Новости
01.05 Новости
У дзень 90-годдзя Ніла Гілевіча дзелімся ўспамінамі пра паэта
главное
945 дня(-ей) назад
2
4

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна. Падобны пачатак мае большасць артыкулаў пра жыццёвы шлях паэта. Аднак калі гаварыць пра канкрэтнае месца, дзе ён з’явіўся на свет, то гэта вёска Лагаза. І хоць народнага паэта Беларусі не стала 29 сакавіка 2016 года, захаваліся яго ўспаміны, дзе ён расказвае пра час і месца свайго нараджэння.

Гэта адбылося каля магілы невядомага салдата, амаль насупраць цяперашняга аўтобуснага прыпынка ў Лагазе. Яго маму, якая вось-вось збіралася нарадзіць, у бальніцу ў Лагойск вёз брат, але роды пачаліся ў дарозе. Пакуль дзядзька бегаў па дапамогу, голас пляменніка ўжо гучаў над вёскай – маці нарадзіла сына сама. Усяго ж у сям’і Гілевічаў было 10 дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве.

На месцы нараджэння Ніл Гілевіч заўсёды спыняўся па дарозе ў родную Слабаду, дзе прайшло яго дзяцінства. А я вырасла якраз у ста метрах ад помніка невядомаму салдату. Калі 31 лістапада 2001 года на творчай сустрэчы са студэнтамі ў педагагічным універсітэце расказала пра гэта паэту, то Ніл Сымонавіч, пакідаючы аўтограф на кнізе сваіх твораў, напісаў:  «Мілай зямлячцы Алене Масцеравай з вялікай верай у Ваш светлы лёс».

Пасля гэтага, у пачатку наступнага года, у Доме літаратара праходзіў злёт маладых паэтаў, на якім таксама прысутнічаў Ніл Гілевіч. Я была ўдзельніцай злёту, пасля якога дала пачытаць свае вершы Нілу Сымонавічу (зараз, напэўна, пасаромелася б даваць такія сырыя творы) . Ён, пазнаёміўшыся з імі, сказаў, што бачыць патэнцыял для далейшага развіцця паэтычнага таленту і параіў больш пісаць. Папраўдзе, пасля замужжа і нараджэння дзяцей каштоўнай парады паважанага творцы вельмі цяжка трымацца...

Імпрэза ва ўніверсітэце была не першай маёй сустрэчай з Нілам Гілевічам. Адна з юбілейных вечарын праходзіла ў Гайненскай школе, якую ён скончыў, у 1996-м годзе. Я тады была васьмікласніцай і прыехала на школьным аўтобусе ў Гайну з дэлегацыяй вучняў і настаўнікаў з іншых школ. Калі ў канцы вечарыны паэт даваў аўтографы, я не прыдумала нічога лепшага, чым даць яму… Псалтыр. Адзіная кніга, што была ў мяне з сабой! Ніл Сымонавіч мякка патлумачыў, што подпісы на такой кнізе ніхто не ставіць і распісаўся на паштоўцы, якую я знайшла ў сваёй сумцы.

Калі ў галаве з’явілася трохі больш розуму, стала вельмі сорамна за той выпадак. Але запомніліся далікатнасць і выхаванасць паэта, які быццам ведаў наперад: я ўсё сама зразумею.

Атрымаўшы дыплом настаўніцы і размеркаваўшыся ў Лагойскую гімназію, марыла правесці вечарыну па творчасці Ніла Гілевіча. Якраз быў юбілейны, 2006 год, і мы з вучнямі падрыхтавалі вершавана-музычную праграму. Паказалі яе на школьнай сцэне ўвосень, тады ў паэта не атрымалася прыехаць на Лагойшчыну. А вясной Ніл Сымонавіч з Эдуардам Акуліным завітаў у гімназію і быў вельмі расчулены тым, як чытаюць яго вершы дзеці. Прызнаўся, што, рыхтуючыся да сустрэчы, многія з гэтых твораў збіраўся пачытаць сам.

Наступнае спатканне адбылося, на жаль, у Петра-Паўлаўскім саборы на Нямізеў 2016-м… Тады правесці народнага паэта ў апошні шлях сабраліся сотні людзей. Пахавалі нашага земляка на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Засталася ненапісаная з ім гутарка, бо я так і не даехала ў сталіцу, каб напісаць артыкул для раённай газеты. Засталіся непрачытаныя яму новыя вершы. І я зразумела, якія справядлівыя словы напісаў паэт яшчэ ў 1974 годзе:

Гаварыце з чалавекам, покуль ён мiж вас, жывы.
Не лiчыце марнай справай – пацiкавiцца, спытацца,
Што ён думае, напрыклад, пра свабоду, роўнасць, брацтва?
Або – як ён разумее абавязкi i правы?
Вось ён з вамi развiтаўся, а не ведаеце вы,
Што душа зiхцела россыпамi дум, як луг расою:
Мог бы шчодра падзялiцца – а забраў усё з сабою...
Гаварыце з чалавекам, покуль ён мiж вас, жывы.

Я напісала пра сустрэчы з чалавекам у школьным, студэнцкім і працоўным узросце, а на самой справе ведала яго з самага дзяцінства. З першых кніг, дзе чытала яго вершы. З першых твораў, якія вучыла на памяць. З першых песень на яго словы, якія ад усёй душы спявалі на ўроках музыкі. «Я – беларус!», «Край мой беларускі, край», «Цуд тварыўся – я праспаў!», «Вы шуміце, бярозы»…

Калі зараз бяру ў рукі кнігу – бачу яго добрую ўсмешку, яго шчырыя вочы. Спяваю – і чую яго мяккі, глыбокі голас. Тады разумею: Вы з намі, Ніл Сымонавіч, Вы тут, сярод нас, Вы жывы! Бо тут і цяпер жыве ваша слова - роднае, беларускае, святое. 

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.