Новости
“У эфіры Лагойскае радыё”, або Нататкі радыста
главное
1506 дня(-ей) назад
2
4

Два гады на пасадзе галоўнага рэдактара раённага радыё “Голас Лагойшчыны” прынеслі мне каласальны вопыт у прафесіі і ўпэўненасць у сабе, але ў большай ступені гэта было сапраўднае выпрабаванне на трываласць – і як журналіста, і як чалавека. З той пары мінула амаль дзесяць гадоў, але ўспаміны і ўражанні жывуць дагэтуль.

Крах мар і спадзяванняў

адбыўся пры падрыхтоўцы ўжо першых перадач. Па-першае, было вельмі цяжка разлічыць час, перакласці друкаваныя лісты ў хвіліны. І што рабіць, калі ў перадачы не хапала 40 секунд ці крыху больш? У такіх выпадках на дапамогу прыходзілі мае даўнія рэспандэнты: былыя дырэктар банка Уладзімір Грыгор’еў, намеснік пракурора Максім Дацькевіч, урач-валеолаг Іна Фалькавіч. У іх заўсёды была інфармацыя на паўхвіліны, хвіліну або хвіліну дваццаць. Адкуль яны ведалі, як укласціся ў адведзены час?

Па-другое, як аказалася, не ўсе праекты, што былі ў газеце, можна перанесці ў гук. Так, напрыклад, любімая многімі чытачамі рубрыка “Юрыдычная кансультацыя” на радыё не прыжылася.

Па-трэцяе, як высветлілася, я зусім не магу начытваць тэкст. Мне не хапае паветра, і ўжо пасля першага сказа пачынаю задыхацца. Выйсце знайшлося ў выпадковай сустрэчы з былым практыкантам "раёнкі" Вячаславам Акульчыкам, які пагадзіўся папрацаваць на паўстаўкі дыктарам. Да яго з’яўлення ў маленькім кабінеце на Цімчука карпела над перадачамі з 6 раніцы і да 9-10 вечара, па некалькі разоў запісваючы і перапісваючы адну і тую ж фразу… Чуеш, Слава? Ты быў маім выратаваннем!

«Гэта вам – не тое!»

Розніца паміж друкаваным рэпартажам і радыёрэпартажам – відавочная. Прасцей напісаць у газету тэкст, дапоўніць яго фотаздымкамі, каб атрымалася ілюзія прысутнасці чытача на месцы падзей. Як захаваць ілюзію ў гуку? Для гэтага існуюць інтэршумы – калі фонам грукаюць інструменты, гучаць галасы, працуе тэхніка або чуецца рыканне кароў. Зрабіць сапраўдны рэпартаж – вельмі працаёмка, цікава і нават азартна. Аднак бывае, што тыя самыя шумы перашкаджаюць працэсу.

…У мяне тры хвіліны на тое, каб узяць каментарый у былога начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Сяргея Ляўковіча. Справа адбываецца на ферме. Знаходзім цішэйшы куток, уключаю дыктафон. І тут у памяшканне літаральна ўвальваецца мясцовы рабочы, тлумачачы штосьці камусьці па тэлефоне. Яго «Гэта вам не тое» так і засталося ў запісе. Часу перапісваць не было. «Хай гэта будзе інтэршумам», – усміхнуўся мой рэспандэнт.

«Мужыкі!!!»

Лета. Горача. Пішу перадачу. У маленькім кабінеце, які арандавала ў будынку пошты, душна. Адкрываю фортку, каб упусціць крыху свежага паветра. За вакном чуецца птушыны спеў, але ён не перашкаджае працэсу. І тут на двор адна за адной заязджаюць паштовыя машыны. З кабін гучна гучыць музыка. Ідылія парушана. Не ратуе нават шчыльна закрытае акно. «Маладыя людзі!» – кажу, але мяне не чуюць. Яшчэ гучней: «Мужчыны, калі ласка!» – ніякай рэакцыі. Спускаюся ў двор: «Мужыкі! Майце сорам!..» – музыку выключаюць, а я падымаюся і спакойна дапісваю выпуск.

Праз некаторы час сустракаю аднаго з іх у горадзе. «Верыш ці не, – гаворыць, – цяпер нават калі па калідоры хаджу, стараюся цішэй». Дзякуй яму, як і ўсім супрацоўнікам пошты і вузла электрасувязі за разуменне і спагаду.

Ранішняя асалода

Штодзённая праграма радыё выходзіла ў эфір у 6.25. Таму на працу спяшалася да 6 гадзін раніцы: уключыць камп’ютар, праверыць праграму, падключыцца да эфіру.

Шлях ляжаў праз прыватны сектар горада па вуліцах Прафінтэрна, Перамогі. І цяпер успамінаю: толькі пачынае віднець, на вуліцы свежа і чыста, там-сям запальваецца ў вокнах святло – горад прачынаецца… Вось яно – маленькае ранішняе шчасце.

Усмешкі ў эфіры

Пішу святочнае інтэрв’ю да дня будаўніка. Сумна: прафесіяналізмы, лічбы, метры, паверхі. Сур’ёзны твар суразмоўцы – намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Стражнікевіча. «Сяргей Мікалаевіч, – кажу, – давайце што-небудзь больш жывое. Пра людзей». Яго твар расплываецца ва ўсмешцы, і вось ужо голас гучыць зусім па-іншаму. Колькі разоў потым пераслухоўвала запіс – заўсёды адчувала і нават бачыла гэтую добрую ўсмешку. У друкаваным тэксце такое перадаць амаль немагчыма.

Крыху настальгіі

Ніколі не думала, што буду сумаваць па тым часе. Зараз разумею: мне вельмі шкада радыё. Шкада, што сувязісты знялі правады, што ў дамах змоўклі радыёкропкі. Я нікога не абвінавачваю – час не стаіць на месцы… Але сумна, што зараз 15-хвілінную радыёпраграму, якая выходзіць на хвалях "Мінскай хвалі", амаль ніхто не слухае. Значыць, і не патрэбна нікому раённае радыё?..