У прыватнасці, даведаліся, што думаюць людзі пра замацаванне паняцця сям’і як саюза мужчыны і жанчыны, а таксама пра тое, што кожны чалавек нясе адказнасць за сваё здароўе. Нам было цікава, якія папраўкі ўнеслі б лагайчане ў Канстытуцыю, калі б мелі магчымасць увайсці ў рабочую групу па іх распрацоўцы.
Таццяна Канаш:
— Разнаполая сям’я ў беларускім грамадстве – гэта традыцыя, закладзеная нашымі бацькамі, продкамі, мы да іншага не прызвычаены. А каб шлюбы былі моцнымі, мужчына з жанчынай павінны знаходзіць кампрамісы.
Калі ты выбраў чалавека, трэба разам са сваёй палавінкай працаваць над пабудовай узаемаадносін, падтрымкай эмацыйнага камфорту у сям’і, над яе развіццём і цэласнасцю. Да шлюбу неабходна падыходзіць абдумана, не спяшаючыся, прымаючы ўзважаныя рашэнні.
Не варта ствараць сям’ю толькі дзеля дзяцей. Яны не павінны адказваць за бацькоўскія крыўды, пакутаваць, калі ў мамы і таты нешта не атрымліваецца.
Што датычыцца здароўя, то кожны чалавек дбае пра яго сам. Гэта здаровы лад жыцця, заняткі спортам, удзел у спаборніцтвах. Дарослыя, якія прыходзяць на іх са сваімі дзецьмі, у выніку арганізуюць цікавы і карысны занятак для ўсёй сям’і.
А наконт паправак у Асноўны Закон – я б магла сказаць нешта канкрэтнае, калі б займалася гэтай тэмай, ведала ўсе нюансы. Другое пытанне: як будуць рэалізоўвацца прапанаваныя змены ў поўнай меры на практыцы?
Кацярына Арлоўская:
— Сям’я як саюз мужчыны і жанчыны – гэта натуральна. Тут не павінна быць двухсэнсоўнасці. Іншая справа, ці дапаможа гэта ўмацоўваць і захоўваць сем’і, таму што, на мой погляд, Канстытуцыю ведаюць лічаныя асобы. Шмат хто чытаў яе толькі ў школе, а дома гэта маленькая кніжачка ёсць толькі ў адзінак. Таму проста змяніць нейкія палажэнні – мала, трэба адукоў-ваць людзей, расказваць пра законы даступна і цікава.
Разам з тым, адзначу, што ў Беларусі і так шмат робіцца для сям’і, нараджэння дзяцей. У мяне, напрыклад, чацвёра дзетак, мы пры дзяржпадтрымцы пачалі дом будаваць. Хаця гэта дапамога, канечне, адчуваецца больш у выпадку са шмат-дзетнымі сем’ямі.
А тое, што чалавек павінен быць адказны за сваё здароўе… Я заўсёды лічыла, што так і ёсць. Не раблю сваім дзецям пры-шчэпкі ад нараджэння, толькі пасля 5 гадоў, бо лічу, што гэта маё права. Я сама ацэньваю сітуацыю і прымаю рашэнне, бо ў першую чаргу менавіта бацькі нясуць адказнасць за здароўе іх дзяцей.
Наконт працы над змяненнямі: я таксама належу да катэгорыі людзей, якія мелі справу з Канстытуцыяй толькі ў школе ці ва ўніверсітэце. Таму лічу, што галоўнае, каб гэтай кнігай беларусы карысталіся.
Таццяна Таль:
— Я не згодная з заходнімі меркаваннямі наконт ухвалення аднаполых шлюбаў. Прыродай закладзена тое, што дзіця нараджаецца ад мужчыны і жанчыны. У гэта ўмешвацца не трэба, і нават працэдура ЭКА, на мой погляд, з’яўляецца спрэчным пытаннем.
Сям’я – гэта ячэйка грамадства ў першую чаргу, таму дзіця павінна выхоўвацца і мамай, і татам. Важна шанаваць традыцыі, паважаць спрадвечныя сямейныя каштоўнасці, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне, выхоўваць дзяцей у духу любові і ўзаемапавагі.
Таксама бацькі павінны даваць ім прыклад у зберажэнні свайго здароўя, як мінімум прывучаць да здаровага ладу жыцця.
Калі наша нацыя будзе здаровай, то і дзяржава будзе моцнай. А для фізічнага развіцця ў нас створаны ўсе ўмовы, трэба толькі самім імкнуцца да гэтага. Ну і, безумоўна, медыцына павінна быць бясплатнай, якаснай, даступнай.
Таццяна Савянкова:
— Сям’я – гэта аснова грамадства. Дзіцяці, каб у яго сфарміраваліся нармальная псіхіка і светапогляд, патрэбны мама і тата. Каб сем’і не распадаліся, неабходна звяртацца да адукаваных, вопытных псіхолагаў, якія самі маюць сям’ю, а таксама да святароў, якія ў гэтым плане ўмеюць працаваць з людзьмі.
Самае галоўнае – разумець, што жанчына і мужчына па-рознаму ўспрымаюць свет, глядзяць на рэчы пад розным вуглом. Таму, перш чым ісці на стварэнне шлюбу, трэба расплюшчыць вочы, рэальна ацаніць чалавека, з якім хочаш правесці жыццё, прайсці з ім праз нейкія выпрабаванні, каб раскрыць яго і не спрабаваць потым яго змяніць.
Калі гаварыць пра адказнасць кожнага за сваё здароўе, трэба добра разумець, з якой мэтай уводзіцца такая фармулёўка. Кожнае паняцце можна трактаваць па-свойму.
А каб гаварыць пра тое, што яшчэ змяніць, варта добра вывучыць цяперашнюю Канстытуцыю. Напэўна, патрэбна ў першую чаргу звярнуць увагу на выхаванне маладога пакалення. Не толькі загружаць ведамі дзяцей, а фарміраваць іх светапогляд, вучыць разбірацца, дзе дабро, а дзе зло.
Алена Масцерава.