Там вялікі камень стаіць і надпіс на ім: тут знаходзіўся штаб партызанскага руху Беларусі.

Я ўзгадваў, як мама казала, што былі мы ў катле. Ужо як далі немцы са ўсяго і самалёты наляцелі, то ўцякалі па лесе хто як мог. Маці вобразна распавядала, што па калені ў крыві ляцелі, за забітых чапляліся. Там столькі іх было!

І тады згубілася 16-гадовая сястра мая Жэня. Яна самая старэйшая з нас была. Уяўляеце, 16 гадоў дзяўчынцы, дзе той Палік — больш за 100 кілометраў — і яна сама прыйшла з Барысаўскага раёна аж да Карпілаўкі. Праз 20 дзён, схуднелая, скусаная камарамі.

Калі мы вярнуліся з Паліка, то ўсе, хто ў вёсцы быў, прыходзілі паглядзець на мяне. Усе мы былі голыя, абадраныя,а я, маленькі, так скусаны камарамі, што не было жывога месца...
Чаму ж нас не спалілі? Усе гадалі, я таксама доўга думаў пра гэта. Проста ж так не маглі адпусціць немцы.

Дзякуй богу, не спалілі, а то ніхто б і не ведаў, што быў такі маленькі хлопчык Сяргейка...

А потым нехта падказаў мне, і я паехаў у Заслаўе і там даведаўся ў людзей, што ў немцаў у той час з”явіўся новы перакладчык. Мне яго апісалі знешне: хударлявы, светлыя, белаватыя валасы, зачэсаныя назад. І гэты перакладчык некаму тут сказаў: пакуль я ў немцаў працую, людзі гарэць не будуць.

І сапраўды. А потым, як у пацверджанне, праз год гэтага перакладчыка немцы ў Заслаўі павесілі. І вось яго асоба невядомая засталася.
Хутчэй за ўсё ён нас выратаваў. Магчыма, змог пераканаць немцаў...

Лёс у Карпілаўкі такі: людзей адпусцілі, а вёску спалілі. Мне гэта баліць, бо не ведаю, каму сказаць падзяку.

Бог вырашыў, што мяне, малога хлопчыка, трэба ўратаваць, таму што ён штосьці зробіць, напіша ў сваім жыцці…».

Вось такая атрымалася гісторыя. Больш фактаў пра таленавітага паэта, мастака, скульптара чытайце ў газеце "Родны край" 20 ліпеня 2022 года.