Вясной 1975 года ў Лагойску на вуліцы Будаўнічай быў узведзены дзіцячы садок № 3 «Рамонак». У пятніцу, 16 мая, тут адзначылі 50-годдзе дашкольнай установы. На свята, напоўненае дзіцячымі звонкімі галасамі, сабраліся і сённяшнія работнікі, і ветэраны педагагічнай працы.
У музычнай зале для ўдзельнікаў урачыстай сустрэчы падрыхтавалі выступленні дашкольнікі з розных груп. Гучалі вясёлыя песні-віншаванні, кранальныя вершы, прысвечаныя тым, хто працуе з маленькімі лагайчанамі. І старэйшыя, і малодшыя дзеці выступілі з харэаграфічнымі пастаноўкамі. Разнастайныя танцы паказалі выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Непаседы».
Вядучыя расказалі пра гісторыю і калектыў установы, якую сёння наведваюць 150 дзяцей. Усе ўмовы для іх выхавання, паўнацэннага і рознабаковага развіцця, бяспечнага і здаровага асяроддзя ствараюць 35 супрацоўнікаў – педагогаў, памочнікаў выхавальнікаў, павароў, вартаўнікоў і іншых.
– У нас вельмі дружны калектыў, у якім адказныя, сумленныя работнікі з добрымі, адкрытымі сэрцамі, – адзначыла загадчык установы Ірына Аўчыннікава, якая працуе тут з 1981 года, а кіруе садком ужо 20 гадоў. – Радуе, што сюды вяртаюцца тыя, хто сам у дашкольным узросце праводзіў тут час. Сярод іх, напрыклад, выхавальніцы Таццяна Шапкова, Ксенія Халадзінская, настаўнік-дэфектолаг Кацярына Касьянава. І бацькі, былыя нашы дашкольнікі, прыводзяць сюды ўжо сваіх дзетак.
Ірына Анатольеўна пажадала, каб сонечнае святло з акенцаў іх добрага, утульнага садка асвятляла людзей цяплом і пяшчотай, каб дзеці з ахвотай наведвалі яго. А сённяшнім і былым калегам выказала пажаданні дабрабыту, шчасця, добрага настрою, усяго найлепшага пад мірным небам.
На фотавыставе «Наш любімы дзіцячы садок» можна было ўбачыць здымкі з групамі і педагогамі розных часоў, датаваныя 1976-м і пазнейшымі гадамі. З групавых партрэтаў упэўнена паглядалі на ўдзельнікаў свята маладыя выхавальніцы, якія выпусцілі не адно пакаленне дашкольнікаў, а зараз, запрошаныя на святочны канцэрт, з настальгічным настроем узгадвалі былыя часы. Ім сённяшнія выхаванцы прысвяцілі прыгожы танец і падарылі кветкі.
– Мы сёння тут сабраліся і ўспомнілі нашы працоўныя будні, цудоўныя вечары і канцэрты, – падзялілася ўражаннямі Таццяна Наркевіч, якая 45 гадоў, з 1976-га працавала тут музычным кіраўніком. – Вялікі дзякуй за арганізацыю цудоўнага мерапрыемства, цёплы прыём. Хочацца выказаць самыя лепшыя пажаданнні вам, прадстаўнікам высакароднай прафесіі, няхай дзеці вас заўсёды радуюць.
Фінальным акордам сустрэчы стаў творчых нумар работнікаў дзіцячага садка, якія разам выканалі душэўную лірычную песню.
Алена Масцерава.