Новости
У бальніцах Лагойска і Плешчаніц адкрыліся палаты для ветэранаў
главное
1073 дня(-ей) назад
2
4

У аўторак, 14 снежня, Лагойскую ЦРБ наведалі прадстаўнікі «Беларускага фонду міру». З работай палат для ветэранаў вайны і працы, адкрытых па ініцыятыве грамадскай арганізацыі, азнаёміліся старшыня праўлення Максім Місько, кіраўнік Мінскага абласнога аддзялення Алег Матусевіч, а таксама Сяргей Занкевіч, прадстаўнік кампаній «ЭкаПрамПанель» і «Ізаматбуд», якія аказалі спонсарскую дапамогу па абсталяванні палат.

Юрый Будзько правёў гасцей па тэрапеўтычным і хірургічным аддзяленнях. У першым з іх праходзяць лячэнне пацыенты кардыялагічнага і неўралагічнага профіляў. Ветэранская палата разлічана на двух чалавек. У ёй быў праведзены касметычны рамонт, з’явілія новыя зручныя ложкі, тумбачкі і шафа для вопраткі, халадзільнік і тэлевізар.

Як адзначылі загадчык тэраўпетычнага аддзялення Святаслаў Івашкоў і старэйшая медсястра Валянціна Максімчык, палата вельмі камфортная, асабліва для сталых людзей, а гэты першы крок да выздараўлення – калі адчуваеш увагу і клопат, знаходзішся ў добрым настроі.

Аналагічна абсталявана і адна з палат хірургічнага аддзялення, дзе на днях аказалася лагайчанка Святлана Валчаніна. У аддзяленне жанчына трапіла з вострым захворваннем і была прыемна ўражана створанымі тут умовамі. Яна справядліва выказала пажаданне, што ўсе палаты ў бальніцах павінны быць такімі ж.

Яшчэ адна падобная палата дзейнічае ў Плешчаніцкай бальніцы.

Як зазначыў Максім Місько, гэты толькі першы этап праекта па абсталяванні ветэранскіх палат у Лагойскім раёне, наступныя тры з’явяцца ў бальніцах райцэнтра і пасёлка ў новым годзе.

Усяго ў Беларусі па ініцыятыве «Беларускага фонду міру» адкрыта ўжо каля 2 тысяч падобных аб’ектаў, з іх на Міншчыне – прыкладна 100 палат. Удзел у фінансаванні праекта прымаюць шматлікія прадпрыемствы і арганізацыі, кіраўнікі якіх разумеюць, што клопат пра ветэранаў вайны і працы з’яўляецца добрым прыкладам для падрастаючага пакалення, выхоўвае ў маладых людзей самыя лепшыя якасці.

Алена Масцерава.