Новости
Архив новостей
Хварасцяні
главное
1478 дня(-ей) назад
2
4

Першае, што заўважаеш, ідучы па Хварасцянях, – драўляныя пяціканцовыя зоркі на некаторых хатах. Яны азначаюць, што тут жылі сем’і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, падчас якой паселішча моцна пацярпела. Паводле кнігі «Памяць», у 1940-х гітлераўцы знішчылі ў вёсцы 22 двары, забілі 42 жыхары, траіх вывезлі ў Германію. На фронце загінулі 5 вяскоўцаў, аднаго не стала ў партызанскай барацьбе.

Але з часам вёска ажыла: у 1969 г. у ёй ужо налічвалася 27 дамоў, 96 жыхароў.

А сёння… маленькі населены пункт амаль у цэнтры Каменскага сельсавета паўтарае лёс многіх сучасных беларускіх вёсак: моладзь з’ехала ў горад, а родныя вуліцы апусцелі разам з бацькоўскімі хатамі. Вось і ў Хварасцянях двароў, дзе пастаянна пражываюць гаспадары, усяго шэсць. Больш людна тут становіцца толькі летам, калі з горада прыязджаюць дзеці і ўнукі, – тады галасамі поўніцца каля 20 хат.

Вёску ўмоўна можна падзяліць на 2 часткі. Першая знаходзіцца на адкрытай раўніннай мясцовасці на ўездзе, другая – на ўзгоркавай, парослай дрэвамі.

Дом Івана Хоміча стаіць у першай – вялікі, прасторны, абшыты сайдынгам, абнесены трывалай агароджай. Парадак гаспадар падтрымлівае адзін, бо ўжо восем гадоў, як не стала яго другой палавінкі Ганны Аляксандраўны.

Гэты дом ён купіў у свайго аднавяскоўца, калі нарадзіліся дзеці. А да таго сям’я жыла ў хатцы, якую мужчына пабудаваў сам у 1962 г., калі пераехаў ў Хварасцяні з Бягомля. На пераездзе настойвала цётка Аляксандра Брэцкая, уражаная ўмовамі яго пражывання ў пасляваенным Бягомлі: малады хлопец жыў з маці ў зямлянцы, абкладзенай знутры дошкамі, з драўляным насцілам над галавой.

– Я нарадзіўся ў першы год вайны, – узгадваў Іван Канстанцінавіч. – Падчас яе партызаны забралі ў нас карову. Калі скончыў 7 класаў, па людской падказцы падаў заяву ў райвыканкам, дзе прынялі рашэнне вярнуць нам рагулю ўзамен. Атрымаў яе ў адным з калгасаў і з ёй жа прыехаў у Хварасцяні па просьбе цёткі. Тут і пачаў абжывацца. Нічога не ўмеў, усяму вучыўся, а цяпер і рамы магу змайстраваць, і гаспадарчыя пабудовы ўзвесці. На здароўе не скарджуся, сіла ёсць, а якая яна была раней!

І вясковец яшчэ доўга расказваў пра тое, дзе працаваў. Пасля школы будаваў чыгунку ў Лепелі, Шклове, Чавусах, Магілёве, Лукомлі. Калі пераехаў на Лагойшчыну – рабіў у калгасе, потым – у ДЭУ ў Астрашыцкім Гарадку. Вялікі прамежак часу – амаль чвэрць стагоддзя – быў аператарам на Плешчаніцкім асфальтавым заводзе. Потым зноў вярнуўся ў мясцовы калгас забеспячэнцам, адтуль і пайшоў на пенсію. Цяпер асноўныя яго клопаты – па хатняй гаспадарцы.

Сыны даўно выраслі: Дзмітрый працуе ў Мінску дальнабойшчыкам, Міхаіл – майстар халадзільных установак у сталіцы, Сяргей жыве ў Камена, а на тэрыторыі бацькавага ўчастка арганізаваў цэх па дрэваапрацоўцы, дзе яму дапамагаюць два работнікі з суседняй вёскі.

Падрастае ў Івана Хоміча пяцёра ўнукаў.

