Новости
Свята вёскі прайшло ў Ганявічах
главное
143 дня(-ей) назад
2
4

Чараду святаў вёсак сёлета распачалі Ганявічы. У мінулую суботу, нягледзячы на спякотнае надвор’е, тут сабраліся багатыя на жыццёвую мудрасць i вопыт вяскоўцы і тыя, хто працягвае летапіс гэтага краю.

Землякоў шчыра вітала старшыня Швабскага сельвыканкама Людміла Тупiк.

- Лёсы людзей, што нарадзіліся тут, склаліся па-рознаму, -- зазначыла Людміла Уладзіміраўна. – Адны засталіся ў родных мясцінах, другія раз’ехаліся па свеце. Але любоў да бацькоўскага края не знішчаюць ні кіламетры, ні гады, ні іншыя абставіны. Вось чаму мы і сабраліся сёння разам, каб падзяліцца ўспамінамі і навінамі.

- Такія святы падкрэсліваюць нашу еднасць і адданасць Бацькаўшчыне, -- лічыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Людміла Муравіцкая, якая завітала на свята. – Гэтыя пачуцці мы перадаем сваім дзецям і ўнукам, як вялікую каштоўнасць.

Пра гісторыю роднай вёскі, якой у наступным годзе споўніцца 630 гадоў, нагадала прысутным Ніна Паўлавец. Яна тут нарадзiлася, правяла дзяцiнства і юнацтва. Пасля замужжа разам з сям’ёй жыла ў горадзе, а потым зноў вярнулася.

Першымі словы павагі і падзякі пачулі самыя сталыя вяскоўцы: Рэгіна Анiскавiч, Валянціна Ясюкевiч і Галіна Кункевiч, якія сёлета адзначаюць 85 гадоў. Гэтыя жанчыны i цяпер руплiвыя гаспадынi, самыя лепшыя матулi, бабулi i прабабулi.

Не абышлі вядучыя ўвагай і маладзейшых юбіляраў: Галіну Мароз, Антона Ліпляніна, Анатоля Ціхановіча, Сяргея Шыпёнка, Людмілу Кункевіч, Ларысу Пятровіч, Валерыя Ліпляніна, Уладзіміра Заянчукоўскага і  Марыю Табэрку. 

Незабыўнай старонкай у гісторыі любога беларускага куточка з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Не абмінула яна і Ганявічы. Акупанты пазбавілі жыццяў 11 жыхароў, 12 вяскоўцаў вывезлi у Германiю. У баях за свабоду Радзімы 30 землякоў загiнулі на фронце і 5 -- у партызанскай барацьбе. I хоць з таго часу прайшло 80 гадоў, светлая памяць застаецца ў сэрцах жывых. Дарэчы, тут нарадзiуся герой Савецкага Саюза Іван Захараў. Шкада, што не засталося тых, хто ведаў яго. Хвілінай маўчання ўшанавалі вяскоўцы тых, каму абавязаны мірным небам.

Пад ім шчыруюць людзі самых розных прафесій. Словы асаблівай удзячнасці прагучалі у адрас тых, хто звязаў свой лёс з працай у сельскай гаспадарцы.

І цяпер у вёсцы жывуць маладыя сем i. У Марыi Табэркі растуць трое дзетак, малодшай з якіх споўнілася тры гады. А ў Сяргея і Аляксандры Гурскіх выхоўваецца самы маленькі жыхар Ганявіч – двухгадовы Герман.

Сярод карэнных жыхароў вёскi ёсць i дачнiкi. Яны прыязжаюць сюды ў вольны ад працы час, каб не толькі адпачыць на прыродзе, але і  папрацаваць на сваiм участку. Больш руплівыя гаспадары атрымалі падарункі за ўзорны догляд сядзіб.

А смачнага каравая хапіла для ўсіх, хто завітаў на свята. Не было такога вяскоўца, якога абмінулі увагай, не павіншавалі вершаванымі радкамі і песняй.

А самыя маленькія землякі бавілі час на розных атракцыёнах.

Свята было падрыхтавана сельвыканкамам і артыстамі сельскага клуба, вакальны гурт якога “Швабскія весялухі” добра вядомы  на Лагойшчыне.

Яго ўдзельніцы і прыгожы словы віншаванняў знаходзяць, і песні шчырыя спяваюць, могуць станчыць разам з гледачамі, падняць настрой вясёлымі сцэнкамі. Усё так адбывалася і на гэты раз.

Валянціна КОРЗУН.