Новости
На Лагойшчыне праходзяць мерапрыемствы абласнога педагагічнага марафону
главное
1156 дня(-ей) назад
2
4

З 4 па 9 кастрычніка ў Мінскай вобласці праходзіць ХІ педагагічны марафон кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. У рамках яго шэраг мерапрыемстваў запланаваны ў Лагойскім раёне.

Так, 5 кастрычніка на базе Плешчаніцкай СШ № 1 адбылася сустрэча на тэму «Панарама экскурсій». Як расказала дырэктар Лагойскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Галіна Вашкевіч, мерапрыемства праходзіла як у рэжыме рэальнага часу, так і з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Тыя, хто не мелі магчымасці прыехаць на яго, далучыліся да абмеркавання тэмы пры дапамозе платформы ZOOM, спасылкі на ўдзел у канферэнцыі былі дасланы ва ўсе школы.

Перад удзельнікамі выступіла настаўніца першай школы пасёлка, кіраўнік школьнага музея баявой славы Зінаіда Далідчык, якая падзялілася з прысутнымі багатым метадычным вопытам. Яна расказала пра тое, як распрацоўвае разнастайныя экскурсіі са сваімі вучнямі, як рыхтуе іх да ролі экскурсаводаў, як праходзіць праца на запісам відэаэкскурсій. Тэарэтычная частка выступлення была дапоўнена прыкладамі са шматгадовай дзейнасці вопытнага педагога. Экскурсія па музеі вышэйназванай установы адукацыі стала практычным падагульненнем мерапрыемства.

Дарэчы, кіраўнік музея Акалоўскай СШ Аляксандр Якубоўскі разам з іншымі настаўнікамі Міншчыны пабываў на сустрэчы ўдзельнікаў абласнога педмарафону ў музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Алена Масцерава.

Фота прадастаўлена Лагойскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства.