Новости
Культурны перафармат
главное
1579 дня(-ей) назад
2
4

Абмежаванне кантактаў, адмена мерапрыемстваў з масавым удзелам людзей выклікалі перафармаціраванне культурнай сферы ва ўсім свеце. Так, немагчымасць сабраць гледачоў у тэатральных залах прывяла да паказаў спектакляў анлайн. Прычым прэм’еры сусветна вядомых тэатраў можна глядзець зусім бясплатна.

Напрыклад, на афіцыйным сайце лонданскага каралеўскага тэатра «Ковент-Гардэн» з 29 мая быў даступны для гледачоў прэм’ерны паказ балета «Віяланчалістка». Яго сюжэт заснаваны на біяграфіі выдатнай брытанскай выканаўцы Жаклін дзю Прэ –адоранай музыканткі, якая працавала з самымі знакамітымі аркестрамі, але ў 26 гадоў захварэла на рассеяны склероз, пасля доўгага змагання з якім памерла.

На сайце пецярбургскага Марыінскага тэатра праходзяць анлайн паказы, Маскоўскі мастацкі тэатр імя А. П. Чэхава штодзень змяшчае ў сацыяльных сетках запісы спектакляў і мерапрыемстваў. Інтэрнэт-трансляцыю сваіх бліскучых шоу распачаў Цырк дзю Салей. Многія знакамітыя музычныя гурты падчас самаізаляцыі сталі дзяліцца са сваімі прыхільнікамі запісамі жывых выступленняў, а вядомыя музеі пачалі праводзіць віртуальныя экскурсіі.

Установы культуры нашай краіны таксама радуюць публіку дыстанцыйна. Цікава было паглядзець «Школу падаткаплацельшчыкаў», якую трансляваў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У Мінск на гэту пастаноўку ў мяне ўсё не было часу прыехаць, таму спектакль, хоць і паказаны ў віртуальнай прасторы, пакінуў шмат уражанняў. Лёгкая французская камедыя іранічна распавядае пра тое, як можна выжыць і разбагацець нават у самы складаны перыяд эканамічнага крызісу.

Цікавымі эксперыментамі дзеляцца ў інтэрнэце і іншыя беларускія тэатры. Напрыклад, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі падрыхтаваў анлайн праект «Антракт з РТБД», у якім сярод мноства рубрык вылучаюцца «Казкі» – старонка з відэазапісамі для самых маленькіх тэатралаў.

Сустрэчы з польскай літаратурай, перакладзенай на беларускую мову, праходзяць у рамках цыклу дыстанцыйных лекцый «Санаторый пад клепсідрай», арганізаванага Польскім інстытутам у Мінску пры падтрымцы кнігарні «Логвінаў». Прычым, як і падчас жывых сустрэч, вядучаму, паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу, можна задаваць пытанні ў чаце, на якія ён тут жа дае адказы.

Сёлета адзін з галоўных сацыяльных праектаў ААТ «Лідскае піва» таксама быў перанесены ў інтэрнэт: «Агульная дыктоўка», якая не адзін год збірала аматараў беларускага слова ў Нацыянальнай бібліятэцы, гэтым разам праходзіла дыстанцыйна. Прычым больш за ўсё ўдзельнікаў на яе было зарэгістравана менавіта з Мінскай вобласці. У цэлым жа 6 чэрвеня за віртуальныя парты селі больш за 1600 чалавек з розных куткоў свету. Кожны, хто папярэдне зарэгістраваўся на мерапрыемства, атрымаў на электронны адрас спасылку, перайшоўшы па якой, можна было слухаць і запісваць урывак з твору Марыі Цітарчук. Дыктаваў яго саліст музычнага гурта «Nizkiz» Аляксандр Ільін. Тэкст быў неверагодна прыгожы і зусім нескладаны; у ім апісваўся дзівосны выпадак, які адбыўся падчас палявання на аленяў.

Кампанія «Лідскае піва» напярэдадні абвясціла, што за кожнага ўдзельніка дыктоўкі пералічыць 5 рублёў на рахунак Міністэрства аховы здароўя для барацьбы з каранавірусам, а за кожную «дзявятку» ці «дзясятку» – яшчэ і дадатковую суму…

Вопыт паказвае, што культура можа жыць і ў анлайн фармаце. Аднак гэта вымушаная мера, і, спадзяюся, у хуткім часе мы вернемся да звычайных формаў трансляцыі мастацкіх каштоўнасцей.