Новости
Каронавірус. Жыццё адмяняецца?
главное
1501 дня(-ей) назад
2
4

Я з самага пачатку вельмі спакойна рэагавала на ўсе навіны, звязаныя з каронавірусам у Кітаі. Гэта было далёка. Гэта было незразумела. Гэта не ўспрымалася як цалкам праўдзівая інфармацыя, бо ў сучасным свеце вельмі цяжка адрозніць праўду ад хлусні.

Я заставалася спакойнай, калі вірус пачаў распаўсюджвацца ў іншых краінах. Выпадкаў захворвання было не так і шмат, ды і смяротнасць ад яго ў параўнанні з іншымі хваробамі не такая і высокая. Хаця крыху пачыналі напружваць здымкі пра паніку ў сацсетках. Напрыклад, сябар з Кракава на мінулым тыдні сфатаграфаваў пустыя паліцы ў невялікай крамцы. А ўслед за ім аднакласніца, жыхарка Швецыі, паказала апусцелы супермаркет.

Мне нават удавалася захоўваць спакой, калі першыя лабараторна пацверджаныя факты каронавірусу зарэгістравалі ў Беларусі. Навошта панікаваць? Кантакты з тымі, хто прывёз вірус з-за мяжы, абмяжоўваюцца, усе грамадзяне з групы рызыкі лабараторна абследуюцца, правілы прафілактыкі захоўваюцца, яны вядомыя і даступныя для выканання.   

Але як віруе інтэрнэт?! Сотні паведамленняў і інфармацыйных укідаў за суткі! І так кожны дзень.

Сын-шасцікласнік тэлефануе са школы і пытае: “А праўда, што ў Лагойску шпіталізавалі чалавека з падазрэннем на каронавірус?” Дачка настойліва просіць купіць ёй у аптэцы антысептык (дарэчы, беларускі антыбактэрыяльны гель набыла ў магазіне касметыкі, прадуктаў і тавараў для дома). Сын-студэнт не ведае, ці перавядуць іх на індывідуальнае навучанне. А малы наш дашкольнік… проста не хоча хадзіць у дзіцячы садок

Заняткі па польскай мове ад Інстытута польскага перавялі ў анлайн, як і лекцыю “Старога Ольсы” да Дня еўрапейскай музыкі пакажуць толькі ў інтэрнэце. А мы з сям’ёй збіраліся на яе паехаць у суботу, 21 сакавіка. На міжнародны конкурс “Новыя вяршыні” 22 сакавіка мы таксама са “Шчодрыцай” не паедзем: будзем запісваць відэа нашага выступлення замест жывога выканання на сцэне.

На выхадных стала вядома, што адмянілі “Турнір Тышкевічаў”, які планаваўся ў наступную нядзелю. І анлайн (!) адбор школьных каманд на прызы ад “Расатама” таксама адмяняецца. Ладна, падумала я, там жа збіраецца шмат дзяцей, перасцярога не будзе лішняй… А сама спадзявалася згуляць у “Што? Дзе? Калі?” са сваёй камандай у пятніцу на хатнім лагойскім турніры, дзе ніколі больш за 50 чалавек не збіраецца. Але і яго не будзе…

Выказала сваё незадавальненне калегу. А ён у адказ: “Што твае інтэлектуальныя гульні, калі ў еўрапейскіх краінах адмянілі футбольныя і хакейныя матчы, і, па чутках, збіраюцца перанесці Чэмпіянат Еўропы па футболе на наступны год!”   

У кожнага, як аказалася, свой маштаб трагедыі. Псіхолагі, наадварот, раяць выкарыстоўваць час напоўніцу: паглыбляцца ў сябе, чытаць, слухаць музыку, размаўляць з роднымі – увогуле, сцішыць свой бег, спыніцца, азірнуцца і прааналізаваць жыццё.

Зразумела, што меры для нераспаўсюджвання неабходна прымаць, аднак яны павінны быць адэкватнымі. Магчыма, сусветная супольнасць у трывозе, бо не ведае, як доўга будзе распаўсюджвацца хвароба, як яе перамагчы. Але барацьба з каронавірусам вядзецца якраз для таго, каб жыццё працягвалася, а не адмянялася…