Новости
Больш за 100 экспанатаў: у Лагойску адкрылася выстава аўтарскіх лялек
главное
39 дня(-ей) назад
2
4

Прэзентацыя выставы «Білет у казку» прайшла 19 сакавіка ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. У выставачнай зале жыхары Лагойска мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з калецыямі лялек, але і з іх аўтарам з Жодзіна Кацярынай Тарасенка.

Пытанняў да галоўнай гераіні прэзентацыі было шмат: пачынаючы ад тэхнікі стварэння экспанатаў да магчымасці набыць аўтарскую ляльку.

Кацярына Аляксандраўна шчыра дзялілася з прысутнымі сакрэтамі сваёй творчасці. Яна працуе вядучым мастаком Палаца культуры БелАЗ і займаецца афармленнем сцэн, спектакляў, фотазон, стварае дэкарацыі для розных мерапрыемстваў. А творчасцю займаецца ў вольны час. Сярод яе захапленняў таксама мастацкі жывапіс, валянне з воўны, скульптура, вырабы з па’е-машэ, макрамэ і іншыя. Але галоўнае хобі – менавіта лялькі, якіх за 6 гадоў яна стварыла ўжо больш за 100 экспанатаў. Галоўным матэрыялам для іх стала палімерная гліна, якая запякаецца.

Кожная лялька мастачкі арыгінальная і непаўторная, кожную аўтар прадумвае да дробязяў і стараецца давесці да ідэалу, таму ўсё яны для яе – як дзеці, і продажам сваіх вырабаў яна не займаецца.

Дарэчы, школьнікі, што прыйшлі на адкрыццё выставы, уважліва разглядалі лялек, займаліся іх падлікам, горача абмяркоўвалі казачных герояў, якіх пазналі, і з задавальненнем фатаграфаваліся з Бабай Ягой у адпаведнай фотазоне.

– Мне вельмі спадабаліся Баба Яга, Папялушка, Беласнежка і героі казкі «Бураціна», – падзялілася вучаніца 3 «А» класа Сярэдняй школы № 1 г. Лагойска Каця Лашкевіч. – Я хачу падзякаваць стваральніцы такіх чароўных лялек за тое, што яны падымаюць настрой. Цікава было разглядаць фігуры, якія расказваюць пра беларускую гісторыю.

Сапраўды, калекцыя лялек, прысвечаных гісторыі нашай зямлі, ад Рагнеды і Рагвалода да Францішкі Уршулі Радзівіл, уражвае. А пачыналася яна з серыі «Вялікія жанчыны Беларусі», да якой з часам далучыліся і мужчынскія персанажы. Каб рабіць такіх лялек, мастачка вывучае шмат матэрыялаў, знаходзіць партрэты прататыпаў, стараецца перадаць не толькі тагачасныя модныя тэндэнцыі, а ў першую чаргу – характары рэальных гістарычных асоб.

Шмат добрых слоў выказалі Кацярыне Тарасенка наведвальніцы дзённага аддзялення для пажылых, якія нават запрасілі яе да сябе з якім-небудзь творчым майстар-класам.

– Гэта галоўная мэта такой выставы – выклікаць пазітыўныя эмоцыі ў людзей, радасць і захапленне, – прызналася аўтар. – І ўся гэта станоўчая энергетыка вяртаецца да мяне, становіцца найлепшай узнагародай маёй творчасці. Хочацца прыносіць людзям радасць.

Выдатным фонам для арыгінальных лялек сталі карціны, пераважна пейзажы Уладзіміра Шнарэвіча і Андрэя Лычкоўскага, з фондаў музея, дырэктар якога Святлана Гамеза падзякавала Кацярыне Тарасенка за такую цудоўную выставу і запрасіла яе да далейшага творчага супрацоўніцтва.

Алена Масцерава.