Новости
Лагайчанкі сталі прызёрамі міжнароднай выставы
главное
2432 дня(-ей) назад
2
4

Чэшская вёска Лідзіцэ мае такі ж трагічны лёс, як і наша Хатынь. У 1942 г. фашысты правялі тут карную аперацыю, падчас якой былі расстраляны 172 мужчыны, вывезены ў канцлагер 195 жанчын, амаль усе дзеці загінулі ў газавай камеры, а на месцы вясковых вуліц засталося папялішча… Адразу пасля вайны тут з’явіўся музей, новае паселішча Лідзіцэ было адбудавана непадалёку. У 1967-м у памяць пра загінуўшых у войнах дзяцей была арганізавана Міжнародная выстава мастацкіх твораў дзяцей Лідзіцэ, у якой штогод прымаюць удзел больш за 20 тысяч работ юных мастакоў з усяго свету.

Сёлета падводзіліся вынікі 45-й па ліку выставы, што была прысвечана тэме падарожжаў. Яе ўдзельнікамі сталі дзеці з 83 краін (25690 работ). Прызамі былі адзначаны 1289 работ, з якіх 248 атрымалі медалі Лідзіцкая ружа. Прыемна казаць, што 5 беларускіх работ заваявалі высокую ўзнагароду. І асабліва хочацца падкрэсліць, што 3 медалі атрымалі навучэнцы Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. Гэта вучаніцы педагога Вікторыі Андрушынай — лагайчанкі Яна Грыневіч (“Успамін пра лета”, камбінаваная тэхніка),

Лізавета Паплёўка (“У чаканні”, жывапіс)

і Ганна Дэйнар (“Дэжавю” і “Нараджэнне раніцы”, фотаздымак).

Не так даўно дзяўчаты вярнуліся з Лідзіцэ, куды былі запрошаны на святочную цырымонію ўзнагароджання пераможцаў.

— Гэта была выдатная падзея, — падзялілася ўражаннямі іх выкладчыца Вікторыя Андрушына. – Нас гасцінна сустракалі, а само мерапрыемства пакінула толькі пазітыўныя эмоцыі. Дзяўчынкі атрымалі ўзнагароды, падарункі і рэпрадукцыі сваіх работ. Таксама мы прысутнічалі на адкрыцці выставы ў Лідзіцкай галерэі, дзе размешчаны працы пераможцаў. Акрамя таго для ўсіх удзельнікаў правялі экскурсію па мемарыяльным комплексе. Прыемна, што старанная праца, адказнасць маіх вучаніц атрымалі такую высокую ацэнку.

Таццяна КРЭНЬ.