Новости
Восем школьных каманд спаборнічалі на раённым турзлёце
главное
1271 дня(-ей) назад
2
4

Сёлета раённы турзлёт праходзіў на беразе Плешчаніцкага вадасховішча. На працягу двух дзён, 11 і 12 чэрвеня, 8 вучнёўскіх каманд паказвалі свае турыстычныя навыкі, спаборнічалі не толькі ў спартыўных, але і творчых конкурсах.

Яшчэ ў першы дзень вызначылася тройка лідараў, якая і ў фінальнай турнірнай табліцы засталася такой жа. Першае месца ў раённым турзлёце заняла зборная Гайненскай СШ, другой стала СШ № 3 г. Лагойска, трэцяй – Астрошыцкая ўстанова адукацыі. Гэтыя каманды лідзіравалі ў тэхніцы пешаходнага і веласіпеднага турызму, эстафеце. А ў конкурсах творчых прэзентацый, турыстычных навыкаў і быту акрамя іх добра праявілі сябе вучні з Крайска, Завішына і Камена. Трэцім месцам за лепшую турыстычную газету нараўне з астрошыцкай і завішынскай была адзначана зборная вучняў Лагойскай СШ № 1 і Плешчаніцкай СШ № 2.

 

У суботу мы прыехалі на месца турзлёту ў абед, калі толькі прайшоў творчы конкурс. Судзейская калегія пад кіраўніцтвам дырэктара раённага цэнтра турызму і краязнаўства Галіны Вашкевіч ацэньвала газеты. У палатачным гарадку адны каманды гатавалі абед, іншыя – пачыналі збірацца да ад’езду. А некаторыя дзеці пад пільным наглядам настаўнікаў вырашылі паплаваць, тым больш надвор’е было спрыяльнае – сонечнае, цёплае, і дождж пырскнуў пасля абеду толькі на некалькі хвілін.

 

Ля самага возера размясціліся прадстаўнікі Астрошыцкай СШ. На абед тут планаваўся боршч, для якога настаўніца гісторыі Алена Макуцэвіч чысціла бульбу. Дзяўчаткі-ўдзельніцы каманды расказалі, што дзяжурства па кухні ў іх арганізавана па чарзе, і гаспадарчыя клопаты яны размяркоўваюць на ўсіх. А самым цікавым для школьніц стаў конкурс самадзейнасці, з якога яны вярнуліся вельмі ўзрушаныя – потым аказалася, што ў ім вучні з Астрошыц занялі першае месца.

– Я на турзлёце з дзецьмі ўпершыню, –  падзялілася педагог Іна Бельская. – І мне тут вельмі падабаецца. Лес, сонца, вада, палаткі – гэта і рамантычна, і здарова, і весела. Але два дні ў такім месцы – малавата, хацелася б больш.

На сцяжынцы да возера мы сустрэлі вучняў Гайненскай СШ з настаўнікам фізічнага выхавання Дзмітрыем Гатоўкам. Іх каманду прадстаўлялі на злёце 5 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі, якія на працягу ўсяго вучэбнага года займаліся ў турыстычным гуртку. Як прызнаўся педагог, напружанай і нервовай для яго была спартыўная частка, бо хацелася, каб вучні паказалі ўсе свае ўменні і навыкі. Гэта ў іх, на радасць Дзмітрыю Валер’евічу і іншых педагогаў, што суправаджалі каманду, выдатна атрымалася.

Член судзейскай калегіі Аляксандр Белы самай дружнай назваў зборную Крайскай СШ, 15 вучняў якой прыехалі з настаўнікамі Іванам Сянько, Аляксандрам Паўлоўскім і Ларысай Сабалеўскай. Іван Іванавіч паведаміў, што да раённага злёту дзеці гатовы былі рыхтавацца і вечарамі, і пасля ўрокаў – настолькі ім падабаецца турызм і спорт.

Настаўнікі Завішынскай школы прывезлі 12 вучняў, самымі актыўнымі з якіх назвалі старасту 6 класа Леру Гунько, спартыўную васьмікласніцу Машу Новікаву і капітана каманды, дзевяцікласніцу Паліну Брацун.

Не ва ўсіх дзетак, што займаюцца ў турыстычным гуртку СШ № 3 г. Лагойска, атрымалася паехаць на раённы злёт. Але гэта не перашкодзіла камандзе ўвайсці ў лік прызёраў. Як адзначыў настаўнік Аляксей Судніковіч, галоўнае нават не вынік, а тое, што дзеці шчаслівыя, што для іх была падрыхтавана добрая дыстанцыя і яны на ёй сябе добра паказалі. А ў трэцяй школе вучацца вопытныя турысты, якія шмат дзе бываюць і перамагаюць: напрыклад, на абласных спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор’і ў Станькава шасцікласнік Сямён Алексін заняў першае месца. 

Начальнікам спартыўнай праграмы на злёце быў Дзмітрый Вашкевіч, а Вольга Шаплыка – галоўным сакратаром судзейскай калегіі, у якую ўваходзілі прафесіяналы і аматары. Сярод іх, напрыклад, раённы педыятр Дзіяна Гілевіч, якая адзначыла, што адпачынак на свежым паветры – гэта сапраўды здорава і для дзяцей, і для дарослых. Дзіяна Мікалаеўна актыўна займаецца турызмам, едзіць на спаборніцтвы, а ў бліжэйшыя выхадныя ў складзе каманды медыкаў плануе ўзяць удзел у раённым турзлёце дарослых.

– Сёлета колькасць каманд удвая меншая ў параўнанні з папярэднімі гадамі, – зазначыла Галіна Вашкевіч. –  На гэта і эпідэміялагічная сітуацыя, і перанос палатачных лагераў, і іншыя фактары паўплывалі. Так што сабраліся самыя актыўныя, апантаныя вучні і педагогі. А з пераможцаў будзе сабрана каманда на абласны турзлёт.

З 15 чэрвеня на Плешчаніцкім вадасховішчы праходзіць абласны палявы лагер юных выратавальнікаў.

Алена Масцерава.