Новости
На фестываль "У добрым родзе -- усе ў згодзе" ў Лагойску сабраліся сямейныя калектывы з усёй Міншчын
главное
761 дня(-ей) назад
2
4

Сёння ў Лагойскім раённым Цэнтры культуры праходзіла надзвычай цёплае мерапрыемства, якое сабрала творчыя калектывы з розных раёнаў Мінскай вобласці. Да нас прыехалі рамеснікі і вакалісты, народныя ансамблі, музыкі і нават цыркачы.

- Фестываль "У добрым родзе ўсе у згодзе" праходзіць з 1998 года, месцам яго правядзення мы выбіраем розныя райцэнтры, каб іх жыхары маглі пазнаёміцца з найлепшымі творчымі здабыткамі нашай Міншчыны, --  расказала Наталля Даўнаровіч, намеснік дырэктара МІнскага абласнога цэнтра народнай творчасці. -- Адметнасць нашага фэсту ў тым, што ён рознажанравы, рознабаковы, арыентаваны на ўмацаванне прэстыжу сям'і ў грамадстве. Па выніках лепшыя сем'і прымуць удзел у рэспубліканскім фестывалі "Жывіце ў радасці", які праходзіць у Слоніме.

Трэба адзначыць, што складалася праграма мерапрыемства з некалькіх раздзелаў. У фае РЦК разгарнулася выстава работ народных майстроў. Тут можна было ўбачыць лазовыя вырабы з Любаншчыны і саламяныя -- з Салігоршчыны, саматканыя паясы з Валожыншчыны і рушнікі з Капыльшчыны, вязанне і вышыўку з Уздзеншчыны і выразаныя з дрэва прылады з Пухаўшчыны. Лагойшчыну прадстаўляла сям'я Грачыхіных, якая летась стала фіналістам раённага конкурсу "Уладар сяла".

З некаторымі творчымі людзьмі мы пазнаёміліся бліжэй. Напрыклад, Алеся і Віталь Сінькевічы прыехалі ў Лагойск з Барысава з усімі сваімі дзецьмі -- Мікітай, Палінай, Лерай і МІланай. Аснову прадстаўленай імі выставы складалі вырабы з папяровай лазы. Гэты від прыкладнога мастацтва, як дарэчы і вышыўку, стварэнне ўпрыгожанняў для дзіцячых прычосак і інш., Алеся асвоіла падчас дыкрэтнага адпачынку. З задавальненнем ёй дапамагаюць старэйшыя дзяўчаты, і з рук майстрыхі выходзяць цудоўныя кошыкі, карзіны для бялізны, вазы і г. д. Цікава, што ні Алеся, ні Віталь прафесійна не звязаны з творчасцю: яна працуе кантралёрам на заводзе, ён -- электраманцёрам, а ў тым, каб змайстраваць нешта сваімі рукамі, выйсці разам на сцэну, яны знаходзяць радасць для душы.

А вось Кацярыну Шуціла да творчасці прывёў... сын. У Кухчыцкім сельскім Доме культуры, што ў Клецкім раёне, пад кіраўніцтвам Таццяны Есіс дзеці асвойваюць майстэрства вырабаў у тэхніцы кінусайга. Гэты від творчасці прыйшоў з Японіі і ўяўляе сабой складанне пэўных выяў з лапікаў тканіны.

-- Вы ведаеце, як у нас атрымалася: сын Дзіма чатыры гады назад пайшоў на гурток, -- усміхалася Кацярына. -- Я бачыла, што яму вельмі падабаецца займацца кунісайга, і сама паспрабавала зрабіць што-небудзь прыгожае. Мне спадабалася і цяпер ужо мы ўтраіх: я, шасцікласнік Дзіма і першакласнік Ілля маем такі творчы занятак.

Кацярына прывезла ў Лагойск серыю сваіх карцін "Прыгажосць у жанчыне", у хлопчыкаў жа шмат работ па тэматыцы старых добрых савецкіх мультфільмаў.

