Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў прайшла 26 студзеня ў г. Чэрвень. У яе рабоце прынялі ўдзел спецыялісты сацыяльнай сферы Мінскай вобласці, дэпутаты, лідары прафсаюзнага руху, дэлегаты Усебеларускага народнага схода.
У прэзідыум увайшлі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, памочнік Прэзідэнта Ігар Яўсееў, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў. Мадэратарам сустрэчы выступіў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін.
Вітаючы ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі, Іван Станіслававіч зазначыў, што яе можна назваць падмуркам і штуршком да развіцця нашай краіны на бліжэйшыя 5 гадоў .
Напачатку ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з гісторыяй і сучаснасцю Чэрвеня – раённага цэнтра, які ў мінулым годзе прымаў абласныя «Дажынкі». Падчас падрыхтоўкі да свята хлебаробаў была праведзена вялікая праца па добраўпарадкаванні горада, абноўлены існуючыя сацыяльныя аб’екты і пабудаваны новыя (музей і дзіцячы садок).
Вынікі станоўчых пераўтварэнняў можна было ўбачыць падчас экскурсіі па горадзе. Гасцей шчыра віталі ў Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі, дзе створаны самыя лепшыя ўмовы для атрымання прэстыжных будаўнічых спецыяльнасцей, якаснага навучання і выхавання.
Тут жа прайшла прэзентацыя творчых праектаў устаноў адукацыі Чэрвеньшчыны.
Якіх вынікаў могуць дасягнуць таленавітыя дзеці пад кіраўніцтвам не менш таленавітых педагогаў, прадэманстравалі ў Чэрвеньскай дзіцячай школе мастацтваў.
Цікава было азнаёміцца з экспазіцыяй нядаўна адкрытага Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея.
Затым удзельнікі дыялогавай пляцоўкі наведалі выставы «Міншчына спартыўная» і «Міншчына турыстычная», арганізаваныя ў Чэрвеньскай СДЮШАР.
Тут жа ўвазе гледачоў былі прадстаўлены музейныя праекты «Карціны Хаіма Суціна, якія ажылі» і музычная гасцёўня «Станіслаў Манюшка – дзеяч беларускай музычнай культуры».
У спартыўнай зале прайшло абмеркаванне важных тэм. Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі паднялі шэраг пытанняў, якія датычыліся развіцця медыцынскай галіны, адукацыі, спорту і турызму, культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі, выхавання падрастаючага пакалення.
Якія перспектывы атрымання жылля ёсць у маладых спецыялістаў? Як плануецца вырашаць дэмаграфічную праблему? Ці паказала сваю эфектыўнасць стварэнне медыяхолдынгаў? Як зрабіць больш эфектыўнай прафарыентацыйную работу ў школе?
На гэтыя і іншыя пытанні грунтоўныя адказы далі прадстаўнікі аблвыканкама, спецыялісты галіновых ведамстваў, арганізацый і ўстаноў. Свае меркаванні па агучаных тэмах выказалі ўсе жадаючыя.
У выніку атрымаўся плённы дыялог зацікаўленых асоб, якія выступаюць за прагрэсіўнае развіццё нашай краіны.
– Я атрымаў сёння вялікае задавальненне ад сустрэчы, паглядзеў, колькі ў нас аднадумцаў, – адзначыў у заключным слове Ігар Яўсееў. – Чырвонай лініяй прайшла тэма сям’і, дэмаграфічнай праграмы, але самае галоўнае – маральна-духоўнае, палітычнае выхаванне нашай моладзі. Вялікі дзякуй мадэратару, усім удзельнікам за паднятыя пытанні.
Больш падрабязна пра працу абласной дыялогавай пляцоўкі чытайце ў бліжэйшым нумары раённай газеты «Родны край».
Алена Масцерава.
Фота аўтара і карэспандэнтаў газеты "Мінская праўда".