Мужчына прызнаецца, што, каб меў магчымасць адкруціць час назад, то пасяліўся б бліжэй да вялікага горада, дзе, напэўна, знайшоў бы працу, нягле-дзячы на тое, што вясной яму споўніцца 80 гадоў…

Ва ўтульнай вясковай хаце з прыкмет сучаснага свету – ноўтбук і вялікі тэлевізар. На спінцы канапы – стос кніжак у ружовых вокладках, так званыя жаночыя раманы.

— Вы чытаеце? – пытаемся ў маладзейшай з гаспадынь – Алены Калеснікавай.

— Ды не, гэта мама. Яна і газеты выпісвае, і літаратурай цікавіцца, — здзіўляе нас Алена Фёдараўна.

Для 90-гадовай бабулі такое захапленне ўжо не зусім тыповае. Аднак старэйшая жыхарка в. Хварасцяні Алена Дзямідчык, дзякуй богу, яшчэ не толькі зрок добры мае, але і сама можа печку вытапіць ці вады прынесці.

Жыве Алена Васільеўна зараз з дачкой Аленай. З траіх дзяцей вяскоўкі на гэтым свеце засталася яна адна. Пераехала да матулі з Барысава, дзе 40 гадоў адпрацавала на «Барысаўдрэве». Зараз таксама на заслужаным адпачынку.

Гаспадарку жанчыны ўжо не трымаюць, так — коцікі, сабачка.

Летам Алена Фёдараўна саджае агарод, ходзіць у грыбы-ягады – лес жа зусім побач. У цёплы час да бабулі часцей прыязджаюць унукі ды праўнукі – іх у яе па чацвёра. Тады, вядома ж, весялей. А ўзімку бавяць час хто як: старэйшая – за чытаннем, маладзейшая – у інтэрнэце ці ля тэлевізара.

Зрок у Алены Дзямідчык яшчэ добры, а вось слых – не вельмі. Таму задаваць пытанні ёй было цяжкавата. І ўсё ж з таго, што вяскоўка расказала пра сябе, даведаліся пра яе нялёгкі лёс. Таты не стала, калі дзяўчынцы споўнілася толькі 2 гады. Быў Васіль Вашкевіч чалавекам паважаным – старшынёй Каменскага сельскага Савета, удзельнікам Першай сусветнай вайны. А калі пайшоў з жыцця, пакінуў жонку з чацвярымі дзецьмі на руках.

У ваенны час жыла сям’я ў Камена. У памяці Алены Дзямідчык захаваліся некаторыя моманты. Напрыклад, пра тое, як хадзілі яны збіраць суніцы і абменьвалі іх потым на соль і іншыя прадукты. Як наведваліся ў бацькоўскую хату партызаны, якіх яе матуля – Анастасія Рыгораўна – і карміла, і лячыла часам. Прыйшлося вяскоўцы і ў блакаду хавацца па лясах-балотах.

А яшчэ помніцца ёй выпадак, калі разам з другой дзяўчынкай спынілі іх немцы на вуліцы, прывялі ў хату і заставілі бульбу абі-раць. А потым далі хлеба з джэмам. Уявіце, якое гэта было шчасце для паўгалодных дзяцей!?

Пасля вайны замуж выйшла Алена Дзямідчык у Жалуды. Яе мужа, Фёдара Алімпавіча, які працаваў лесніком, не стала 22 гады назад. З цягам часу сям’я пераехала ў Хварасцяні. Жанчына шчыравала некаторы час на ферме ў Закалюжжы, а потым санітаркай у Каменскай аптэцы.

— Усё жыццё матуля цяжка працавала і нам, што б ні здарылася, заўсёды казала «Цяр-піце», — зазначыла Алена Калеснікава. – Відаць, ва ўсіх старэйшых вяскоўцаў такая філасофія. Ды і нас, дзяцей, бацькі змалку прывучалі ведаць кошт хлеба. Я, напрыклад, у 7 гадоў кароў даіць навучылася, бегала на ферму дапамагаць. І з татам лес усе мы саджалі. Дзве каровы трымалі, свіней, каня. Уявіце, колькі сілаў трэба было прыкласці. Але такая навука не лішняя потым у жыцці.

