Яшчэ ў сакавіку Лагойская дзіцячая школа мастацтваў анансавала сольны канцэрт народнага ансамбля народнай музыкі «Лагожа», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І вечарам 7 мая педагогі – ўдзельнікі творчага калектыву – выйшлі на сцэну ў незвычайным амплуа: не ў касцюмах з нацыянальным каларытам, як іх прывыкла бачыць публіка, а ў салдацкіх гімнасцёрках. Іх вобраз цалкам адпавядаў заяўленай у афішы назве – «Память пылающих лет».
Гэта было не проста музычнае выступленне: вядучая, педагог Таццяна Зелянко, перад кожным нумарам чытала вершы на ваенную тэму, расказвала гісторыю стварэння таго ці іншага твора, таму канцэрт стаў сапраўдным гістарычным падарожжам у часе, музыцы, паэзіі. Пасля знаёмства з перадгісторыяй з’яўлення песень гледачы ўспрымалі іх зусім інакш – напэўна, больш асэнсавана, уважліва, пранікнёна.
Напрыклад, «Случайный вальс» аўтарства паэта Яўгена Далматоўскага і кампазітара Марка Фрадкіна быў напісаны ў 1943 г. і звязаны з рэальным эпізодам ваеннай пары. Аднойчы лётчык Васіль Васільеў у адной з прыфрантавых вёсак убачыў моладзь, якая танцавала пад музыку, і адзінокую дзяўчыну Зіну, якую ён запрасіў на танец. Знаёмства было кароткім, бо Васіля тэрмінова выклікалі на фронт. Лётчык расказаў пра гэта кампазітару і папрасіў напісаць песню для Зіны, каб яна, пачуўшы яе, адгукнулася. І сапраўды, як толькі вальс з’явіўся ў эфіры, на радыё прыйшло пісьмо ад дзяўчыны, дзе яна пыталася пра адрас Васільева. Аднак лётчык адказаць ёй ужо не мог, бо загінуў у паветраным баі, а прыгожая песня засталася.
Гэты вальс, як і большасць вакальных нумароў, а таксама партыі на флейце, выконваў артыст «Лагожы» Андрэй Сцяпанаў. Яго аксамітны тэмбр і глыбокае пражыванне кожнай кампазіцыі выклікалі шквал апладысментаў пасля кожнага твора. Асабліва выразна яны гучалі пасля вядомай песні «Журавли» на музыку Яна Фрэнкеля. Словы да яе напісаў пасля вайны паэт Расул Гамзатаў, уражаны помнікам у гонар сям’і Газданавых з Паўночнай Асеціі, у якой адзін за адным пры абароне Айчыны загінулі сямёра сыноў. Абеліск у выглядзе смуткуючай матулі і сямі птушак, што ляцяць удалеч, стаў у песенным рэквіеме правобразам журавоў – сімвалаў памяці пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Ад імя соцень тысяч жанчын, якія з-за вайны не стварылі сям’ю, не пазналі мацярынскага шчасця, праспявала шчымлівую песню «Если б не было войны» Яна Пратасевіч. Настаўніца, акрамя вакальнай, выконвала на канцэрце партыі на перкусіі. Гэты музычны твор напісаў да фільма «Приказ – огонь не открывать» Марк Мінкоў, прычым атрымалася ў яго не адразу. Ён доўга думаў над мелодыяй, і ў яго вушах увесь час гучала фраза, якую часта паўтарала бабуля: «Калі б не было вайны». Тэкст па яго просьбе напісаў паэт-франтавік Ігар Шафяран.
І так кожная песня, добра вядомая прадстаўнікам розных пакаленняў, гучала для лагайчан па-новаму, закранала ўсе струны душы: «Тёмная ночь», «На безымянной высоте», «Эх, дороги», «Тальяночка», «Тучи в голубом» і іншыя.
Адна з закранутых у праграме тэм была асабліва балючай – дзеці ў блакадным Ленінградзе. Высокім, чыстым голасам нагадаў пра яе юны вакаліст школы мастацтваў Міхаіл Мілашэўскі з песняй «Ленинградские мальчишки».
А затым прагучала гісторыя, стрымаць слёзы ад якой складана было нават вядучай. Калісьці яе пачуў зусім малады паэт Вадзім Ягораў ад свайго дзеда-франтавіка, аднаго з арганізатараў масавай эвакуацыі дзяцей з блакаднага Ленінграда ў тыл. Немцы блакіравалі горад з сушы, і выбрацца можна было толькі па Ладажскім возеры. Як толькі караблі з дзецьмі адплылі ад берага, пачалася фашысцкая паветраная атака. Калі дым ад яе развеяўся, людзі ўбачылі ў свінцовых хвалях толькі белыя панамкі – яны калыхаліся на вадзе, як белыя гарлачыкі… Зразумела, з якім горкім пачуццём даводзілася слухаць песню «Белыя панамкі», напісаную Вадзімам Ягоравым, у выкананні дзіцячага вакальнага ансамбля «Дольчэ».
Аднак наступнае выступленне дзяцей накіравала думкі гледачоў у бок надзеі і перамогі святла над цемрай. Ансамбль «Акорд» падняў настрой яркім пасадоблем «Рыо-Рыта». Мелодыю «Смуглянкі» ў выкананні акардыяністкі Міланы Лейчанка горача падтрымала ўся зала.
Госці канцэрта, дарэчы, напрыканцы мерапрыемства атрымалі трохвугольнікі, у выглядзе якіх у вайну дасылаліся салдацкія пісьмы. Разгарнуўшы папяровы трохкутнік, лагайчане ўбачылі ўнутры тэкст сапраўднага шлягера Уладзіміра Харытонава і Давіда Тухманава «День Победы», які і праспявалі гучна разам з «Лагожай».
Гэтым цудоўным майскім вечарам, акрамя вышэйназваных салістаў, радавалі сваімі талентамі скрыпачы Аляксей Раманаў і Яна Башура, цымбалісткі Вольга Бандарчук і Юлія Сіняўская, на ўдарных існтрументах – Арына Савянко, бас-гітары – Ніна Жалабковіч, баяне – кіраўнік ансамбля Аксана Святлічная.
Старшыня ветэранскай арганізацыі Лагойскага раёна Мікалай Крэсік ад імя ўсіх гледачоў падзякаваў сапраўдным прафесіяналам лагойскай сцэны і павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым вялікім святам Днём Перамогі, пажадаўшы спакойнага жыцця пад мірным небам.
Алена Масцерава.