Міжнародны дзень тэатра адзначаюць акцёры, драматургі, рэжысёры і іншыя людзі, жыццё якіх з ім звязана. Гэта дата значная і для гледачоў, без якіх тэатральнае мастацтва проста не мела б сэнсу. Напярэдадні 27 красавіка мы пагутарылі з актыўнай гледачкай беларускіх спектакляў. Цікава было даведацца, якія тэатры, пастаноўкі, тэмы выбірае бібліятэкар з Лагойска Кацярына Халадок.
– Кацярына Мікалаеўна, у сацыяльных сетках вы змяшчаеце водгукі пра спектаклі, на якіх пабывалі. Вас можна назваць аматарам драматургіі са стажам?
– Насамрэч, я не так часта бываю ў тэатрах, як таго хацелася б. Калі дзеці былі малыя, то, каб трапіць самой у Мінск, трэба было пакінуць іх на кагосьці. Таму мы ездзілі разам з імі на спектаклі, напрыклад, у дзіцячы тэатр «Какао», акцёрам якога з’яўляецца мой муж Віталь.
Дарослыя пастаноўкі я пачала наведваць адносна нядаўна, у мінулым годзе, калі малодшаму сыну споўнілася 5 гадоў, старэйшай дачушцы 13-ць і знікла неабходнасць у пошуку нянек. Да таго ж маршруткі сталі хадзіць пазней, так што дабрацца дадому праблем не ўзнікае.
А любоў да тэатра прывіла яшчэ ў школьным узросце мой класны кіраўнік Людміла Пількевіч, якая часта вазіла вучняў у Купалаўскі тэатр, напрыклад, на «Паўлінку», «Ідылію» ці «Князя Вітаўта».
– Раскажыце пра спектаклі, якія вам найбольш спадабаліся.
– Я вельмі люблю тэатр лялек. Уразілі ў ім дзве пастаноўкі для дарослых. Спектакль «Пансион Бельведер» расказвае пра жыццё старых у пансіёне. Усе акцёры ў масках, карыстаюцца толькі рухамі і жэстамі, але гісторыя, без слоў данесеная імі да публікі, вельмі эмацыйная, кранальная, смешная і сумная адначасова.
«Интервью с ведьмами» – твор, на маю думку, не для ўсіх – спалучае ў сабе казкі братоў Грым, біблейскія сюжэты, гісторыі ахвяраў Халакосту, гендэрнай няроўнасці і нянавісці ў грамадстве. Гэты спектакль проста дастае нутро, але ён вельмі важны.
Спадабаліся пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. «Шлюб з ветрам» – прэм’ера 2019 года – неверагодны музычны спектакль на аснове беларускіх народных песень. «Чарнобыльская малітва», якая ідзе даволі рэдка, – вельмі эмацыйная п’еса па творах Святланы Алексіевіч. «Адамавы жарты» – камедыя, падчас якой публіка рагоча ад першай да апошняй сцэны. «ГЭТАМЫ» – незалежны тэатральны праект, які можна пабачыць у культурнай прасторы «Корпус». Ён абагулена паказвае жыццё ў вёсцы, закранае тэму вяртання да каранёў, а пастаўлены паводле кнігі Андрэя Горвата «Радзіва «Прудок». Цікава, што сюжэт гэтай жа кнігі лёг у аснову спектакля ў Купалаўскім тэатры. Але гэта дзве зусім розныя пастаноўкі.
– А што яшчэ вы глядзелі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы?
– Вырашыла далучыць да свайго захаплення тэатрам і старэйшую дачку, з якой мы пабывалі на візітнай картцы Купалаўскага – «Паўлінцы». Разам з ёй наведалі і пастаноўку па казачных творах Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Шыкоўная сцэнаграфія, музычнае афармленне, міфалагічныя сюжэты – шкадую, што не ўзяла на цікавы спектакль сярэднюю дачку: ёй 10, і яна таксама была б ад яго ў захапленні.
Яшчэ хацела б наведаць у гэтым тэатры «Пінскую шляхту» і «Караля Ліра».
