Новости
Архив новостей
Віртуальныя экскурсіі па Лагойскаму музею
Разам з галоўным захавальнікам фондаў Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў Анастасіяй Красновай будзем знаёміць вас з самымі цікавымі экспанатамі гэтай установы культуры.
главное
2388 дня(-ей) назад
2
4

Уявіце сабе ганчара ХVI-XVII стагоддзяў, які, размяшаўшы гліну з вадой, залівае яе ў спецыяльную форму. А каб будучая цагліна была мацнейшая, праводзіць па ёй пальцамі. Майстар ставіць загатоўку сушыцца. І пакуль ён адыходзіць кудысьці па сваіх справах, па цагліне прабягае сабака, пакідаючы на ёй адбітак лапы. Прайшло больш за 500 гадоў, а “аўтограф” той жывёліны захаваўся. Яго, як і сляды пальцаў старажытнага майстра, добра відаць на цагліне, якая размешчана ў выставачнай зале Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Але гэта не адзіны падобны гліняны выраб, які заслугоўвае ўвагі. З гістарычных крыніц мы ведаем, што граф Канстанцін Тышкевіч быў не толькі выдатным археолагам, але і гаспадарнікам. Гэта ён развіваў на Лагойшчыне ткацкую, шкляную, ліцейную і цагельную вытворчасці. Што датычыцца апошняй, то заводзік, на якім выраблялі цэглу, працаваў у вёсцы Міхалова. Потым ён перайшоў у спадчыну сыну Канстанціна Тышкевіча – Оскару, а затым і яго ўнукам. Аднаго з іх звалі Ёзаф, і ёсць меркаванне, што цагліна з адбіткам літар лацінскага алфавіта «H. J. T.» («Граф Іозаф Тышкевіч») была выраблена менавіта пры ім. Магчыма, яна калісьці мацавала сцены аднаго з графскіх збудаванняў, але ўжо ў савецкія часы, асабліва пасля вайны, людзі разбіралі іх для ўласных патрэб. Так цэгла сярэдзіны ХІХ ст. трапіла ў падмурак печкі звычайных лагайчан, а потым – і ў наш музей.

А вось керамічная пласцінка з літарамі «O. H. T.» («Оскар Граф Тышкевіч») была знойдзена падчас будаўніцтва “Лагойскага Пасажа”. Калі памятаеце, тады рабочыя адкапалі як быццам падземны ход, што па легендзе праходзіў пад ракой Гайнай ад палаца Тышкевічаў. Але выязджаўшыя на месца археолагі ўстанавілі, што гэта рэшткі былой воднай лякарні, якая існавала ў графскія часы.

Нарэшце, яшчэ адно пацверджанне таго, што свае палацы і іншыя збудаванні лагойскія графы ўзводзілі з уласнай цэглы, трапіла да нас не так даўно. Лагайчанін Аляксандр Богдзя знайшоў у лясным масіве паблізу Міхалова і перадаў у музей глінарэзку, або, як яе яшчэ называюць, глінамяшалку. Гэта вал вышынёй 2,4 м, на якім гарызантальна замацаваны лопасці-нажы. Ён устаўляўся ў вялікую ёмістасць, у якую засыпалася гліняная маса. Прыводзіў у рух такое прыстасаванне конік. Аб тым, наколькі цяжка яму было гэта рабіць, сведчыць той факт, што нам, каб толькі падняць адзін металічны вал з падлогі і паставіць яго, спатрэбіліся намаганні трох мужчын.