Новости
Свята вёскі прайшло ў Бурых
главное
843 дня(-ей) назад
2
4

У вёсцы Бурыя з Плешчаніцкага сельсавета, у якой сёння ладзілася свята, пастаянна пражывае 10 жыхароў: Русакі, Трухан, Пракопчыкі, Беланойскія, Калунаевы. З іх - трое дзетак школьнага ўзросту.

Затое летам вёска ажывае: у бацькоўскія хаты вяртаюцца гараджане, прыязджаюць шматлікія дачнікі.

Як зазначыла стараста Ірына Беланоўская, пустых хат тут амаль не засталося, хіба дзве-тры. 

На мерапрыемстве, на якое прыйшлі ўсе жыхары, і каранныя, і дачнікі, Ірыну Анатольеўну адзначылі каштоўным падарункам як актыўнага дзеяча. Яно і не дзіўна: усе вясковыя клопаты жанчына ўзяла на сябе. Яна з задавальненнем паказала нам вёску.

-- Вось тут у нас сядзіба ўзорнага парадку, -- расказвае жанчына. -- Тут разам з дачкой і зяцем жыве, бадай, самая старэйшая наша жыхарка. Кацярыне Мяшковай споўнілася ўжо 92 гады.

Жанчына прыйшла на свята і атрымала ад сельвыканкама разам з віншаваннямі каштоўны падарунак. Як расказала жанчына, хату ў Бурых сям'я набыла спачатку пад дачу, а потым так ёй і дзецям тут спадабалася, што засталіся назаўжды.

Зарэгістравана ў Бурых яшчэ больш старэйшая жыхарка - Надзеі Пракопчык зараз 97 гадоў. Але апошнім часам яна пражывае ў дачкі ў Барысаве.

Як мы ўжо казалі, побач з старажыламі жыве тут і шматдзетная сям'я. У Вольгі і Дзмітрыя Русакоў трое дзяцей. Старэйшы сынок Уладзіслаў ужо выляцеў з бацькоўскага гнязда: зараз жыве і працуе ў Мінску. А вось малодшыя дачушкі пакуль з татам і мамай. Марыя скончыла 5 клас, Дар'я - першы. Абедзьве навучаюцца ў Плешчаніцкай першай школе, дзе іх мама працуе настаўніцай гісторыі. Дарэчы, Маша сёлета пісала навукова-даследчую працу пра вёску і заняла з ёй трэцяе месца ў раённым этапе. Зараз яна будзе прадстаўляць Лагойшчыну на вобласці. "Плануем яшчэ дапоўніць работу інфармацыяй з сённяшняга свята", -- расказала дзяўчынка.

-- Я сама з гэтай вёскі, -- расказвае Вольга Мікалаеўна. -- А муж мой, Дзмітрый, з суседняй. Мы - сапраўдныя вяскоўцы. 

Цяпер сям'я трымае толькі курак (шмат часу і сіл адбірае будоўля новага дома), а раней на падворку ў Русакоў былі і трусы, і гусі, і іншая жыўнасць.

Рыхтуючыся да свята, жыхары Бурых арганізавалі выставу даўніны: сюды, на месца правядзення мерапрыемства, яны неслі вышываныя рушнікі, саматканыя посцілкі, самаробныя прылады працы. 

Уладальнік самага цікавага экспаната -- НІна Лапковіч -- была ўзнагароджана падарункам.

-- Гэтыя сярпы яшчэ маёй бабулі, -- расказала Ніна Карпаўна. -- Яна жала імі жыта яшчэ ў сваю маладосць.

Душэўныя спевы, музыка і смех гучалі ў вёсцы яшчэ доўга. Мала хто з жыхароў пакінуў свята без падарунка: сельвыканкам адзначыў амаль кожнага з жыхароў Бурых.

Добры настрой і цудоўныя песні дарылі вяскоўцам народны калектыў "Хатавіцкія музыкі" і артысты Плешчаніцкага цэнтра культуры.

Ірына Станкевіч.