Новости
Баршчэўнік не здаецца. Як змагаюцца з ім на Лагойшчыне
главное
1046 дня(-ей) назад
2
4

Штогод у Лагойскім раёне ідзе барацьба з баршчэўнікам, які ўваходзіць у пералік інвазіўных раслін і з’яўляецца небяспечным для здароўя чалавека, выклікаючы хімічныя апёкі.

Сёлета змагацца з ім працягваюць спецыяльна падрыхтаваныя брыгады Лагойскага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія на дадзены момант ужо апрацавалі хімічнымі прэпаратамі тэрыторыю ў 231 гектар.

– Кожны дзень ідзе апрацоўка плошчаў, на якіх расце баршчэўнік, – расказала начальнік Лагойскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Беланоўская. – Самыя праблемныя месцы ў раёне, дзе яго больш за ўсё, – гэта тэрыторыя Гайненскага сельсавета і землі СХЦ «Гайна». У самім Лагойску таксама шмат мясцін, на якіх разрастаецца зялёны агрэсар. Просьба да гараджан і жыхароў іншых населеных пунктаў паведамляць аб іх, каб спецыялісты брыгады ведалі дакладны адрас, па якім ім трэба выехаць.

Адным з такіх з’яўляецца вул. Перамогі, 3а. За трохпавярховым шматкватэрным домам у накірунку ракі Гайна ўвесь бераг зарос баршчэўнікам.

– Яго як падкарміў хто сёлета, – адзначыў жыхар названага дома, тэлефануючы ў рэдакцыю, каб расказаць пра вялікую плошчу, парослую небяспечнай раслінай.

Кусты баршчэўніка можна ўбачыць і на скрыжаванні вуліц Янкі Купалы і Смалявіцкай (каля рэчкі), а таксама ў зарасніку на схіле каля вуліцы Мінскай.

Калі вы ведаеце іншыя мясціны, дзе шмат баршчэўніка, тэлефануйце ў інспекцыю прыродных рэсурсаў або паведамляйце журналістам «раёнкі», якія перададуць гэту інфармацыю спецыялістам.

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.