Нават тая акалічнасць, што вёска Горна раскінулася ля асфальтавай дарогі, якая вядзе ў суседні Вілейскі раён, не абараніла яе ад залічэння ў спіс неперспектыўных населеных пунктаў. Як патлумачылі нам у Задор’еўскім сельвыканкаме, працаздольных жыхароў тут можна пералічыць на пальцах адной рукі. Крыху больш пражывае ў Горна пенсіянераў. Няма ў вёсцы ніводнага сацыяльнага аб’екта. І ўсё ж мы вырашылі пазнаёміцца з тымі, хто падтрымлівае жыццё ў родных мясцінах.
Пры ўездзе ў населены пункт увагу прыцягнула сядзіба з абкладзеным цэглаю домам пад новым дахам, дваром з туямі і вялікай альтанкай. За гаспадарчымі пабудовамі раскінуўся пчальнік, да якога з трох бакоў падступае акуратна завораны на зіму палетак. Прыпаркаваны легкавы аўтамабіль усяліў надзею на тое, што гаспадары дома.
Імі аказалася сямейная пара Івана Мікалаевіча і Валянціны Канстанцінаўны Фурс. Гаспадар быў нешматслоўным. Расказаў, што нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы. Набыў будаўнічую прафесію і працаваў у Мінску. Сувязь з Горна яны з жонкай ніколі не парывалі і з задавальненнем вярнуліся сюды.
– Гэты дом мае бацькі ўзвялі побач з маленькай хацінкай, якую набылі ў 1945 годзе, калі пераехалі ў Горна на месца працы таты, – патлумачыла жанчына.
Далей яна расказала захапляльную гісторыю іх сям’і. Яе бацька быў родам з невялічкай вёсачкі Шылы, якой ужо няма на карце Лагойшчыны. У лютым 1941-га Канстанцін Шыла ўзяў шлюб з ураджэнкаю суседняй вёскі, што знаходзілася на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Атрымалася так, што на фронт вясковец не трапіў, таму адразу, як з’явіліся партызаны, пайшоў разам з іншымі мужчынамі ў атрад.
Дома заставаліся жанчыны з малымі дзецьмі і састарэлыя вяскоўцы. Яны дапамагалі народным мсціўцам, за што падвяргаліся расправам.
– Пасля таго як частку дамоў спалілі, мы жылі ў зямлянцы, – прыгадала жанчына ўспаміны матулі. – Пры чарговым налёце фашысты загналі ўсіх у хлеў і збіраліся спаліць жывымі. Людзі паднялі гвалт, а мая мама разгарнула старэнькі абраз на палатне, які дзяўчынкаю знайшла ў разбуранай вясковай царкве і заўсёды насіла з сабой, і пачала маліцца. Адбыўся цуд: загад аб нашым знішчэнні адмянілі.
Суразмоўца спыніла свой аповед, каб падвесці мяне да хатняга іканастаса і паказаць тую самую ікону апосталаў Пятра і Паўла, якая стала сямейнай рэліквіяй.
Наогул, да памяці продкаў тут адносяцца з вялікай павагай. Нават склалі радавод, з якім таксама пазнаёміла жанчына. Паказала яна і дзве саматканыя работы сваёй матулі.
– У 1944 г. тата захварэў на тыф, – працягвала аповед Валянціна Канстанцінаўна. – З лесу яго даставілі ў вёску, бо ў атра-дзе ён проста не выжыў бы. Партызаны пакінулі карову, каб можна было і нам з маленькім братам не галадаць, і хворага падняць на ногі. А тут – чарговая блакада. Бацька загадаў завесці яго ў лясок за вёскай, дзе былі ямы для захоўвання бульбы, і пакінуць там з гранатай. Мы ж падаліся на Палік. Там і хаваліся некалькі дзён. Калі вярнуліся, пабеглі шукаць роднага чалавека і знайшлі схуднелага, але жывога. Пры вызваленні нашых мясцін тата па стане здароўя не мог стаць у армейскія рады. А калі акрыяў, быў прызначаны ўчастковым міліцыянерам на некалькі сельсаветаў, дзе ў лясных масівах яшчэ заставаліся тыя, каму не падабалася савецкая ўлада. Яны ўяўлялі небяспеку для грамадства, таму праца ўчастковага была не з лёгкіх. Усе хатнія клопаты ўзяла на сябе матуля. Яна і прала, і ткала. А смак хлеба, які пякла літаральна праз дзень, памятаем не толькі мы, але і нашы школьныя сябры, якія частаваліся свежымі скрылямі. Шматдзетным сем’ям, гаспадары якіх не вярнуліся з вайны, даводзілася нялёгка. Дзяўчынкі-падлеткі адпраўляліся ў горад на працу нянькамі. Выжывалі мы толькі за кошт таго, што вырошчвалі на сядзібах і збіралі ў лесе. Крыху пазней сталі абжывацца жывёлай. Адных кароў на падвор’ях вёскі ўтрымлівалася два вялікія статкі. Жылі не заможна, але дружна і весела. Добра памятаю, як калядавалі, як цікава праходзіў абрад «Жаніцьбы Цярэшкі», як збіраліся разам і гадзінамі прыгожа спявалі.
