Новости
"Мая малая радзіма": конкурсныя работы
главное
1975 дня(-ей) назад
2
4

Малая радзіма – святое месца для кожнага з нас. Яно цягне да сябе нябачнай, але дужа моцнай ніткай. І не мае значэння, што гэта — горад ці вёсачка — для нас яна найпрыгажэйшая і лепшая, бо тут  самыя квяцістыя сады, самыя лепшыя краявіды, самы непаўторны водар, а яшчэ тут жывуць асаблівыя людзі.

Я родам з Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, але па волі лёсу жыву і працую на Лагойшчыне ўжо амаль 40 гадоў. Палюбіла яе прыгожыя краявіды, працавітых і сумленных людзей. Лагойшчына стала для мяне другой радзі-май.

Але часта начамі сняцца мясціны, дзе я нарадзілася,  дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва, дзе знайшлі свой вечны прытулак мае продкі і  бацькі – невялікая вёсачка Аляксееўка, маленькая кропачка на карце Беларусі, парушынка ў Сусвеце  і самая дарагая майму сэрцу.

Я родам з Палесся, паўднёвага краю,

Дзе цягнуцца ўдалеч, як стрэлкі, дарогі.

Тут хлебам і соллю людзей сустракаюць,

Сюды, у дзяцінства, вядуць мяне ногі.

Тут сонца ярчэй і лугі зелянейшыя,

І  хвалі ў рэках такія шумлівыя.

Душою і сэрцам тут людзі дабрэйшыя,

А дзеці раджаюцца толькі шчаслівыя.

Дзяўчаты тут стройныя і працавітыя,

І хлопцы, як волаты, спрытныя, дужыя.

Народам тут песні дзядоў не забытыя,

У працы і ў горы вяскоўцы ўсе дружныя.

Я родам з Палесся, цудоўнага краю,

Дзе сосны, як мачты, упіраюцца ў неба.

Радзіме бацькоў і дзядоў прысягаю:

Зямель мне  чужых і багаццяў не трэба.

Нішто не паўтараецца і не вяртаецца назад. Часам хочацца кінуць усё і паехаць туды, дзе ўсё такое знаёмае, мілае і дарагое. Але… пустуе родная хата. Пустуе мясцовая школа, якая некалі ўмяшчала каля 400 дзяцей.

Аджывае свой век родная вёска, бо па прычыне чарнобыльскай аварыі яна папала пад высяленне. І толькі на Радуніцу яна ажывае, бо людзі з’язджаюцца  з усіх канцоў свету, каб памянуць сваіх родных і блізкіх.

На гэтых фотаздымках – самыя блізкія для мяне людзі і самыя дарагія сэрцу мясціны.

Родная школа, якая адчыніла дзверы ў дарослае жыццё.

Дай Божа здароўя майму класнаму кіраўніку.

Толькі на Радуніцу ўсё ажывае на могілках. Вечная памяць маёй матулі і маёй першай настаўніцы.

Я жадаю табе пражыць як мага болей, мая вёсачка, мая малая радзіма! Таму што ты – маё жыццё, мая памяць, мае хвілінкі радасці і смутку...

Ніна Грахоўская, в. Акцябр.