Новости
"Пазнаёмімся бліжэй": ксёндз Павел Слука
главное
124 дня(-ей) назад
2
4

Перадсвяточныя дні ў пробашча рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ў Лагойску Паўла Слукі выдаліся напружанымі.

- Акрамя набажэнстваў трэба, напрыклад, адпяваць памерлых, а яшчэ, па дамоўленасці, у любы дзень хрысціць людзей, -- патлумачыў ён пры сустрэчы. – Ведаеце, учора я пахрысціў жанчыну, якой споўнілася 89 гадоў.

- Праўду кажуць, што  павярнуцца да Бога ніколі не позна.

- Сапраўды, дарога да яго ў кожнага свая, -- разважаў святар. – Адны нараджаюцца ў веры, другія звяртаюцца да Бога тады, калі трапляюць у складаную сітуацыю і спадзяюцца на выратавальную сілу Езуса.

- А як пачынаўся ваш шлях не проста веры, але і служэння Касцёлу?

- Я нарадзіўся ў сям’і вернікаў у Лідзе. І колькі сябе памятаў, наведваўся разам з дарослымі ў касцёл, які знаходзіўся недалёка ад нашага дома. З часам стаў дапамагаць ксяндзу падчас службаў і вырашыў, што таксама стану святаром. Гэта быў час, калі вернікі маглі без страху прыходзіць у храмы і ўдзельнічаць у набажэнствах. Праўда, за духоўнай асветай давялося адправіцца ў польскі горад Познань, дакладней на багаслоўскае аддзяленне універсітэта імя Адама Міцкевіча, пасля якога атрымаў дакумент магістра багаслоўя.

- І з ім прыбылі…

-У Стаўбцы, дзе некалькі месяцаў быў вікарыем у мясцовым касцёле. Затым больш года служыў ў старажытным храме ў вёсцы Новы Свержань. У Лагойск мяне накіравалі ў 2008 годзе.

- І якімі былі вашы першыя ўражанні?

- Мне і горад адразу спадабаўся, і касцёл Святога Казіміра, і парафіяне. Духоўнае жыццё аказалася на дастаткова высокім узроўні. Але яно не стаіць на месцы, а ўвесь час развіваецца, удасканальваецца. Тым больш, што і тады, і цяпер трэба апякаць парафіі ў Корані і Юркавічах. Вырашаць арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні. Я з вялікім задавальненнем займаўся ўсім гэтым.

- Але раптам вас накіравалі ў Клецк. З чым было звязана такое рашэнне?

- Там узніклі цяжкасці ва ўзаемаадносінах парафіян. Неабходна было супакоіць людзей. Палічылі, што лепш заняцца гэтым новаму чалавеку, які не меў бы прыхільнасці да кагосьці і мог заставацца максімальна аб’ектыўным. Шчыра кажучы, давялося прыкласці нямала намаганняў і часу для таго, каб выправіць становішча. З Божай дапамогай усё ўсталявалася, і жыццё парафіі наладзілася.

- Цяпер вы ізноў вярнуліся на Лагойшчыну.

- Тут адбыліся перамены. Першай радаснай навіной стала тое, што колькасць вернікаў, якія наведваюць набажэнствы, павялічылася. Сярод іх нямала шматдзетных сем’яў. Тады прыйшла думка ладзіць нядзельную службу для дзяцей. Такім чынам падтрымліваецца іх інтарэс да таго, што адбываецца ў касцёле, не толькі на занятках у нядзельнай школе, але і непасрэдна, так бы мовіць, увідавочку.

- Але дзеці вырастаюць і выходзяць у самастойнае жыццё. Ці ёсць у вас упэўненасць, што яны будуць і далей крочыць выратавальнай дарогай веры?

- Гэта скаладае пытанне, бо лёс кожнага чалавека – асабісты. Аднак я спадзяюся, што тыя духоўныя парасткі, якія мы імнемся ўзрошчваць ў іх душах, не змарнеюць, а будуць мацнець добрымі справамі, уменнем пераадольваць спакусы, якія чакаюць іх у жыцці. Тут вельмі важна, каб мудрым словам падтрымлівалі моладзь бацькі. А для таго, каб тыя маглі атрымаць духоўны вопыт, у касцёле праводзіцца работа з маладымі сем’ямі. У нас існуюць тры суполкі па 3-4 сям’і, якія збіраюцца разам і з удзелам святара абмяркоўваюць хвалюючыя іх пытанні.

- Пакуль мы гаварылі пра Лагойск. А як абстаяць справы ў вёсках?

- У Корані існуе прыстасаваны пад храм дом, дзе ладзіцца нядзельная імша. У Юркавічах цяпер ёсць добраўпарадкаваная капліца на месцы, дзе калісьці стаяў касцёл. На святы там таксама праходзяць набажэнствы.

- Акрамя вас у раёне служыць яшчэ адзін каталіцкі святар – Тамаш Маліноўскі, які апякае плешчаніцкую частку вернікаў. А каму вы падпарадкоўваецеся?

- Мы адносімся да Вілейскага дэканату. Вось і днямі былі там на сустрэчы светароў, падводзілі вынікі свайго служэння  і абмяркоўвалі планы на будучае.

- Ці можаце вы прыгадаць падзею адыходзячага года, якая, як кажуць, сагрэла вашу душу?

- Ведаеце, літаральна ўчора я быў ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Там пражываюць вернікі, з якімі я сустракаюся, і прасіў, каб для гэтага адвялі пакойчык. Раптам да мяна падышла адна з работніц і ўзгадала такую гісторыя. Аказваецца, калі ў іх хварэла маленькае дзіця, мяне прасілі наведацца ў аддзяленне рэанімацыі і памаліцца за немаўля. На другі дзень яго стан значна палепшыўся. Жанчына шчыра дзякавала, хаця мінула столькі часу. Мне працяг гэтай гісторыі быў невядомы. І таму вельмі парадавала, што звяртанне да Бога было пачута. Ён нябачна стаіць побач з намі і ў радасныя, і ў цяжкія хвіліны, кад патрымаць і дапамагаць далей крочыць па жыцці. Трэба толькі шчыра верыць, пусціць Езуса ў сваё сэрца і душу. 

- Ксёндз Павел, засталося зусім мала часу да свята Божага нараджэння. Як правядуць яго парафіяне?

- У іх будзе магчымасць паспавядацца перад святам. У нядзелю ранішнія набажэнствы пройдуць, як звычайна, а ў 22 гадзіны пачнецца святочнае. У панядзелак увесь каталіцкі свет будзе славіць Божае Дзіцятка, якому наканавана было стаць Выратавальнікам роду людскога.

Я віншую ўсіх з гэтай светлай падзеяй і жадаю, каб яе цеплыня ніколі не пакідала нас.

Гутарыла Валянціна КОРЗУН.

Фота Святланы Жолуд.