Новости
Шаленства: што трэба ведаць?
главное
1719 дня(-ей) назад
2
4

За 2019 год у Лагойскім раёне было выяўлена 14 лабараторна пацверджаных выпадкаў шаленства. Як паведамілі ў райвестанцыі, за 2 месяцы 2020-га ўжо зарэгістравалі 10 разносчыкаў небяспечнага вірусу.

У вёсках Акалова, Панізоўе, Крайск, а таксама ў г. п. Плешчаніцы факты захворвання ў жывёл зафіксаваныя паўторна.

Упершыню шалёных сабак выявілі ў Рагозіна і Стараганцавіцкай Слабадзе. А віноўніцамі каранціну ў вёсках Станавішча, Палосы, Гайна, Убалацце сталі шалёныя лісы.

Па словах намесніка галоўнага ветурача Дар’і Шатрун, у раёне з 2016 г. рэалізуецца Комплексны план па прафілактыцы рабічнай інфекцыі, паводле якога праводзяцца: бясплатная прафілактычная вакцынацыя хатніх жывёл, распаўсюджванне ў лясах прынадаў з вакцынай для дзікіх жывёл, адлоў камунальнымі службамі бяздомных жывёл, тлумачальная работа з насельніцтвам.

Але выпадкаў шаленства менш не становіцца. Таму жыхарам Лагойшчыны вельмі важна ведаць правілы, якія дазволяць ім і іх гадаванцам пазбегнуць заражэння вірусам.

Па-першае, ні ў якім выпадку нельга дакранацца да дзікіх, бяздомных жывёл. Нават небяспечны на выгляд коцік, сабачка, вожык можа стаць крыніцай захворвання.

Па-другое, неабходна выконваць правілы ўтрымання хатніх жывёл, рэгістраваць іх па месцы пражывання і дастаўляць у ветстанцыю для вакцынацыі.

Па-трэцяе, трэба ведаць, што рабіць, калі вас укусіла, драпнула ці нават толькі лізнула жывёла, у якой можа быць захворванне: рану ці месца кантакту трэба старанна прамыць вадой (не менш за 15 хвілін), апрацаваць дэзінфекуючым сродкам і тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Калі гэтага не зрабіць, ёсць высокая ступень рызыкі захварэць на шаленства, што амаль заўсёды прыводзіць да смерці.

Па-чацвёртае, трэба назіраць за сваімі жывёламі, каб не прапусціць важныя прыкметы, якія сведчаць пра шаленства: агрэсіўнасць, незвычайныя паводзіны, слінацячэнне, вадабоязь, параліч мышцаў ніжняй сківіцы і глоткі.

Пры выяўленні падобных сімптомаў неабходна ізаляваць жывёлу і паведаміць пра здарэнне па тэлефонах: 78-1-75 (агульны аддзел) ці 8-029-702-72-73 (начальнік Аляксандр Лесюкоў).   

Алена Масцерава.