Новости
Кніжны стэнд да Дня роднай мовы падрыхтавалі ў дзіцячай бібліятэцы
главное
960 дня(-ей) назад
2
4

Тут прадстаўлены шэраг выданняў, якія не толькі з’яўляюцца ўзорамі мастацкага ўжывання беларускай мовы, але і расказваюць пра гісторыю нашай радзімы, яе славутых сыноў і дачок.

З дапамогай кнігі Алеся Марціновіча «Хто мы, адкуль мы…» можна даведацца пра славутых землякоў, якія пакінулі значны след у гісторыі Беларусі і іншых краін (К. Астрожскі, С. Будны, В. Цяпінскі, І. Храптовіч, Р. Траўгут, Л. Бакст і г. д.). У зборніку «З крыніц адвечнай прыгажосці» прадстаўлены беларускія і ўкраінскія казкі, паданні, легенды. Кнігі па старажытнай беларускай літаратуры знаёмяць чытачоў з творамі, якія нарадзіліся на нашых землях некалькі стагоддзяў назад. Пра герояў свайго часу расказваюць выданні серыі «Асветнікі Беларусі». Паэзія Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, выдатная казка Змітрака Бядулі і творы іншых аўтараў дапамагаюць адчуць прыгажосць і багацце роднай мовы. 

Кнігі на стэндзе бачыць кожны юны чытач, які прыходзіць у бібліятэку. Шмат літаратуры на роднай мове ён можа знайсці на адпаведных паліцах. Там стаяць народныя і аўтарскія казкі, зборнікі вершаў і казак для зусім маленькіх, аповесці і апавяданні для падлеткаў. У чытальнай зале ёсць падшыўкі часопісаў на роднай мове «Вясёлка», «Бярозка», «Родная прырода».

Так што завітвайце ў Лагойскую дзіцячую бібліятэку, каб ніколі не забываць пра мову нашу – беларускую!

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.