Новости
“Дарога да святыняў” пройдзе праз Плешчаніцы і Янушкавічы
главное
269 дня(-ей) назад
2
4

У першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ён пройдзе ў населеным пункце Гарадок Віцебскай вобласці і будзе 30-м па ліку. Неад’емнай часткай гэтага свята з’яўляецца навукова- асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая пачынаецца напярэдадні ўрачыстасці і працягваецца пяць дзён.

За гэты час прадстаўнікі духавенства, дзеячы навукі, культуры і мастацтва наведваюцца ў гарады і вёскі. У цэрквах праходзяць службы, адбываюцца сустрэчы ў навучальных установах, бальніцах, працоўных калектывах, падчас экспедыцыі саджаюць Сады веры. На сустрэчах ідзе гаворка пра захаванне духоўных каштоўнасцей, традыцый беларускага народа, яго культурных здабытках.

Свой шлях экспедыцыя пачынае ў Мінскім кафядральным саборы з благаславення мітрапаліта і абавязкова скіроўваецца на Святое поле ў Баранавіцкім раёне, дзе 40 гадоў назад была знойдзена шляхаводная ікона экспедыцыі – цудатворны Загор’е-Сталавіцкі абраз Пакрову Прасвятой Багародзіцы.

І толькі пасля малітвы ў мясцовым храме пачынаецца вандроўка з іконай і лампадай з агнём ад Труны Гасподняй па Беларусі. У 2006 годзе экспедыцыя праходзіла праз г. п. Плешчаніцы. А 30 жніўня ён будзе зноў сустракаць гасцей, якія наведаюцца таксама ў вёску Янушкавічы.

Сёння ў Доме культуры гарадскога пасёлка адбылася сустрэча работнікаў асветы і культуры з арганізатарамі экспедыцыі. Спачатку яе кіраўнік і галоўны захавальнік цудатворнай іконы Аляксандр Лапата-Загорскі прадаставіў слова лагайчанцы Вользе Мазго, якая больш за 20 разоў крочыла маршрутамі “Дарогі да святыняў”.

Вольга Аркадзьеўна падзялілася тымі ўражаннямі, якія назаўсёды застаюцца ў памяці. Кожны храм мае сваю гісторыю, а жыхары – непаўторны дыялект і адмысловыя традыцыі.

Святар Аляксандр Пачопка распавядаў аб тым, як сустракаюць нашы суайчыннікі Жыватворны Агонь і беражліва нясуць гэтую святыню ў свае дамы. Пісьменнік Генадзь Пашкоў усхвалявана гаварыў пра свае пачуцці, звязаныя з хрышчэннем у Іардане, і пра радасць, што свята адбудзецца на яго роднай Віцебшчыне. А колькі цудоўных здымкаў зрабіў за столькі гадоў пастаянны ўдзельнік экспедыцыі Аляксандр Лабада. Кожны кадр – гэта подых гісторыі. Фотажурналіст узгадаў самыя яскравыя з іх. Несумненна, фотаархіў экспедыцыі папоўніцца і прыгожымі кадрамі, зробленымі на Лагойскай зямлі.

А тыя, каму пашчасціць пабываць на свяце ў Гарадку, атрымаюць асалоду ад спаткання з таленавітымі людзьмі. Як зазначыў прадстаўнік арганізацыйнага камітэту ўрачыстасці Юрый Гуляка, яскравай кропкай яе стане канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі.

Валянціна КОРЗУН.