Новости
Свята адзначыла вёска Чабатары
главное
454 дня(-ей) назад
2
4

Сёлета гэтаму населенаму пункту Швабскага сельсавета споўнілася 126 гадоў. Цяпер у Чабатарах жывуць два дзесяткі вяскоўцаў. Аднак на свята народу сабралася ледьве не ў 10 разоў больш.

– І гэта не дзіўна, – зазначыла старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Тупік, якая сама нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы. – Справа ў тым, што ў кожнай сям’і было па 5-7 дзяцей. І хаця лёс раскідаў іх па розных мясцінах, малую радзіму яны не забываюць. Даглядаюць бацькоўскія хаты і будуюць новыя дамы. Так што жывуць Чабатары.

Арганізатары свята падрыхтавалі праграму, што адлюстравала розныя старонкі жыцця вёскі, якія пісалі яе жыхары. Самая сталая з іх – Станіслава Ёж. У красавіку ёй споўнілася 95 гадоў. Галоўнае шчасце жанчыны – пяцёра дзяцей, дзевяць унукаў і шаснаццаць праўнукаў.

І такіх вясковак нямала. Усіх іх выклікалі на імправізаваную сцэну, каб падзякаваць за шматгадовую сумленную працу, выхаванне дзяцей і жыццёвую мудрасць.

Цёплыя словы прагучалі і ў адрас Зінаіды Арыніч, сын якой загінуў у Афганістане.

А калі віншавалі Франца і Валянціну Аляшкевічаў, якія пражылі разам 66 годаў, а таксама Міхаіла і Аліну Конаннавых, што рыхтуюцца да 60-гадовай даты, прысутныя танчылі разам з паважанымі юбілярамі.

Па традыцыі на свяце адзначылі лепшае падвор’е. Ім прызнана сядзіба старасты Чабатар Галіны Шэўчык. Менавіта каля яе і праходзіла свята.

Настрой стваралі ўдзельніцы вакальнага гурта “Швабскія весялухі”. А ў ролі вядучай выступала загадчык ФАПа Наталля Мазоўка.

Свята атрымалася надзвычай шчырым. З ім павіншавала вяскоўцаў старшыня раённага Света дэпутатаў Людміла Муравіцкая.

І хаця даволі працяглая ўрачыстасць завяршылася, людзі яшчэ доўга не расходзіліся. Дзяліліся ўспамінамі і навінамі.

Валянціна КОРЗУН.