Новости
У лагойскай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі генерала Віктара Пракаповіча
главное
37 дня(-ей) назад
2
4

За паўгода ўвесь тыраж кнігі "Жизнь, зачем ты мне дана" быў раскуплены. А пазнаёміла лагойскую публіку з выданнем 2024 года суаўтар і рэдактар зборніка Наталля Прыходзька, былая ваеннаслужачая, жыхарка ваеннага гарадка ў Малінаўцы.

Усё жыццё Наталлі Ігараўны, як і Віктара Міхайлавіча, звязана са службай у арміі. Таму яна з асаблівай ахвотай узялася за рэдагаванне жыццёвых гісторый, успамінаў, філасофскіх разважанняў аднадумца, з якім яе аб’ядноўвае не толькі лёс ваеннаслужачых, але і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Наталля Прыходзька расказала пра гісторыю стварэння кнігі і анансавала выхад наступнай, меркавана з большым тыражом.

Шмат пытанняў паступіла рэдактару ад удзельнікаў прэзентацыі, якая праходзіла ў чытальнай зале Лагойскай цэнтральнай бібліятэкі. Госця па просьбе прысутных прачытала вытрымкі з кнігі, пазнаёміла з яе асноўнымі тэмамі, якія датычаць сямейнага і духоўнага жыцця, славутых прадстаўнікоў спартыўнай і культурнай сферы, ваеннай тэматыкі.

Выступоўца паведаміла, што для выдання будучай новай кнігі запрашаюцца спонсары і суаўтары.

Аб аўтары: Віктар Пракаповіч праходзіў службу на розных афіцэрскіх пасадах ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Быў выкладчыкам, мае 4 ордэны і 25 медалёў, у тым ліку ордэн Леніна і ншыя ўзнагароды. З 1993 г. яго працоўная дзейнасць звязана з сацыяльнай абаронай насельніцтва. Рэгулярна друкуецца ў цэнтральных СМІ, актыўна супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь.

Алена Масцерава.

Фота аўтара і Іны Канашэвіч.