Традыцыйны фестываль сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсе ў згодзе» прайшоў 5 красавіка ў Лагойскім РЦК. На працягу амаль пяці гадзін творча адораныя сем'і з розных куточкаў цэнтральнага рэгіёна дзяліліся сваімі вакальнымі, акцёрскімі, рамесніцкімі, кулінарнымі і нават цыркавымі талентамі. У фестывалі сёлета прыняла ўдзел больш за 140 чалавек.
У фае Цэнтра культуры разгарнулася выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе былі прадстаўлены разнастайныя рамёствы, старажытныя і сучасныя дэкаратыўныя тэхнікі.
Напрыклад, Місюкевічы з Уздзенскага раёна дэманстравалі розныя віды ткацтва і вышыўкі. У гэтай сямі ўжо пятае пакаленне жанчын ведае таямніцы работы на ткацкіх станках. Тамара Місюкевіч прывезла ў Лагойск посцілкі сваёй матулі, вышыўку з Неглюбкі Веткаўскага раёна, што на Гомельшчыне, расказала пра паясы, ручнікі і іншыя работы, з якімі займала прызавыя месцы на розных конкурсах і фестывалях. Сама па адукацыі юрыст, Тамара Мікалаеўна ўжо ў сталым узросце працавала ў Уздзенскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, каб перадаць свае ўменні не толькі дачцэ і ўнучкам, але і іншым сучаснікам. Дарэчы, яе дачка Вольга, эканаміст па прафесіі, паказала незвычайныя вырабы з бісернай вышыўкай.
Гэта сям'я ўвайшла ў лік лаўрэатаў фестывалю і будзе прадстаўляць Міншчыну на рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці разам з сямейнымі калектывамі з Крупскага і Слуцкага раёнаў.
Удзельнікі з Капыльшчыны прывезлі смачную выпечку, якую гатуе Святлана Пупейка з Цімкавіч, і ткацкія вырабы, што стварае яе дачка, народны майстар Таццяна Волкава з в. Семежава са сваім сынам Раманам.
— У 2010 г. пачаў працу дзіцячы гурток па ткацтве ў раённым Цэнтры ткацтва Капыльскага раёна, — расказала загадчык гэтай установы Таццяна Волкава. — Прамая перадача традыцый ад продкаў нашчадкам у большасці сем'яў перарвалася, а так важна, каб іх ведалі, таму мы ўзялі на сябе гэту функцыю — захоўваць і перадаваць рамяство дзецям.
Адразу некалькі сем'яў прадстаўлялі на выставе Салігорскі раён.
Удзельнікі фестывалю знаёміліся з вырабамі майстроў Міншчыны пад прыгожую музыку ў выкананні педагогаў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.
Потым дзеянне перанеслася ў актавую залу, дзе гасцей з прывітальным словам сустрэла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька:
— Што з'яўляецца асновай моцнай дзяржавы? Гэта, канечне ж, моцная сям' я. А яе ўмацоўваюць традыцыі. І сёння на выставе мы ўбачылі, як традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ад бабуль — дачушкам і сынам, ад бацькоў — сваім дзецям. Гэта і ёсць аснова захавання нас як нацыі беларусаў. Сёння захаванне народнай творчасці — адна з дзяржаўных задач, якая ставіцца кіраўніком дзяржавы. Я дзякую дарослым за тое, што вы сваю любоў да творчасці перадаяце сваім дзецям. Кожная з сем'яў — унікальная. Мы ўбачылі на выставе, што ў кожнай рабоце — праца, любоў, цяпло вашых рук, вашых душ.
Ала Канстанцінаўна ўзначаліла журы, у якое ўвайшлі таксама дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама Алена Сяліцкая, старшыня Лагойскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Сяргей Чумак.
Перад імі стаяла нялёгкая задача: выбраць па тры сям'і сярод умельцаў і сцэнічных выканаўцаў для ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі.
Кожны ўдзельнік выдатна падрыхтаваўся і здолеў здзівіць публіку арыгінальным выступленнем.
Адкрылі канцэртную праграму вясёлай беларускай песняй «Шасціснопскія сваякі» з Чэрвеншчыны.
На сцэне можна было ўбачыць сапраўдны музычны калейдаскоп, дзе народныя песні чаргаваліся з эстраднымі, лірычныя мелодыі — з танцавальнымі рытмамі, літаратурна-музычныя кампазіцыі — з цыркавымі нумарамі, аўтэнтычнае выкананне — з бліскучымі аранжыроўкамі
Асабліва ўзрушана публіка рэагавала, калі на сцэну разам з бацькамі выходзілі маленькія дзеткі. Яны ад нараджэння жывуць у творчай атмасферы і рады выступаць са сваімі роднымі. Як, напрыклад, у вялікай сям'і Бойкаў з Салігоршчыны, Якавітаў з Мядзельшчыны, Дзмітрыя і Людмілы Зеньчыкаў з Маладзечаншчыны, з якімі выступалі сынок Марк і трохгадовая дачушка Кіра, якая не шкадавала артыстызму пры выкананні песні «Сінявокая».
й
Вакальныя нумары гэтым разам былі настолькі моцныя, што журы вырашыла назваць больш за тры лаўрэаты ў песеннай намінацыі. У іх лік увайшлі лагайчане Ганна, Аляксей і Пётр Раманавы. Іх трыа выканала вядомую песню «За тихой рекою», адаптаваную для выканання менавіта гэтай сям'ёй, калі мама спявала, тата падпяваў ёй і выконваў партыю на скрыпцы, а сын — на гітары. Зменены быў і тэкст кампазіцыі, каб паказаць, што цёплыя, лірычныя радкі прысвячаліся менавіта Беларусі.
Увогуле, усе сем' і атрымалі ўзнагароды за ўклад у развіццё мастацтва, народнай творчасці, зберажэнне традыцый.
А лагайчане разам з сем' ямі з Жодзіна, Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага, Нясвіжскага, Мінскага, Салігорскага, Дзяржынскага раёнаў будуць прадстаўляць Міншчыну на рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці», што адбудзецца ў г. Слоніме з нагоды святкавання Дня сям'і.
Алена Масцерава.