…Ад сустрэчы з гэтымі жанчынамі стала цёпла. Магчыма, таму, што гараць у іх вачах агеньчыкі, якія сведчаць аб цікавасці да жыцця. І хочацца толькі пажадаць, каб яшчэ доўга-доўга гарэла святло ў іх вясковай хаце…

У бацькоўскай хаце ў Хварасцянях паратунак ад ваенных дзеянняў ва Украіне знайшла Тамара Макаранка (у дзявоцтве – Лесін) з мужам Мікалаем.

Сям’я, у якой вырасла жанчына, была вялікая: акрамя Тамары выхоўвалася яшчэ 10 дзяцей. На жаль, двое з іх памерлі яшчэ зусім малымі.

– Як жылі? – на хвілінку задумалася Тамара Васільеўна. – Дружна, хаця і небагата. Разам з іншымі наведвалі Каменскую школу, а ў вольны час хадзілі ў лес ці на рэчку. Тут жа, ведаеце, колькі дзяцей было?! Амаль у кожнай хаце па 8-9 чалавек!

З цягам часу разляцеліся ўсе па сваіх жыццёвых напрамках.

Тамара ўладкавалася на працу ў атэлье ў Барысаў. Сваё шчасце знайшла ў асобе расіяніна Мікалая Макаранкі, які служыў у Беларусі. Пасля яго дэмабілізацыі маладыя ўзялі шлюб і вырашылі пераехаць у горад Красны Луч Луганскай вобласці, да мужавай маці і бабулі.

Уладкаваліся. Знайшлі працу – па сэрцы і з добрым заробкам. Нарадзілі і выгадавалі сына і дачку. Усё, здаецца, было добра, каб не ваенныя дзеянні.

– У нас жа там кватэра, маёмасць, – уздыхала жанчына. – Усё прыйшлося кінуць. З сабой уцекачам можна было ўзяць толькі ручную паклажу.

Па яе словах, ад вайны беглі цэлымі сем’ямі, аўтобусы накі-роўваліся на поўнач, у Беларусь.

– На адным з блок-пастоў транспарт спынілі, загадалі разам з пашпартамі выйсці ўсім мужчынам… – Тамара Васільеўна змоўкла, успамінаючы страшныя хвіліны. І праз некаторы час, зладзіўшы з пачуццямі, дадала: – Думалі, не выпусцяць. Але не – праверылі дакументы і адпусцілі. А за вокнамі аўтобуса – жах, разруха, смерць.

Прыехалі ў Хварасцяні. У бацькоўскай хаце доўгі час ніхто не жыў, таму і пабудовы, і сядзібу сталі даводзіць да ладу.

А за якія грошы? З сабой – толькі тое, што дазволілі вывезці. Устаць на ногі дапамаглі працалюбства і дужыя рукі. Праз некаторы час сын з сям’ёй паехаў жыць у Маскву, а дачка – у Барысаў. Бацькі засталіся ў Хварасцянях.

– Сумуеце? – пытаемся.

– Няма часу! – усміхаюцца ў адказ. – Работы шмат, ды і ўнучку Машаньку сын прывёз. Вось цяпер камандуе бабуляй з дзядулем…

Па словах жанчыны, няпроста прыйшлося і з афармленнем дакументаў. Але атрымалі від на жыхарства, аформілі сацыяльную пенсію.

Слухаеш гэтых людзей і дзіву даешся: прайшлі праз такія выпрабаванні і не апусцілі рукі! Ператварылі ў райскі куточак запусцелую хату, апрацавалі прысядзібны ўчастак, завялі хатніх жывёл. Дапамагаюць дзецям і падбадзёрваюць аднавяскоўцаў. Гэта ж якую шырокую душу трэба мець, як трэба навучыцца атрымліваць асалоду ад кожнага дня!

Людміла Навічонак (да замужжа – Бізюк) жыве, можна сказаць, на два населеныя пункты. У Мінску ў яе кватэра, дарослыя дзеці, унук. У Хварасцянях – родныя поле, лес і хата, дзе яшчэ нядаўна даглядала хворую свякроў. Вабіць да сябе куток, у якім прайшло маленства і юнацкія гады, дзе хораша зімой і летам.

