Як толькі сёння расчынілся дзверы выбарчага ўчастка № 17 у Астрошыцкім сельскім клубе, адзін за адным сталі з’яўляцца вяскоўцы, якія вырашылі прагаласаваць датэрмінова.
У адной сталай жанчыны я пацікавілася, чым тлумачыцца яе жаданне аддаць свой голас загадзя.
- Бачыце, нават сёння тут нямала выбаршчыкаў, -- патлумачыла суразмоўца. – Можна толькі ўявіць, колькі іх будзе ў нядзелю. Справа ў тым, што многія жыхары нашага сельсавета працуюць у Бараўлянах і Мінску. У буднія дні яны не спраўляюцца прагаласаваць, таму абавязкова прыйдуць сюды непасрэдна 26 студзеня. А я свой абавязак выканала і магу спакойна адчуваць сябе.
Калі ў школе настаў вялікі перапынак, на парозе ўчастка з’явілася дружная каманда не толькі настаўнікаў, але і тэхнічных работнікаў.
Напрыклад, Вольга Давідовіч, Паліна Ільясевіч і Вераніка Клімава рыхтуюць абеды для школьнікаў. Яны хуценька прагаласавалі і вярнуліся ў сталоўку.
Спяшаліся і настаўнікі, але сваімі ўражаннямі ўсё ж падзяліліся.
- Першы раз за многія гады я не працую ў выбарчай камісіі, -- паведаміла Вольга Панкевіч. – Узгадваю, як ў юнацтве галасавала ў драўлянай сельскай школе на Гомельшчыне. Тыя, хто рабіў гэта ўпершыню, атрымалі ручкі з блакнотамі і былі рады сціпламу падарунку. Тады выбары ператвараліся ў сапраўднае свята, калі можна было яшчэ і пачаставацца прысмакамі. Цяпер з гэтым праблемы не існуе, бо салодкай прадукцыі ў кожнай краме прапануецца вялікая колькасць. І хаця матэрыяльныя ўмовы жыцця беларусаў значна змяніліся, аднак выбары застаюцца асаблівай падзеяй. Мы, настаўнікі, імкнемся навучыць дзяцей, каб яны даражылі і ганарыліся тым, што маюць.
-- Наша актыўная грамадзянская пазіцыя – гэта адказ на клопат дзяржавы, які яна праяўляе аб моладзі, -- былі аднадушнымі маладыя спецыялісты – педагог-псіхолаг Настасся Каранкевіч і настаўніца пачатковых класаў Карына Лашкевіч. - Мы выбралі занятак па душы, атрымалі дыпломы Беларускага педагагічнага ўніверсітэта і з задавальненнем вярнуліся працаваць на родную Лагойшчыну.
-- А вось я вельмі хвалявалася, калі па сямейных абставінах павінна была переехаць з Гомельскай вобласці ў Астрошыцы, -- дзялілася настаўніца гісторыі Настасся Навічкова. – Думала, як прымуць мяне на новым месцы. Толькі ўсе перажыванні былі дарэмнымі. У нас выдатны калектыў, належныя ўмовы для вучобы і працы. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, мы набылі ўчастак для будаўніцтва дома. Што яшчэ трэба для таго, каб будаваць сваё шчасце? За такую магчымасць і галасуем на выбарах.
Як бачна, грамадзянскай свядомасці педагогі вучаць не толькі на словах, але і на асабістым прыкладзе. Дарэчы, 26 студеня выбаршчыкі змогуць пазнаёміцца з творчасцю вучняў мясцовай школы, з тымі дасягненнямі, якіх дабіваюцца юныя землякі з дапамогай таленавітых настаўнікаў.
Валянціна КОРЗУН.