Новости
Ноч музеяў у Лагойску: якія экспанаты вас дакладна здзівяць
главное
15 часа(-ов) назад
2
4

У суботу, 17 мая, у рамках маштабнай Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў-2025» Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў расчыніў свае дзверы для бясплатнага наведвання. У гэты дзень усіх жадаючых запрасілі на экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі.

На самай ранняй з іх, што пачыналася ў 10.00 даждждлівага, халоднага дня, слухачоў было няшмат. Наступныя праходзілі ўжо з большай колькасцю гасцей.

Навуковы супрацоўнік Вера Казак экскурсію па адчыненай ў мінулым годзе зале Тышкевічаў пачала з пытання: колькі гарадоў у Беларусі? Лагайчанка Кацярына Вярбіцкая, якая прыйшла сюды з сям’ёй, выбрала правільны адказ – 115, і сярод іх Лагойск, адзін з самых старажытных, які ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1078 годзе.

Якую ролю выконваў глыбокі роў вакол замчышча? Чаму старажытныя гарады будавалі паблізу водных аб’ектаў? Прагучалі адказы на гэтыя і мноства іншых пытанняў пра лёс Лагойска на працягу стагоддзяў.

Цікавай старонкай яго гісторыі сталі часы, калі горад апынуўся ва ўласнасці Тышкевічаў, якім і прысвечана значная частка пастаяннай экспазіцыі. Адным з экспанатаў, што адразу прыцягвае погляд, з’яўляецца вялікі макет палаца, пабудаваны графам Піем Тышкевічам з 1814 па 1819 гады. Рэшткі яго мы сёння бачым у лагойскім парку. А вось у некаторых іншых гарадах падобныя цагляныя будынкі прадстаўнікоў славутага роду захаваліся і да нашага часу. Напрыклад, у Валожыне ў былым палацы Тышкевічаў сёння размешчаны аддзел унутраных спраў.

Ёсць у нашым раёне і іншыя архітэктурныя сляды знакамітых графоў. А ў музеі можна ўбачыць арыгінальную пячатку аднаго з Тышкевічаў, Альгерда, цагліны з тагачасных пабудоў, а таксама кнігу пісьменніка ХІХ ст. Юзафа Крашэўскага, якая ўваходзіла ў бібліятэку Тышкевічаў.

У сучаснай экспазіцыі ёсць партрэты і цэлы кабінет Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, братоў-археолагаў, этнографаў, заснавальнікаў першага на Беларусі музея старажытнасцей, размешчанага ў залах палаца ў маленькім гарадку над Гайнай.

Невялікая карцінная галерэя на тэму Лагойска і яго знакамітых асоб, макеты храмаў, этнаграфічны раздзел – у межах 1-2-гадзіннай экскурсіі магчыма зрабіць толькі агульны агляд экспазіцыі. А вывучаць асобныя прадметы можна яшчэ доўга. Амаль векавыя цымбалы, маленькі, але важкі металічны прас для падарожнікаў і іншыя рэчы расказваюць пра багатую гісторыю Лагойшчыны і Беларусі.

Трагічнай старонкай з’яўляюцца ваенныя падзеі. Зала, якая расказвае пра іх, яшчэ чакае свайго абнаўлення. Аднак і сённяшнія экспанаты – фотаздымкі, дакументы, карты, рэчы ваеннага часу – пакідаюць след у сэрцы кожнага наведвальніка. Нездарма юная Адэліна Вярбіцкая, калі дзялілася ўражаннямі пра экскурсію, адзначыла, што найбольш ёй спадабаўся аповед пра Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі нашага раёна, пра якую апошнім часам шмат расказваюць у школе.

Яе мама Кацярына Вярбіцкая падзякавала Веры Казак за такі падрабязны экскурс у гісторыю, а археолаг і гісторык Уладзімір Хартановіч, які спецыяльна прыехаў у Лагойск са сталіцы, даў высокую ацэнку абноўленай зале, назваўшы яе самай каштоўнай часткай музейнай установы.

Алена Масцерава.