Новости
«Слова Купалы» паклікала на Лагойшчыну маладых паэтаў
главное
910 дня(-ей) назад
2
4

11-ты абасны фестываль-конкурс «Нас слова Купалы да творчасці кліча» прайшоў у суботу, 28 мая.. Ён быў прысвечаны 140-гадоваму юбілею Янкі Купалы. Для маладых паэтаў Міншчыны арганізавалі майстар-класы і святочны канцэрт з цэрымоніяй узнагароджання пераможцаў. Усё гэта адбылася ў Лагойскім РЦК.

Спачатку госці нашага раёна наведалі музей «Акопы». Менавіта тут класік беларускай паэзіі правёў самае плённае лета ў сваёй творчай гісторыі і напісаў паэму «Курган».

Пасля экскурсіі фіналістаў конкурсу чакалі майстар-класы ад членаў журы. Займаліся з прыхільнікамі рыфмаваных радкоў Ірына Карнаухава, Леанід Крыванос і Віктар Шніп. Падчас заняткаў з парфесійнымі літаратарамі ўдзельнікі фестывалю разбіралі недахопы ва ўласных творах, вучыліся канструктыўнай крытыцы. Віктар Анатольевіч расказаў, што гэты трэнінг дакладна быў карысным для маладых паэтаў.

— Мікіта Каўзановіч, што прыехаў з Барысаўскага раёна, сказаў мне, што цяпер яму трэба перапрацаваць свае творы. Падчас палутарагадзіннага занятка ён найшоў у іх недахопы, — паведаміў літаратар.

Так сама Віктар Шніп адзначыў важнасць мерапрыемства. Дзякуючы фестывалю, маладыя літаратары наладзілі камунікацыю і зараз змогуць абменьвацца сваімі поглядамі на творчасць, дзяліцца вопытам.

Перад пачаткам канцэрта «Не гаснуць зоркі ў небе…» госці Лагойшчыны маглі прыняць удзел у віктарынах, прысвечаных творчасці Янкі Купалы, сфатаграфавацца ў фота-зоне, якую асбталявала цэнтральная раённая бібліятэка.

Адным з удзельнікаў фестывалю быў прадстаўнік Пухавіцкага раёна Дзмітрый Карасік. Ён піша на рускай і беларускай мовах. Малады чалавек, які працуе дырэктарам сельскага клуба падзяліўся ўражаннямі ад візіта ў музей «Акопы»:

— Там я зразумеў, што ў школе ведаў Янку Купалу паверхнасна. Падчас экскурсіі пагрузіўся ў яго жыццё з галавой. Гэта мерапрыемства проста супер!

Салігарчанка Анастасія Малюжыц прысвячае свае радкі Радзіме. Паэтка расказала, што пачала пісаць вершы ў адзіннацаць гадоў (зараз ёй шаснаццаць).

— На канцэрце я буду чытаць свой верш «Беларусь мая», — паведаміла дзяўчына.

А вось Яна Акімава пачала складаць вершы ў васьмігадовым узросце. Сярод любімых творцаў яна назвала Максіма Багдановіча, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, Уладзіміра Маякоўскага, Шарлоту Бронтэ.

У пачатку канцэрта да ўдзельнікаў форума звярнулася начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Краўчонак. Яна падкрэсліла, што праз школу «Слова Купалы да творчасці кліча» прайшло каля 400 паэтаў, пажадала ўдзельнікам фестывалю натхнення і добрага настроя.

На канцэрце прагучалі песні на словы класіка паэзіі, ансамбль «Квецень» станцаваў беларускі народны танец, а дзяўчаты з абразцовага ансамбля народнай музыкі «Валошкі» вельмі пранікліва выканалі народную песню. Кульмінацыяй канцэртнай часткі стаў паказ народным тэатрам Пухавіцкага РЦК урыўка з драмы «Раскіданае гняздо».

Пасля пачалася цырымонія ўзнагароджання. Усе прысутныя паэты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.

Трэцяе месца заняла Аліна Шакаль, другое і першае падзялілі сёстры-двайняты Дар’я і Анастасія Грыбовічы.

Таксама маладыя паэты падзяліліся са сцэны ўласнай творчасцю. Вельмі моцным на набор эпітэтаў і дарослых эмоцый быў твор Яны Акімавай. У сваім вершы яна выкарыстала сувязь любоўных і філасоўскіх пачаткаў. Дзмітрый Карасік прачытаў верш, прысвечаны роднай вёсцы. Вельмі спадабаўся залу верш Аліны Шакаль «Размаўляй са мной па-беларуску».

Пакідалі Лагойскі РЦК маладыя паэты з добрым настроем. У суботні дзень яны даведаліся шмат чаго новага пра Янку Купалу, палюбаваліся пейзажамі «беларускай Швейцарыя», якая, мабыць, натхніць іх на новыя вершы.

Аляксандр Клімавец.