Новости
Пра дачушку
А мне б забыцца ў цішыні гаючых траў за роснай пожняй. Для кволай адшукаць душы крыху святой спагады Божай, Спазнаць і праўды, і святла, каб перажыць усе ліхалецці. Каб ведаць: недарма жыла на гэтым дзіўным белым свеце...
главное
2525 дня(-ей) назад
2
4

З вялікім здзіўленнем адкрыла ў сваёй 7-гадовай дачушкі адну вельмі каштоўную рысу: падтрымліваць і падбадзёрваць, калі ў іншага не атрымліваюцца самыя простыя рэчы. Гэта так супярэчыць “дарослай” звычцы крытыкаваць нават за дробязі.

Неяк я вырашыла асвоіць любімую гульню дачкі на смартфоне. Але маім пальцам не хапала спрыту, і кот Том ніяк не мог сабраць усё золата: ён то ўразаўся ў слупы, то трапляў пад машыны. Насця ўвесь час назірала за мной і падбадзёрвала: “Нічога страшнага, у цябе атрымаецца. У мяне таксама спачатку не выходзіла”.

Трэба сказаць, што ў гэтую гульню я і зараз час ад часу гуляю. Калі дзеці не бачаць…

Другі раз дапушчаны недаравальны промах мог аказацца абсалютна пагубным для майго поварскага аўтарытэту. Замешваючы цеста на хвораст, забылася дадаць цукар. А калі ўспомніла, было позна, бо фігуркі з несалодкага цеста ўжо ляжалі на стале і чакалі прыгатавання ў алеі.

– Ах, забылася пра цукар!!! Зусім дзіравая галава!

 — Нармальная ў цябе галава, – ласкава заўважыла Насця, спакойна працягваючы ляпіць калабка з цеста.

Дзіўна, але я таксама супакоілася ад гэтай простай заўвагі. Ну, з кім не бывае? У выніку гатовы хвораст быў шчодра пасыпаны цукровай пудрай і шчыра пахвалены маімі малымі дэгустатарамі.

Павучальна? Так. Гэтыя простыя сітуацыі навучылі мяне вучыцца ў дзяцей…