Новости
На нумар грамадскай прыёмнай тэлефанавалі з розных кропак раёна
главное
1589 дня(-ей) назад
2
4

У чацвер 16 ліпеня на пытанні жыхароў Лагойшчыны да 17.00 адказвалі дырэктар камгаса Яўген Халімоненка і дэпутат раённага Савета дэпутатаў, намеснік дырэктара лясгаса Ірына Фадзеева.

Усе звароты ў грамадскую прыёмную адрасоўваліся па тэлефоне. Так, жыхар Аўгустова Валянцін Бенза, які пражывае па вуліцы Лясной, 27, прасіў абкасіць траву каля яго дома. Дырэктар камгаса паабяцаў пенсіянеру, што ў пятніцу супрацоўнікі прадпрыемства правядуць абкоску па дадзеным адрасе.

Аператыўна вырашыць праблему паабяцалі і жанчыне сталага ўзросту з Лагойска. Таццяна Внукава, якая пражывае на пятым паверсе дома на Гайненскай шашы, расказала, што ў яе на балконе працякае дах, на якім нават вырасла дрэўца. Усё гэта нягледзячы на тое, што дах не так даўно рамантавалі. Сітуацыю паабяцалі выправіць да 25 ліпеня.

А вось пытанні жыхаркі в. Рудня Швабскага сельсавета для вырашэння патрабуюць часу. Наталля Беластоцкая прасіла абсталяваць у населеным пункце, дзе яна пражывае, прыпынак грамадскага транспарту. Прааналізаваць сітуацыю, пралічыць усе варыянты дзеянняў і пры магчымасці рэалізаваць запыт вяскоўкі  паручылі кіраўніцтву аўтамабільнага аўтапарка № 12, філіяла ААТ «Мінаблааўтатранс».

Аднак жыхарку Рудні турбавала яшчэ адна праблема: калі ў вёску прыязджае аўталаўка, не заўсёды ёсць магчымасць аплаціць тавары пластыкавай карткай, таму што адсутнічае сувязь з банкам. Каб знайсці прычыны дрэннай сувязі, таксама трэба высветліць некалькі фактараў, якія могуць уплываць на яе якасць. Таму аператыўнага адказу жанчына не атрымала, спецыялісты звяжуцца з ёй пазней.

З гэтымі ж пытаннямі Наталля Беластоцкая звярнулася па тэлефоне і да намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анжэлы Раемскай і галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Вольгі Мытнік, якія працавалі ў грамадскай прыёмнай у чацвер вечарам. Яны далі жанчыне тыя ж тлумачэнні, што і папярэднія спецыялісты.

Алена Масцерава, «РК».