Новости
Прайшоў раённы кірмаш педагагічных ідэй
главное
2003 дня(-ей) назад
2
4

На базе Лагойскага яслі-сада № 2 прайшло мерапрыемства ў рамках VIII педагагічнага марафону, у якім прынялі ўдзел работнікі дашкольных устаноў адукацыі нашага раёна. Яно было прымеркавана да Года малой радзімы. З гэтай нагоды ў фае ўстановы аформілі выставы народнай творчасці і размясцілі фотаздымкі старажытнага і сучаснага райцэнтра.

Перад прысутнымі выступіла метадыст па дашкольнай адукацыі Марына Нагар, якая адзначыла, наколькі важна з самага дзяцінства прывіваць у малых любоў да роднага краю, да традыцый нашых продкаў.

У сваю чаргу педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Лагойска “Лясная казка” Аксана Нікуліна і Іна Насенік правялі семінар-практыкум і дзелавую гульню “Педагагічны экспрэс” па фарміраванні каштоўнасных адносін да малой радзімы, падзяліліся асабістым вопытам работы з бацькамі і выхаванцамі па дадзенай тэматыцы.

Акрамя гэтага, для ўдзельнікаў семінара арганізавалі кірмаш педагагічных ідэй і пазнавальную віктарыну. На працягу мерапрыемства праходзілі музычныя паўзы, якія для гасцей падрыхтавалі выхаванцы гарадскіх дзіцячых садкоў.

На развітанне кожнаму выхавацелю падарылі льняныя мяшэчкі “шчасця”, “здароўя”, “поспеху” і гліняныя вазачкі ад лагойскіх майстроў – як сімвал пераемнасці традыцый.

Валянціна Меняйла.

Фота аўтара.