Новости
Пачаўся тыдзень дзіцячай кнігі
главное
2226 дня(-ей) назад
2
4

Традыцыйны тыдзень дзіцячай кнігі, які штогод аб’ядноўвае юных прыхільнікаў друкаванага слова, распачаўся ў нашым раёне. А адкрыўся ён святам “Кніжкіны імяніны”, якое прайшло ў актавай зале гарадской школы мастацтваў.

Вядучай мерапрыемства стала дырэктар раённай дзіцячай бібліятэкі Кацярына Сіняк. Яна прывітала хлопчыкаў і дзяўчынак і паклікала ў госці каралеву Кнігу (яе ролю выканала бібліятэкар Вольга Варанько), якая расказала пра работу дзіцячай бібліятэкі. Вясёлыя бабкі Ёжкі праводзілі з дзеткамі конкурсы і загадвалі загадкі, а за правільныя адказы ўзнагароджвалі медалямі.

Атрымалі свае падарункі і актыўныя чытачы дзіцячай бібліятэкі. Самым юным наведвальнікам стаў Мірон Кулічэнка (на здымку з мамай), самым удумлівым чытачом стала Анастасія Залуцкая, самым лепшым знатаком казак назвалі Цімафея Зялёнку, званне “Пакаральніка лабірынтаў фантастыкі і прыгод” атрымала Мілана Лейчанка, а Кацярына Тарлецкая перамагла ў намінацыі “Самы разумны чытач”.

Якое ж свята без музыкі і танцаў! Добры настрой падтрымлівалі нумары танцавальнага калектыву “Квецень” (кіраўнік Ала Каліна) і музычнага “Забава” (педагог Таццяна Зялёнка), а таксама ансамбль цымбалістаў, якім кіруе Галіна Асмалоўская. Сольнымі выступленнямі парадавалі Вікторыя Чумак, якая спела вясёлую песеньку пра рыбу-пілу, і юны акардэаніст Уладзімір Янкоўскі.


А пасля ўсе, хто прысутнічаў у зале, трапілі ў  казачны свет творчасці дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, якая таксама стала госцяй “Кніжкіных імянін”. Аўтар прадстала перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў вобразе чароўнай феі, якая скончыла чароўную акадэмію казак для таго, каб навучыцца пісаць творы для дзяцей. Затым фея пазнаёмілася з маленькімі ўдзельнікамі свята падчас чытання жартоўнага верша, а пасля прадставіла свае творы і іх галоўных герояў.



Першай кнігай пісьменніцы стала “Падарожжа ў чароўны лес”, затым з’явілася “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Казкі Сіняй падушкі”, “Казкі сівой даўніны”,

“Код геніяльнасці”, “Казкі чараўніцы Зімы”, “Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка”. Кацярына Станіславаўна расказвала не толькі пра герояў кніг, але і пра машыну часу, якая дапамагае перамяшчацца ў часе і на самыя розныя адлегласці. Многія здагадаліся, што ёй з’яўляюцца кнігі, якія і сапраўды здольныя перанесці чытачоў у іншы свет – свет аўтарскай фантазіі.


А тыдзень дзіцячай кнігі працягнецца шэрагам мерапрыемстваў, якія запланаваны ў гарадской дзіцячай бібліятэцы.
Так, 26 сакавіка тут пройдзе гадзіна гумару “Смех, ды і толькі”. На 27 сакавіка запланаваны агляд навінак “Навінкі з кніжнай карзінкі”. У сераду, 28-га пройдзе віктарына “Дэтэктыўнае агенцтва “Пошук”. Закрые тыдзень мерапрыемства “С книгами знаться – ума набираться”, якое адбудзецца 29 сакавіка.
Таццяна КРЭНЬ