Шмат арыгінальных пастановак маладых аўтараў можна ўбачыць не ў класічных тэатрах, а ў сучасных культурных прасторах. Напрыклад, у «ОК 16» я пабывала на п’есе «Стражи Тадж Махала». Драматычная гісторыя, расказаная ў ёй, адбываецца даўным-даўно падчас будаўніцтва шэдэўра індыйскай архітэктуры. Яна прымушае задумацца над жыццём сучаснага чалавека, якому таксама часта прыходзіцца рабіць нялёгкі выбар паміж жорсткім загадам тырана і сваім сумленнем.
– Зараз многія спектаклі адмяняюцца ці пераносяцца.
– Так, у мяне ёсць білеты, па якіх, спадзяюся, змагу трапіць у тэатр пазней, калі вірусы адступяць. Сёння ж альтэрнатывай жывым пастаноўкам з’яўляюцца спектаклі ў інтэрнэце. Напрыклад, нядаўна я паглядзела «Адвечную песню» РТБД, тэлеверсія якой ёсць на ютубе, «Сымона Музыку» тэатра імя Янкі Купалы, «Цэнтральны» Беларускага свабоднага тэатра. Некалькі дзён назад з’явіўся анонс праекта «Тыдзень Купалаўскага анлайн», які стварае дадатковыя магчымасці для прагляду спектакляў максімальна шырокай аўдыторыяй. Спасылкі на анлайн-трансляцыю і прагляд запісаў даступны на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатра. Сёння ў рэжыме анлайн пакажуць «Паўлінку».
– Зараз нават у інтэрнэце можна назіраць за ігрой любімых акцёраў. Назавіце тых, чыя творчасць вас найбольш захапляе?
– Мне вельмі падабаюцца купалаўцы Аляксандр Казела (ролі Белай Вароны, Сымона-музыкі), Святлана Анікей, якая можа пераўвасобіцца з маладой дзяўчыны ў старую бабулю, і ёй верыш! Сярод акцёраў РТБД назаву непераўзыдзеную Таццяну Мархель, Максіма Брагінца, Ганну Семяняку, Анастасію Баброву, Алену Сідаркевіч.
Люблю Святлану Бень з яе перасоўным тэатрам «Картонка». Гэта актрыса, рэжысёр, аўтар музыкі і песень; яе пастаноўкі вельмі шчымлівыя, а песні, якія яна выконвае, непаўторныя.
– Вы неяк рыхтуецеся перад паходам на тую ці іншую п’есу? Чытаеце, магчыма, першакрыніцу?
– Літаратура і тэатр – гэта зусім розныя жанры, таму спецыяльна драматычныя творы не чытаю, проста іду і гляджу. Але часта знаёмлюся з меркаваннямі тэатральных блогераў і крытыкаў: падпісана ў інстаграме на Ірыну Рубанаву, з якой мае думкі наконт убачанага супадаюць. Чытаю агляды Анастасіі Панкратавай, Аляксея Стрэльнікава, Дзяніса Марціновіча.
Розныя бываюць спектаклі. Аднак заўсёды ты атрымліваеш нейкія эмоцыі, уражанні, якімі напаўняешся на тыдзень і болей. Як бы глядач ні рыхтаваўся, часам не адразу відавочна, што хацеў сказаць акцёр, рэжысёр. Над гэтым, бывае, даводзіцца доўга разважаць.
– А зараз будуць кароткія пытанні: класіка ці сучаснасць?
– І класіка, і сучаснасць, бо няма аднаго без другога.
- Лялькі ці жывыя акцёры?
- Люблю лялькі, але іх нельга параўнаць з акцёрамі, бо гэта зусім рознае.
- Джынсы ці смокінг?
- Я за дэмакратыю, таму выбіраю джынсы, аднак мне падабаюцца гледачы ў прыгожых касцюмах і сукенках.
- Спектакль ці кніга?
- Спектаклі і кнігі для мяне раўназначныя.
- Тэатр ці кіно?
- А вось паміж тэатрам і кіно я выбіраю першае.
Гутарыла Алена Масцерава.
Фота аўтара і з архіва Кацярыны Халадок.