Унікальны экспанат -- копію пасведчання канца ХІХ стагоддзя аб узнагароджанні бронзавым медалём за выраб аргана жыхара Валожыншчыны Клеанція Лямбовіча -- давялося пабачыць на стэнде сям'і Лямбовічаў.

Унучка майстра Ядзвіга расказала, што ў сям'і іх было шасцёра дзяцей. Жылі яны на хутары, змалку пелі, танцавалі, ігралі на інструментах, рабілі вырабы з гліны і іншыя. Іх тата -- Станіслаў Лямбовіч -- быў творчай асобай і свой талент перадаў дзецям

-- Вось тут каваныя з металу рэчы, якія робіць мой пляменнік, там карціны маёй сястры Лізаветы Пятроўскай, меншая наша сястра Крысціна -- народны майстар. Бачылі можа, як яна пляла тут паясы разам з сваёй нявесткай? -- паказвала на экспанаты жанчына.

Цяжка нават сказаць, чым не займаюцца Лямбовічы. А як запелі яны сцэны! Як заігралі на адмысловых народных інструментах!

Фальклорны сямейны гурт роду Лямбовічаў "Крона" стаў сапраўдным упрыгажэннем музычнай часткі фестывалю. Але не яны адны парадавалі слухачоў народнай музыкай і акапельнымі спевамі. Гурт "Радзіна" і сямейны ансамбль Палянскіх з Бярэзіншчыны, вакальны гурт "Карані" з Любаншчыны і народны ансамбль "Жывіца" з Пухаўшчыны, "Скірмантаўскія сваякі" з Дзяржынскага раёна і "Шчасціснопскія сваякі" з Чэрвеньскага і многія-многія іншыя творчыя сем'і -- усе галасістыя, музыкальныя і вельмі таленавітыя.

А як ад душы адплясваў 84-гадовы танцор Аркадзь з сям'і Бойка, што з Салігорскага раёна!

-- Заснавальнікам нашага калектыву быў Мікалай Бойка, якога, на вялікі жаль, не стала год назад, -- расказаў былы кіраўнік калектыву Валерый Бойка. -- Мы ўсе -- яго сваякі: браты, сёстры, дзеці, пляменнікі. Мой тата разам з мамай спачатку выступалі дуэтам, а потым і мы ўсе паступова ўліваліся ў калектыў. Спяваю не толькі я, але і дзве мае сястры, адна з якіх -- Ірына -- цяпер кіруе калектывам.

Валерый Мікалаевіч расказаў, што ён і яго родныя не толькі займаюцца канцэртнай дзейнасцю. Яны -- сапраўдныя адраджальнікі народнай спадчыны. Напрыклад, Бойкі праводзяць аўтэнтычныя абрадавыя святы. Адно з іх -- закалыхванне. Гэты абрад праводзіцца ў ноч напярэдадні Благавешчання. Падчас яго раскладваееца вогнішча, наладжваюцца старадаўнія гульні, а хлопцы на арэлях закалыхваюць дзяўчат, пакуль тыя не прызнаюцца, у каго яны закаханыя.

Можаце ўявіць, якія цікавыя людзі сабраліся на Лагойшчыне. Выступалі яны не толькі ў народным жанры, але і ў эстрадным, інструментальным. Сям'я Узгорак з Вілейкі паказвала акрабатычныя нумары. А сямейная цыркавая пара Кахновічаў з Жодзіна нават дазволіла гледачам пагладзіць сапраўднага маленькага кракадзіла.

Абсалютна ўсе ўдзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы і падарункі, якія ўручыла ім намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Таццяна Хмель. Віншуючы творцаў, яна адзначыла, што сёння на Лагойшчыне сабраўся сапраўдны зоркапад талентаў Міншчыны. І з гэтым, канешне, нельга не пагадзіцца.

Таццяна Хабарава.

Больш фота ў нашай групе ў "Аднакласніках" па спасылцы https://ok.ru/profile/571738278495/album/920286313055