Каб адзначыць народнае свята, жыхары і госці Лагойска пачалі збірацца ў гарадскім парку значна раней за прызначаны час. Ужо гадзін з дзевяці вечара, а то і раней, тут працавалі атракцыёны, прадпрымальнікі і палаткі Лагойскага філіяла спажыўтаварыства гандлявалі рознымі прысмакамі (дарэчы, як для дзяцей, так і для дарослых), цацкамі, паветранымі шарамі.
Зразумела, што вялікім попытам карысталіся палявыя кветкі, букецікі з іх і вяночкі.
Дарэчы, супрацоўніцы Дома рамёстваў таксама давалі майстар-клас па іх пляценнні.
– Вянок на самой справе мае глыбокі сакральны сэнс, – адзначыла Таццяна Камінская. – Кожная кветачка ў ім, кожная траўка мае сваё значэнне. І пры пляценні гэта трэба ўлічваць.
На свята ў Лагойск завіталі і госці са сталічнага поні-клуба. Яго выхаванцы – два маленькія конікі – каталі па парку лагойскіх малеч.
Тым часам на пляцоўцы ішоў канцэрт, які падрыхавалі для гледачоў супрацоўнікі Цэнтра культуры.
А потым пачалося прадстаўленне.
Па задумцы аўтара сюжэт развіваўся наступным чынам. Сучасны хлопец, наведваючы бар, раптам трапляе ў мінулае. І апынаецца недзе на беразе, паміж лесам і балотам, паміж небам і зямлёй. Там, у самую Купальскую ноч з ім адбываецца нешта неверагоднае: ён сустракае лешага і вадзянога, чарцэй і іншых нячысцікаў.
Але там ён таксама сустракае сярод мясцовых дзяўчат прыгажуню Купалінку. Ён разумее, што пакахаў яе.
Але каб выратаваць дзяўчыну і падарыць шчасце ёй і яе сяброўкам, хлопцу трэба знайсці папараць-кветку. Чароўная расліна таксама можа дапамагчы вярнуцца яму ў сучаснасць… Але як развітацца з каханай?..Тым не менш, у Купальскую ноч усё магчыма. І казка скончылася шчаслівым канцом.
Папараць-кветку знайшлі. Яна падарыла ўсім людзям шчасце, ад яе зіхацення запаліліся не толькі купальскія вогнішчы, але і людскія сэрцы.
У парку яшчэ доўга гарэла вогнішча. А вакол яго моладзь вадзіла карагоды, гучалі песні, сустракаліся пары. Спадзяемся, што ў гэтую чароўную ноч хтосьці тут знайшоў сваё каханне і шчасце.
Ірына Станкевіч.