Новости
"Минщина удивительная": Логойский район
главное
1953 дня(-ей) назад
2
4

В этой рубрике предлагаем вашему вниманию материалы, рассказыващие о достпримечательностях Логойского района.

Камень-следавік у Крамянцы

 

На самым захадзе Лагойскага раёна ў маляўнічым месцы знаходзіцца вёска Крамянец. Наваколле яе багата крэменем, адсюль, відаць, і назва пайшла. Мясцовыя жыхары, якіх не так многа сёння жыве ў вёсцы, расказваюць, што з-за гэтага вада тут вельмі добрай якасці. Таксама каля вёскі ёсць у зямлі крэйда, якую раней здабывалі жыхары і вазілі прадаваць у Даўгінава, Іллю і Лагойск.

Крамянец даўно вядомы сваім Святым каменем, у навуковых кнігах яго таксама завуць Богаў ці Дажбогаў. Апошняя назва звязваецца з культам старажытнаславянскага бога сонца. Камень знаходзіцца ў лесе прыкладна за паўкіламетра ад ускраіны вёскі ў паўночна-ўсходнім напрамку.

Прама праз поле ідзе вузкая сцяжынка —  відаць, што людзі часта туды ходзяць.

У навуковай літаратуры месца, дзе знаходзіцца камень, падаецца як Крамянецкае свяцілішча.

Праведзеныя археалагічныя раскопкі і абследаванне наваколля выявілі, што раней вакол каменя была пляцоўка, выбрукаваная камянямі малога памеру, плошчай прыкладна 3х2,8 метра. Яна была абнесена агароджай з веснічкамі і арыентавана па баках свету.

Святы камень мае наступныя памеры: даўжыня яго складае прыкладна 1,1 м, шырыня — 0,7 м, вышыня каля 0,6 м. На паверхні ёсць сляды авальнай формы і два круглай. Мясцовыя людзі вераць, што гэта сама Багародзіца прайшла па камені.

Таксама тут была капліца і зруб калодзежа ў выглядзе бочкі без дна, у якім набіралі святую ваду. Яе налівалі далонямі ў сляды на камені, затым абмывалі твар, вочы і ўсе балючыя месцы на целе. Зараз лячэбнай лічыцца вада, якая застаецца ў “божых слядах” пасля дажджу. Камусьці дапамагае такое лячэнне – мабыць, тым, хто верыць у гэта.

Я прыехаў да каменя ў другой палове гарачага летняга дня і са здзіўленнем адзначыў, што ў некалькіх слядах захавалася вільгаць. Чаму яе за дзень сонца не высушыла — мне невядома, тым больш не было падобна, што хтосьці наліў туды вады. Ад капліцы засталіся толькі рэшткі падмуркаў, і калодзеж  ужо высах — таму сёння тут ёсць поле дзейнасці для аднаўлення і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі.

На адлегласці аднаго кіламетра ад Крамянца пачынаецца Вілейскі раён, а раней да 1939 года тут праходзіла дзяржаўная мяжа з Польшчай і каля вёскі была пагранічная застава. Пасля вайны на гары Маяк стаяла вайсковая часць. Гэта наклала адбітак на жыццё мясцовых людзей і стан святога месца.

У той час рэлігія, абрады і рытуалы былі пад забаронай, таму паступова разбураліся драўляныя элементы: капліца, агароджа і калодзеж. Святы камень перажыў нялёгкі перыяд. Людзі нават падчас ганення на рэлігію і ўсякія набажэнствы ўпотай прыходзілі да яго і прасілі ратунку.

А яшчэ з даўніх часоў мясцовыя жыхары верылі, што з дапамогай спецыяльнага абраду каля Святога каменя можна вызваць дождж, а потым праз нейкі час спыніць яго. Для гэтага трэба было знайсці 9 удоў і даць кожнай тоўсты кол прыкладна ў рост чалавека. Гэтыя жанчыны станавіліся вакол каменя, падсоўвалі пад яго калы, затым падважвалі і прыўзнімалі. Пры гэтым прыгаворвалі: “Божачка, дапамажы, дожджык прынясі!”. Дождж пачынаў ісці праз некалькі дзён.

Для таго, каб ён спыніўся, трэба было зноў паставіць камень на месца і выняць з-пад яго калы. Такі цікавы абрад час ад часу праводзяць мясцовыя жанчыны.

Усіх, хто хоча даведацца пра камень, вяскоўцы накіроўваюць да былой настаўніцы Т. М. Вязьміной, якая многае можа расказаць. Па яе словах, такі абрад жанчыны праводзілі ў 2012 годзе. Тады ўсё атрымалася. Столькі часу не было дажджу, а тут здарыўся цуд — ён пайшоў ужо на другі дзень.

У сёлетняе спякотнае лета таксама спрабавалі выклікаць дождж, але безвынікова: не збыліся надзеі і чаканні. Таццяна Мартынаўна лічыць, што калы, якія падрыхтавалі  для абраду гарадскія хлопцы-журналісты, былі вельмі тонкія (яны гнуліся), і ўдовы імі не змаглі, як патрабуецца, крануць камень, які мае вельмі вялікую вагу.

Ды і выкананне гэтага абраду — справа далікатная і не любіць лішняй цікаўнасці.

Лічыцца, што Святы камень нельга з гэтага месца нікуды перавозіць. Кажуць, што тады ён губляе свае ўласцівасці, прыносіць няшчасці, а людзі, якія яго патрывожылі, пачынаюць хварэць.

Па легендзе, якую расказваюць жыхары Крамянца, яго перавёз у другое месца і палажыў пад фундамент дома нейкі мясцовы чалавек. Пасля гэтая хата пачала гнісці і развальвацца, а гаспадар і яго радня — хварэць. Аднойчы таму чалавеку прысніўся сон: камень гаварыў, каб яго завезлі назад. Што і было зроблена. Прычым, кажуць, што вывозілі камень з цяжкасцю некалькі коней, а назад лёгка прывёз адзін. Пасля гэтага ўсе няшчасці ў сям’і скончыліся.

Гэтая і падобныя легенды замацаваліся сярод мясцовых жыхароў у розных варыянтах — іх распаўсюджванню сёння спрыяюць інтэрнэт і СМІ. Так, напрыклад, расказваюць, што камень хацелі завезці ў Музей камянёў у Мінску ў мікрараёне Уручча. Прыехала нейкая машына. З дапамогай пад’ёмніка спрабавалі пагрузіць яго ў кузаў, але не змаглі, бо аўтамабіль зламаўся. Гэта стала папярэджаннем для тых людзей, якія больш не прыязджалі.

У цяперашні час засталася традыцыя прыносіць да каменя ў святочныя дні розныя ахвяраванні, а на Вялікдзень — чырвоныя яйкі і кулічы, на Спас — яблыкі. У другія дні — кветкі, цукеркі, манеты ці дробныя папяровыя грошы і інш. Бывае, што наведвальнікі пакідаюць на камені прыгожыя ручнікі ці хусцінкі.

А яшчэ ёсць звычай: калі хто ідзе ў лес у грыбы ці ягады, трэба абавязкова завярнуць да каменя і пакласці на яго ахвяраванне — кавалак хлеба, цукерку ці пячэнне.

Наведваецца сюды і моладзь у свае сямейныя святы. На другі дзень пасля вяселля прыходзяць маладыя, просяць шчасця. Ідуць, калі якая бяда ў хаце, — добрым людзям Святы камень дапамагае.

 А. Паўлюковіч.