Новости
“Дарога да святыняў” пралягла праз Лагойшчыну
главное
234 дня(-ей) назад
2
4

У невялікім населеным пункце Віцебскай вобласці Гарадку 2-3 верасня пройде 30-ы юбілейны Дзень беларускага пісьменства. Яго арганізатары паклапаціліся аб тым, каб свята было насычаным, цікавым і запамінальным.

Па традыціі яму папярэднічае навукова-асветніцкая экспедыцыя, у склад якой уваходзяць святары, вучоныя, пісьменнікі, артысты, грамадскія дзеячы. За гады свайго існававання яны праехалі амаль 40 000 км, прайшлі пешай хрэснай хадой каля 1000 км, выступілі прыблізна ў 3000 аўдыторыях, наведалі сотні населеных пунктаў.

У экспедыцыі ёсць свае традыцыі. Яна выпраўляецца ў шлях ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Раніцай 30 жніўня тут прайшоў малебен з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніаміна, які  благаславіў “Дарогу да святыняў”, што нясе людзям слова пра Бога, любоў, мір і стваральную працу, а таксама знаёміць з духоўнай і культурнай спадчынайнашага народа.

Першым прыпынкам экспедыцыі яшчэ па адной традыцыі становіцца ўрочышча Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна. Менавіта тут у 1983 годдзе пры будаўніцтве дарогі ў коўш экскаватара трапіла цудатворная ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Спачатку яна была абразам дамавой царквы мітрапаліта Філарэта, а затым перайшла ў сталічны храм у гонар свяшчэннапакуініка Уладзіміра Хіраскі, які апякае вернікаў са слабым зрокам і невідушчых.

--Ікона ціснёная металічная, таму гэтыя людзі чытаюць яе рукамі, -- патлумачыў захавальнік абраза, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лапата-Загорскі, які з'яўляецца кіраўніком экспедыцыі.

Гэтая ікона з 2000 года суправаджае “Дарогу да святыняў”, як і непагасная лампада з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга, ад якога запальваюцца тысячы свечак у гарадак і вёсках Беларусі.

Наведвалася экспедыцыя  ў свой час і ў Лагойск. Тады каля храма Свяціцеля Мікалая былі пасаджаны дрэўцы. Гэтая традыцыя носіць назву “Малітоўны сад”.

У 2006 годзе “Дарога да святыняў” праходзіла праз Плешчаніцы. Яго жыхары чакалі гасцей, нягледзячы на моцны дождж. Аднак як толькі  з аўтобуса вынесці лампаду з агнём ад Гроба Гасподняга, дождж спыніўся на час сустрэчы, якая праходзіла на плошчы каля будынка сельвыканкама.

І вось 30 жніўня 2023 года ўсё паўтарылася. Сустракаць экспедыцыю хросным ходам прыбылі на пасялковую плошчу вернікі мясцовага храма, а таксама з Акалоўскага і нават Крайскага прыходаў, жыхары Плешчаніц.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся святар Аляксандр Пачопка, які падкрэсліў важнасць сустрэч у такіх невялікіх населеных пунктах і аддаленых вёсках, пра якія пралягае шлях экспедыцыі. А протаіерэй Мікалай Анікееў падзякаваў да магчымасць далучэння да духоўнай лампады.

Хросным ходам вернікі скіраваліся ў мясцовы храм першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

Не паспелі яны пераступіць парог царквы, як пачаўся дождж з моцнымі парывамі ветру. У нейкі момант згасла электрычнае святло, і малебен праходзіў у той асабліва цёплай атмасферы, якую надавалі яму агеньчыкі свечак, што асвячалі абразы Госпада Бога, Багародзіцы і святых, якія слухалі словы шчырага звяртання да іх.

Электрычнае святло з’явілася пасля таго, як людзі запалілі лампады і свечкі ад жыватворнага агню.

Пасля малебна ў Цэнтры культуры адбылася сустрэча з творчай групай экспедыцыі. Свае вершы прачытаў вядомы беларускі паэт Вадзім Спрынчак і маладая паэтэса Марына Лайкова. А Генадзь Пашкоў не толькі пазнаёміў з  творамі сваёй новай кнігі, але і падзяліўся ўражаннями ад наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь” і адчыненай там царквы, куды таксама быў дастаўлены агонь ад Гроба Гасподняга.

- Мы прыехалі адтуль у поўным сэнсе чыстымі, -- заўважыў пісьменнік. – Малітвай ачысцілі душу, а цела абмыў шчодры дождж.

Сапрўдным падарункам для ўсіх стала выступленне музычнай капелы “Санорус”, у рэпертуары якой шмат духоўных твораў.

Трэба сказаць, што шлях экспедыцыі пралягаў і праз Янушкавічы, дзе яе ўдзельнікаў шчыра віталі мясцовыя жыхары. А месцам сутрэчы стала царква  Ражджства Багародзіцы, дзе і малітва гучала, і вершаныя словы аб любові да Бога. А дамоў вернікі вярталіся з лампадкамі, запаленымі ад жыватворнага агню.

Валянціна КОРЗУН.