Тут дзяўчынкай Людміла прывучалася да адказнасці і працавітасці: з мамай і дзвюма сёстрамі рвала ў калгасе лён, выбірала кармавыя буракі і бульбу, завіхалася на сенакосе. Скончыла школу ў Камена, швейнае вучылішча ў Мінску, працавала на сталічнай фабрыцы «Камсамолка», якую цяпер усе ведаюць як «Мілавіцу», і амаль да пенсіі – прадаўцом.

– Наглядзеўшыся фільмаў пра вёску даўніх часоў, я запыталася аднойчы ў свекрыві, якія песні спявалі раней падчас працы ў полі, – успамінала Людміла Іванаўна. – Яна адказала: «Мы спяшаліся хутчэй усё зрабіць, паспець за гусенічным трактарам. Якія песні, калі ў цябе поў-ны рот пяску!». І ўсё ж ад мамы Алены, якая ў дзявоцтве мела прозвішча Байлевіч, я чула шмат песень. Запомніліся самотныя, нават жалобныя пра дзяўчыну, якая выходзіла замуж, на нашых вяселлях такіх ужо не выконвалі.

А яшчэ ад матулі Людміла Іванаўна даведалася, якія страты прынесла яе сям’і і роднай вёсцы вайна. Мамін брат, Мікалай Байлевіч, загінуў у партызанах; бацька, Іван Макаравіч, дзядуля Людмілы, памёр ад пулявога ранення ў жывот пасля таго, як нехта падказаў немцам, што ў іх хаце кватаравала жонка камандзіра партызанскага атрада з дзецьмі.

Людміла Навічонак смуткуе, калі даводзіцца пераказваць успаміны родных пра ваенную навалу, і радуецца, калі летам у вёсцы збіраюцца нашчадкі тых, хто выжыў у страшныя часы. Вось і пазалетась Купалле ў Хварасцянях святкавалі 35 чалавек – з песнямі, скокамі праз вогнішча, танцамі ў чароўнай начы...  

Пяць гадоў таму вярнуўся ў бацькоўскую хату з Пскова Валерый Бізюк. У расійскім горадзе засталіся яго жонка, дзеці, унучкі.

Зараз Валерый Іванавіч на пенсіі, а калісьці ён пачынаў працоўны шлях у будаўніча-мантажным упраўленні ПМК-68 у райцэнтры. У Расію паехаў на правядзенне меліярацыйных работ – там і застаўся экскаватаршчыкам, стварыў сям’ю.

Аднак паклікала назад бацькоўская хата, на фасадзе якой якраз і прымацавана драўляная зорка: бацька Валерыя, Іван Бізюк, – з ліку абаронцаў Айчыны. Сёння тут ціха, спакойна, толькі летам прыязджаюць сваякі, а некалі было шумна: як-ніяк 8 дзяцей падрастала. Мелася вялікая гаспадарка, аб чым сведчыць цэлы шэраг драўляных, яшчэ пасляваенных, гаспадарчых пабудоў.

Вясковец і зараз есць бульбу, цыбулю, агуркі са свайго агарода, а вось ад утрымання хатніх жывёл адмовіўся: не трэба шмат аднаму. Былі ў яго раней куры, дык ліса панадзілася іх есці, што не дзіўна – кругом лес. Ён, дарэчы, змешаны: сустракаюцца і лісцевыя, і хвойныя пароды. А па дарозе да хаты Бізюкоў на зямлі ляжыць старое замшэлае дрэва: гэта нядаўна паваліўся дуб, які ўзвышаўся тут, калі яшчэ тата Валерыя быў малым. Усярэдзіне расшчэпленага пня пачала расці маленькая, яшчэ кволая елачка. Яна – быццам сімвал новага жыцця, якое проста павінна вярнуцца на прыгожую, шчодрую зямлю.

Алена МАСЦЕРАВА, Таццяна ХАБАРАВА, Ірына СТАНКЕВІЧ.

Фота Ірыны Станкевіч.