Новости
Беларусы замежжа пабывалі на Лагойшчыне
главное
545 дня(-ей) назад
2
4

Да нас завіталі 40 беларусаў, што жывуць у розных краінах. Палову дэлегацыі складалі прадстаўнікі Латвіі, Літвы і Эстоніі. Ураджэнка Бабруйска прыехала са Злучаных Штатаў Амерыкі, дзве жанчыны – з Італіі, астатнія прадстаўлялі розныя рэгіёны Расійскай Федэрацыі.

Беларускі рэспубліканскі Цэнтр нацыянальных культур штогод праводзіць творчыя стажыроўкі для прадстаўнікоў беларускіх дыяспар. На гэты раз было запланавана знаёмства з культурным жыццём Лагойшчыны.

На ганку гарадскога Дома культуры гасцей з песнямі і караваем сутракала наша “Жывіца”.

Спачатку яны маглі пазнаёміцца з выставай гумарыстычных палотнаў мастака Сяргея Давідовіча. А затым гасцей запрасілі ў залу і прапанавалі майстар-клас на народным танцы.

Шчырымі воплескамі ўзнагародзілі гледачы выступленне народнага калектыву фальклорна-бытавога танца “Суботка”. Яго мастацкі кіраўнік Наталля Гушчына прапанавала ўсім развучыць кампазіцыю “ На рэчанцы”. Жадаючых  аказалася столькі, што яны ледзьве ўмяшчаліся на сцэне. А затым, як станчылі адзін танец, папрасілі асвоіць яшчэ і гапак.

Па душы быў і другі майстар-клас, калі разам са спявачкамі “Шчодрыцы” ўсе выконвалі вясёлую песню “Самаварчык”.

Не паспелі госці апамятацца ад атрыманых станоўчых эмоцый, як іх чакалі новыя, праўда, крыху іншыя. І звязаны яны былі са знаёмствам з багатай гісторыяй Лагойска, з якой іх пазнаёміла супрацоўніца музея Вера Казак, і  часцінкай гэтай гісторыі – царквой Свяціцеля Мікалая, дзе адбылася размова са святаром Уладзімірам Шайдаком.

Не меншае захапленне чакала гасцей на базе адпачынку ў Расохах. Яны не маглі налюбавацца мясцовамі краявідамі, зачараваліся творчасцю народных майстроў з Лагойскага Дома рамёстваў, якія не толькі прадставілі свае вырабы, але і прапанавалі жадаючым далучыцца да творчага працэсу. Гэтай магчымасцю спаўна скарысталася Ніна Пээрна з Таліна, дзе яна ўзначальвае “Беларускі цэнтр вучобы і развіцця”. Спачатку Ніна Аляксееўна з дапамогай ганчара Івана Раманчука зрабіла прыгожы гаршчэчак, а потым прынялася за мотанку, прыслухоўваючыся да падказак Ніны Савельевай. Побач з Вольгай Кісялёвай жанчыны ляпілі з гліны. З прыгожымі сувенірамі адправіліся дадому тыя, хто вырабляў іх з саломкі пад кіраўніцтвам Кацярыны Асташэвіч. Знайшліся і прыхільнікі ткацтва. Асновы яго яны вывучалі з кіраўніком нашага дома рамёстваў Кацярынай Мароз.

Быў яшчэ адзін майстар-клас, удзел у якім прымалі ўсе без выключэння – гатавалі дранікі ў пячы і на калодах.

Ці трэба казаць, якімі шчырымі былі словы падзякі гасцей гаспадарам – работнікам культуры раёна.

Госці падзяліліся сваімі ўражаннямі, пра якія вы зможаце пачытаць у газеце "Родны край" 2 лістапада 2022 года.