Новости
Архив новостей
Лагойск у гады вайны
главное
2240 дня(-ей) назад
2
4

Анатоль Макарэвіч, якому ў 1941 г. было 9 гадоў, успамінае, што немцы акупіравалі Лагойск раптоўна, таму не ўсіх дарослых мужчын паспелі мабілізаваць. Засталіся са сваімі сем’ямі і бацька Анатоля Міхаіл, а таксама галава суседняй сям’і Іван Анікін. Яны жылі на вуліцы Савецкай у раёне даваеннага нарсуда.

– Прайшоў нейкі час, – расказвае Анатоль Міхайлавіч, – і акупанты сталі заклікаць мясцовае насельніцтва да супрацоўніцтва. Дзядзя Ваня Анікін быў трохі блізарукі, насіў акуляры, і яго прымусілі стаць кладаўшчыком прадуктовага склада, на якім ён працаваў 1 ці 2 гады. Але знайшліся сярод гараджан зласліўцы, якія сказалі немцам, што дзядзя Ваня супрацоўнічае з партызанамі. Невядома, так гэта было ці не, але яго схапілі і павесілі ў Паповым садзе ў парку, недалёка ад цяперашняй пажарнай часткі. Нас туды прыгналі і прымусілі глядзець на земляка. Ён вісеў на яблыні, з адрэзанымі вушамі і выкалатымі вачыма, а на грудзях была таблічка “Павешаны за сувязь з партызанамі”. Прасілі катаў, каб аддалі мужчыну пахаваць па-чалавечы, але яны адказалі, што пахаваюць там, дзе самі захочуць.

У выніку Іван Анікін знайшоў апошні спачын на месцы масавага знішчэння яўрэяў, дзе цяпер на ўзгорку стаіць помнік. А да вайны тая мясцінка называлася Варановічавым азярцом…

— Дзесьці праз 2 тыдні, – працягвае Анатоль Макарэвіч, – эсэсаўцы прыехалі і ў нашу сям’ю – мы ж былі з Анікінымі сваякамі. Паставілі ўздоўж хлява ўсіх: тату, маму і шасцёра дзяцей. Нас бы расстралялі за сувязь з партызанамі, калі б не камандзір карнага атрада Іван Грыцэнка. Ён быццам бы прыслужваў немцам, але на самой справе перадаваў важныя звесткі партызанам, сябраваў таксама з маім бацькам. Калі даведаўся пра загад аб нашым пакаранні, то хутка прымчаўся ў Лагойск і паспеў нас выратаваць. Дарэчы, дзесьці праз месяц Іван Грыцэнка са сваім атрадам, які складаўся з украінцаў, пайшоў у партызаны. У наступны раз мы з ім убачыліся пасля вызвалення Лагойска: ён заязджаў да нас ужо ў званні палкоўніка.

Не толькі гэтыя жахі давялося перажыць сям’і Макарэвічаў у вайну. Шмат было і іншых. Напрыклад, цёмнавокую сястру Анатоля Міхайлавіча немцы прынялі за яўрэйку і ледзь не забралі яе на знішчэнне.

Тату Анатоля Макарэвіча мабілізавалі, і ў скла-дзе Чырвонай арміі ён трапіў у наступленне пад Маладзечнам. Там яго ранілі, прабілі лёгкае. Лячыцца салдата адправілі дадому. Напачатку яму стала крыху лягчэй. Але праз паўгода зямляк захварэў на сухоты і ў хуткім часе памёр — гэта адбылося ў ноч з 8 на 9 мая.

– Тата так хацеў даведацца, хто пераможа! Не дажыў усяго дзвюх гадзін да радаснай весткі… – не можа стрымаць эмоцый Анатоль Макарэвіч. – Як бацькі не стала, мы спазналі нястачу і голад. Адзін за адным адышлі ў іншы свет маці і трое дзяцей. Сястру і брата, якія змаглі выжыць, адправілі ў дзіцячы дом. А я не згадзіўся і застаўся ў 13 гадоў у Лагойску круглым сіратой, як і Эдуард Анікін, сын павешанага фашыстамі Івана. Цяжка нам прыйшлося, былі часіны, што ад голаду на нагах стаяць не маглі, але жылі!..

Спачатку Анатоль Міхайлавіч пайшоў у леспрамгас вартаўніком, а ў зімовы час працаваў там жа конюхам. Дагледзіць жывёл, перадасць іх возчыкам, а сам — у школу.

Калі ўтварылася арцель “Новае жыццё” – перайшоў у яе. У 1948 г. на вуліцы Гайненскай адкрылася арцель імя Тэльмана па вытворчасці мэблі, і наш суразмоўца пачаў працаваць там. Праз 2 гады атрымаў пасаду брыгадзіра мэблевага цэха. Потым быў і электраманцёрам на электрастанцыі, і загадчыкам гаспадаркі, а па сумяшчальніцтве электрыкам у камунгасе. Праз нейкі час стаў працаваць шафёрам, спачатку ў калгасе “8 Сакавіка”, потым, на працягу 27 гадоў, у Лагойскім лясгасе, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак.

– Унукам зараз цяжка паверыць, у якіх умовах мы жылі ў першыя пасляваенныя гады, – гаворыць лагайчанін. – Я часта расказваю дзецям пра адзін выпадак. Калі вучыўся ў 6-м класе, аднойчы раніцай стаў збірацца ў школу і ўбачыў, што пацукі ад’елі нос у чаравіку. Давялося затыкаць дзірку прамакаткай – гэта такая тонкая папера, якой прамочвалі чарніла ў сшытках. Так і хадзіў на ўрокі.

…Усе гэтыя падзеі засталіся ў мінулым, і ажываюць яны толькі ва ўспамінах, якімі шчыра дзеляцца з сучаснікамі прадстаўнікі пакалення “дзяцей вайны”, у іх ліку і лагайчанін Анатоль Макарэвіч. Мужна прайшоўшы праз усе выпрабаванні, ён спакойна жыве сёння ў родным горадзе, ва ўтульным доме. Разам з жонкай Маяй Уладзіміраўнай даглядае гаспадарку, вырошчвае садавіну-гарод-ніну, займаецца развядзеннем пчол. Спецыяльна для сваіх залацістых руплівіц Анатоль Міхайлавіч пасадзіў сёлета грэчку, якая надасць непаўторныя водар і колер ліпеньскаму мёду...

Алена МАСЦЕРАВА.