Новости
Персанальная выстава Віталя Кушнярэвіча адкрылася ў вёсцы Акцябр
главное
2907 дня(-ей) назад
2
4

previewУ сельскім доме культуры вёскі Акцябр Лагойскага раёна 12 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы мясцовага жыхара Віталя Кушнярэвіча.


Гэта першая персанальная выстава 37-гадовага мастака. Аснову экспазіцыі складаюць яго пейзажы, выкананыя акрылавымі фарбамі. На карцінах можна ўбачыць краявіды Акцябра і навакольных вёсак, а таксама малюнкі прыроды з іншых мясцовасцей, прыгажосць якіх аўтар убачыў на фотаздымках і адлюстраваў на лісце пры дапамозе пэндзля.

Пейзажамі Віталь пачаў займацца прыкладна 2 гады назад, і першыя прыродныя аб’екты ён маляваў акварэллю, потым перайшоў да акрылу.

А да гэтага больш за 10 гадоў  асноўным захапленнем мастака-самавучкі былі карыкатуры. З вострымі сатырычнымі малюнкамі ён друкаваўся ў газетах “Раніца”, “Шапакляк”, “Пікнік”, “15 сутак”, часопісе “Вожык”. Даволі доўгі час карыкатурыст супрацоўнічаў і з раённай газетай “Родны край”.  

Яшчэ адным з накірункаў, у якім праявіўся мастацкі талент Віталя Кушнярэвіча, з’яўляецца графічны партрэт. Як пісаць карціны ў такім жанры, вясковец даведаўся з аднаго мастацкага часопіса і даволі ўдала выкарыстаў тэорыю на практыцы, яму нават сталі паступаць заказы на стварэнне такіх партрэтаў.

Віталь Кушнярэвіч не вучыўся ў спецыялізаваных мастацкіх установах, а проста з самага дзяцінства любіў маляваць, з маленства мысліў мастацкімі вобразамі. Гэты талент дапамог яму развіць у свой час настаўнік Генадзь Лапуцкі, які выкладаў выяўленчае мастацтва ў Івянецкай школе-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця (у Віталя з нараджэння пастаўлены дыягназ дзіцячы цэрэбральны параліч). Шмат карысных парад па тэорыі жывапісу даў і педагог, мастак Віктар Загалаўка.

Выбрацца за межы вёскі Віталю складана – ён перасоўваецца пры дапамозе інваліднага вазка. Але, як прызнаецца сам аўтар, натхненне можна атрымаць і ў сваім родным куточку, які запальвае душу непаўторнай прыгажосцю і падштурхоўвае да стварэння новых вобразаў, да з’яўлення новых ідэй і задумак.

Так, ужо запланавана наступная выстава Віталя Кушнярэвіча, якая будзе прысвечана партрэтам. Як зазначае сам аўтар, ідэя павінна ажыццявіцца ўжо ў гэтым годзе.

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

preview

Фота: Юрый Крывашэй