Новости
Лагайчане пабывалі ў “Лабірынтах часу”
Мерапрыемства, прысвечанае міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, сабрала ў Лагойску каля сотні ўдзельнікаў. Дарослыя, дзеці, цэлыя сем’і прыйшлі вечарам 20 мая ў Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў на свята “Лабірынты часу”.
главное
3110 дня(-ей) назад
2
4


 

Напачатку вясёлыя мімы запрашалі гасцей на пляцоўку за Маладзёжным культурным цэнтрам. Там перад публікай выступілі ўдзельнікі конна-гістарычнага клуба з в. Міжрэчча Валожынскага раёна “Залатая шпора”.

Паказаць майстэрства на трэнажоры “Сарацына”, на поўным галопе начапіць на піку маленькі пярсцёначак, на хаду ссекчы галаву ўяўнаму праціўніку, падняць з зямлі жаночую хусцінку – гэтыя і іншыя выпрабаванні прадэманстравалі смелыя коннікі ў касцюмах уланаў.

А конь Трыстан з задавальненнем вітаў прысутных нізкімі паклонамі.

У завяршэнне першай часткі імпрэзы пакатацца вярхом на кані маглі ўсе жадаючыя.

Затым дзея перамясцілася ў будынак МКЦ. На першым яго паверсе гучала камерная музыка ансамбля “Натхненне”. Тут жа можна было пачаставацца  традыцыйнымі стравамі і напоямі, а таксама набыць сувеніры ў “Лаўцы даўніны”.

Канцэрт у актавай зале пачаўся вечарынай раманса, падчас якой цудоўна спявалі артысты Лагойскага цэнтра культуры і адпачынку.

А пасля на сцэну выйшлі ўдзельніцы харэаграфічнай студыі “Акварэль”. Яны прадэманстравалі народныя танцы, запісаныя ў в. Гайна. Пра кожны від танца – “Лысы”, “Лявоніху”, Падыспань” і іншыя – падрабязна расказваў публіцы вядучы канцэрта Уладзімір Мірончык.

 

Дарэчы, парухацца пад народныя рытмы былі запрошаны і гледачы.

Кіраўнік “Залатой шпоры” Павел Калінкоў аказаўся не толькі прафесійным коннікам, але і цудоўным бардам. Страявыя песні дапамагалі яму выконваць калегі з конна-гістарычнага клуба.

Завяршыўся канцэрт выступленнем народнага ансамбля народнай музыкі “Лагожа”.

Тут жа, у актавай зале, можна было паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе фігурак з гліны, пляценні паясоў, пазнаёміцца з тэхнікай вырабу лялек-абярэгаў. 

Сталічныя мастакі Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Хведар Ладуцька, а таксама Аляксандр Каршакевіч з часопіса гумару і сатыры “Вожык” малявалі партрэты прысутных.

Для маленькіх лагайчан працаваў майстар аквагрыму.  

Дарэчы, зала, у якой падрыхтавалі столькі цікавых сюрпрызаў, была аформлена карцінамі навучэнцаў сталічнага каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка і вучняў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў на тэму “Час магнатаў”.

На другім паверсе таксама было цікава і пазнавальна. Наведнікаў выставачнай залы, прысвечанай графам Тышкевічам, сустракаў адзін са знакамітых графоў з кнігай “Вілія і яе берагі”, напісанай ў ХІХ ст. па выніках этнаграфічнай экспедыцыі.

Лагайчане ахвотна знаёміліся з узорамі археалогіі і нумізматыкі, прадметамі этнаграфіі і быту, якімі карысталіся нашы продкі ў ХІХ – ХХ стст.

У зале “Падзеі і людзі”, прысвечанай жыхарам Лагойшчыны, якія мужна змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гучала тагачасная музыка ў выкананні Валерыя Грыбоўскага.

А ў дзіцячым пакоі вясёлыя забаўляльныя гульні для самых маленькіх удзельнікаў свята праводзілі аніматары з грамадскага аб’яднання “Ліга дабравольнай працы моладзі”.

Тры гадзіны імпрэзы для ўсіх праляцелі незаўважна. Можна з упэўненасцю сказаць, што Ноч музеяў у Лагойску прайшла на даволі высокім узроўні і стала самай яскравай падзеяй культурнага жыцця горада ў апошнім месяцы вясны.

yii\base\ErrorException
Error

PHP Core Warningyii\base\ErrorException

Module 'mysqli' already loaded

$_GET = [
    'id' => '16',
    'r' => 'news/show',
];