Новости
Архив новостей
Город старый и новый
главное
2240 дня(-ей) назад
2
4

Пасля вайны мінула крыху больш за 70 гадоў. Многа гэта ці мала? Для чалавека — многа. За гэты час ён успее састарыцца. А для горада — гэта невялікі адрэзак. Але як змяніўся за 70 гадоў Лагойск! Як многа зроблена нашымі працаўнікамі! Каб ацаніць гэта, успомнім, якім быў горад пасля вайны...

Першы раз я прыехаў у Лагойск у 1955 г. Перад гэтым пахадзіў па Мінску, па яго вуліцах. Ужо былі часткова адноўлены праспект Незалежнасці (тады праспект Сталіна), вуліцы Леніна, Энгельса. А за плошчай Свабоды, як акінуць вокам, ляжалі яшчэ суцэльныя руіны.

Лагойск таксама моцна пацярпеў за гады вайны. Як расказвалі мясцовыя жыхары, амаль увесь ён быў зруйнаваны, вуліцы зараслі бур’яном. Але ўжо ў сярэдзіне 50-х раны вайны былі крыху залечаны. Людзі перабіраліся з зямлянак у свае хаты. Менавіта хаты. Лагойск нагадваў у той час больш вялікую вёску. Будавалася ў асноўным індывідуальнае жыллё. Цагляныя будынкі можна было пералічыць па пальцах. Гэта райкам партыі, райвыканкам, Дом культуры, некалькі двухпавярховых жылых дамоў без усякіх выгод.

Амаль усе раённыя ўстановы размяшчаліся ў невялікіх драўляных дамах. Некаторыя з іх і цяпер яшчэ стаяць. Гэта былыя памяшканні райваенкамата (побач з аўтастанцыяй), вузла сувязі і міліцыі (па вуліцы Камсамольскай), музычнай школы.

Рэканструкцыя пасёлка пачалася з паўднёвай часткі, з вуліцы Савецкай. Аб’язной дарогі на Віцебск тады яшчэ не было. І Савецкая была адзінай транспартнай артэрыяй паміж сталіцай і абласным цэнтрам. А вуліца была вузкай, па абодва бакі яе – невялікія драўляныя домікі, дашчатыя тратуары. Псавалі выгляд абшарпаны будынак суда, які быў на месцы цяперашняй аўтастанцыі, развалюха-вадакачка, што стаяла на вуглу Савецкай і Лазневай.

За кароткі час (у пачатку 60-х гадоў) вуліца поўнасцю змяніла сваё аблічча. Быў выраўнены рэльеф праезджай часткі, знесены ўсе домікі даваеннай пабудовы. Будаўніцтва новых  вялося з дапамогай і дзяржавы, і мясцовых прадпрыемстваў, і за кошт крэдытаў.

Яшчэ большы размах набылі тэмпы работ па будаўніцтву і рэканструкцыі Лагойска ў 70-я і пачатку 80-х. На тэрыторыі, дзе размяшчалася раней ПМК, было ўзведзена некалькі шматпавярховых дамоў, гасцініца “Алімп”, інтэрнат. Утварылася новая вуліца – Гайненская шаша. Адначасова будаўнічыя работы вяліся ў раёне райсельгастэхнікі, па вуліцы Н. Харчанкі, Крынічнай.

У цэнтры ўвагі мясцовых улад было ўзвядзенне  школьных і дашкольных устаноў. Першым вырас будынак СШ № 2 (цяпер тут школа № 3), а таксама дзіцячы садок № 1. Праз некалькі гадоў наваселле справілі калектывы СШ № 1 і другога садка. Тут жа, па вуліцы Н. Харчанкі, мясцовы пейзаж упрыгожылі будынкі райваенкамата, райаддзела статыстыкі, Цэнтра культуры. У раёне райсельгастэхнікі былі пабудаваны яшчэ адна школа і дзіцячы садок. Паявіўся цэлы комплекс жылых дамоў. У гонар тых, хто ўзводзіў іх, і далі назву адной з вуліц – Будаўнічая.

Змянілася аблічча і плошчы 8 Сакавіка. Там, дзе раней быў калгасны рынак, драўляны будынак лясгаса і аўтастанцыя, з’явіліся пошта, гандлёвы цэнтр “Гайна”, “Лагойскі пасаж”. Плошчу значна расшырылі, добраўпарадкавалі.

Людзі старэйшага ўзросту яшчэ памятаюць, якія вялікія сады акружалі Лагойск і з поўдня, і з захаду. Цяпер там мікрараёны індывідуальнай забудовы. Па дамах, якія будаваліся ў розны час, можна меркаваць аб росце матэрыяльнага дабрабыту нашых людзей. Тыя, што будава-ліся раней, больш простыя. А вось ля пазнейшых – сучасныя агароджы, тратуары з пліткі...

Аднойчы, будучы ў санаторыі, я пазнаёміўся з мінчанінам. Даведаўшыся, што я з Лагойска, ён сказаў: “Праз Лагойск мы ездзім у грыбы і ягады. Цудоўны гарадок. Ціхі, спакойны. А прырода якая!”. Прыемна чуць такі водзыў пра наш раённы цэнтр.

Мікалай ЯКІМЧЫК.