Новости
Шматдзетныя сем’і высадзілі новыя дрэўцы на алеі маці ў Лагойску
главное
1133 дня(-ей) назад
2
4

Чарговай яркай падзеяй Тыдня маці стала акцыя па пасадцы новых дрэваў на алеі маці ў Лагойску. Яна знаходзіцца на вуліцы Залатая горка, дзе шматдзетныя сем’і 15 кастрычніка высадзілі 15 бярозак. Такім чынам, цяпер тут ужо з двух бакоў ад пешаходнай дарожкі растуць беластволыя прыгажуні.

Як расказала дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Некрашэвіч, сама мама траіх сыноў, арганізаваць акцыю дапамаглі камунгас, лясгас, "Белтэлекам", раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын на чале з Галінай Бычкоўскай.

Калі сем’і сабраліся на мерапрыемства, то ўбачылі гатовыя лункі, якія падрыхтавалі работнікі ўчастка добраўпарадкавання камунальнай гаспадаркі. Заставалася толькі ўзяць саджанцы, рыдлёўкі, паліць глебу вадой – і вельмі хутка бярозкі занялі свае месцы ў роўным радку дрэваў.

Над гэтым добра папрацавалі сем’і Ірыны і Ігара Грышалёвых, Марыі і Уладзіміра Багдановічаў, Наталлі і Дзяніса Урбановічаў, шматдзетныя мамы Святлана Радзівілава, Святлана Паўлоўская, Святлана Халадзінская, якім дапамагалі іх малодшыя дзеткі.

Мама Марыя Багдановіч адзначыла, што ўдзел у акцыі застанецца для іх сям’і самым добрым успамінам. Яе дзеці Аляксандра, Марат і Раман будуць расці і ведаць, што пасадзілі дрэва ўсёй сям’ёй.

А Святлана Паўлоўская жыве ў суседнім з алеяй доме і ўжо другі раз удзельнічала ў акцыі. Міша, Віялета і Арцём радасна паказалі на бярозку, якая добра прыжылася падчас мінулай высадкі дрэў.

Дружная праца падарыла ўсім добры настрой, нягледзячы на халоднае надвор’е і вецер з дробным дажджом. Галіна Бычкоўская адзначыла напрыканцы, што наш горад разрастаецца, а ў яго новых дварах зелені мала, таму такія акцыі сапраўды патрэбныя.

А Ірына Некрашэвіч паабяцала, што гэта ініцыятыва будзе працягвацца далей і падзякавала ўсім сем’ям за ўдзел.

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.