Калі суразмоўца заканчвала мясцовую дзесяцігодку, у Горна было каля сотні дамоў, дзе выхоўвалася шмат дзяцей. У Шылаў, напрыклад, іх падрастала пяцёра. Таму і дом новы пабудавалі, каб кожнаму месца хапала. Акрамя школы ў вёсцы размяшчаліся сельскі Савет, магазін, паштовае аддзяленне.
Валянціна любіла матэматыку і паступала па гэтай спецыяльнасці ва ўніверсітэт, але не пашанцавала. Аднак свайго вяскоўка ўсё ж дабілася. Калі ў геолагаразведвальным інстытуце, дзе яна працавала пасля заканчэння геафака БДУ, увялі праграмаванне, скончыла факультэт прыкладной матэматыкі. Са створанымі ёй праграмамі аб’ездзіла ўвесь Савецкі Саюз, абараніла кандыдацкую дысертацыю ў галіне геафізікі.
Разам з мужам яны выхавалі дзвюх дачок, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, цяпер радуюцца поспехам чатырох унукаў.
– З выхадам на пенсію мы вярнуліся ў родную вёску, – падвяла вынікі размовы зямлячка. – Прынеслі новае дыханне ў бацькоўскі куток. Дом адрамантавалі, гектар зямлі для апрацоўкі ўзялі, пчальнік завялі. Вядома ж, робіцца ўсё гэта з дапамогай дзяцей і ўнукаў.
Клапатлівая рука нашчадкаў адчуваецца і на сядзібе Соф’і Гуніч. Сын пафарбаваў драўляны дом і пабудаваў летнюю кухню. Побач з лазняй абсталяваў альтанку для адпачынку. Часта наведваецца да матулі і дачка.
Сама бабуля родам з вёскі Краснае гэтага ж сельсавета. У Горна, як яна выказалася, «зайшла замуж». Усё жыццё працавала ў мясцовай гаспадарцы. Як спагадлівага чалавека, аднавяскоўцы выбіралі яе брыгадзірам.
– У суседнім Задор’і, магчыма і весялей жывецца, – зазначыла Соф’я Фёдараўна. – Там выгоды ўсялякія створаны. Гэта маладым патрэбна. А мы, старыя, больш пра вечнае думаем. І вельмі рады, што існуе ў нас прыгожая царква. На святы прыязджае на службу бацюшка Сергій Барылюк, разам з якім мы і молімся, і свае праблемы абмяркоўваем. Пасля гэтага лягчэй на сэрцы робіцца. Душа супакойваецца нават толькі ад таго, што, гледзячы на купал з крыжом, можаш звярнуцца ў думках да Госпада і Багародзіцы, у гонар якой гэты храм пабудаваны.
Заслуга ў тым, што ён з”явіўся, у многім Міхаіла Собаля. Мужчына нарадзіўся ў Горна і быў у сям’і 9-м з 11-ці дзяцей. Усе яны рана выходзілі ў самастойнае жыццё, так і Міхаіл заняўся будаўнічай справай. Калі разам з жонкай Галінай Паўлаўнай, таксама будаўніком па прафесіі, вярнуліся ў вёску, прыклалі нямала намаганняў для ажыццяўлення сваёй запаветнай мары – узвядзення царквы.
– Хочацца шчыра маліцца за здароўе жывых і супакой тых, хто завяршыў зямны шлях, – разважаў зямляк. – Былі часы, калі толькі за адну ноч з нашай вёскі забралі 20 маладых мужчын, якіх адправілі ў Курапаты. Потым вайна. А ў мірны час бяруць сваё хваробы і ўзрост.
Наша размова з гэтай сямейнай парай праходзіла яшчэ на адным месцы, якім ганарацца мясцовыя жыхары, – ля святой крыніцы, што струменіць у лесе.
З ёй звязана шмат легенд. Вось і на гэты раз пачула адну з іх. Быццам у даўнія часы апынуўся ў тых мясцінах сляпы чалавек. Калі прамыў вочы крынічнай вадой, цемра адступіла. А ноччу мужчыну прыснілася, што ён ступіў у след, пакінуты тут Багародзіцай, таму гэта месца – святое. Пасля таго як да чалавека вярнуўся зрок, да крыніцы сталі прыходзіць людзі.
– Калісьці, каб дабрацца сюды, даводзілася на лясной дарозе рабіць насціл у багністых месцах, – узгадваў Міхаіл Мікалаевіч. – Цяпер дарога крыху лепшая, але ўсё роўна трэба было б асобныя ўчасткі ўпарадкаваць. Мы, як можам, падтрымліваем тут парадак. Вось бачыце, дах над сталом сапсаваўся, трэба будзе па вясне яго адрамантаваць. Тут кожны год у панядзелак пасля Святой Тройцы, у Духаў дзень, служыцца вадасвятны малебен, на які з’язджаецца шмат народу не толькі з навакольных вёсак, Плешчаніц, Лагойска і Мінска, але нават з Расіі. Я сам ніколі не абмінаю гэтай святыні, бо на сабе адчуў яе гаючую сілу. Мы рады, калі будзе яна на карысць і ўсім астатнім.
Валянціна КОРЗУН.